Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Беларусь уздымецца супраць Расеі, нашы сьвятары будуць проста шакаваныя», — капэлян «ДНР»


Дыякан Павел Шульжонак, фота з сацсетак
Дыякан Павел Шульжонак, фота з сацсетак

Расейскі дыякан Павел Шульжонак, што быў духоўнікам баевікоў «ДНР», распавёў Свабодзе, чаму ён не прыняў удзелу ў Ірынінскім форуме ў Віцебску, намер наведаць які выклікаў абурэньне ў віцяблян.

8 лістапада на старонцы дыякана Паўла Шульжонка ў сацыяльных сетках зьявіўся допіс пра тое, што ён едзе ў Віцебск «на вялікі форум, прысьвечаны адзінству рускага народу».

Інфармацыя пра візыт Шульжонка выклікала абурэньне грамадзкасьці. Пасьля таго, як зьвесткі пра ягоны допіс зьявілася ў інтэрнэт-СМІ, гараджане пачалі пісаць электронныя звароты ў праваахоўныя органы — пра недапушчальнасьць выступу ў Віцебску асобаў, якія прапагандуюць міжнацыянальную варожасьць. Электронныя лісты падобнага зьместу былі адпраўленыя і ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. 10 лістапада стала вядома, што Шульжонак на канфэрэнцыі ў Віцебску не зьявіўся, але чаму так здарылася, заставалася невядомым.

Толькі цяпер Шульжонак пагадзіўся распавесьці карэспандэнту Свабоды абставіны свайго візыту ў Беларусь. Паводле яго, арганізатар Ірынінскага форуму архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры параіў яму «не сьвяціцца», бо ягоны візыт ужо набыў вялікі рэзананс у СМІ:

«Я сапраўды быў заяўлены як удзельнік, у мяне быў даклад пра цывілізацыйную ролю Расейскай Праваслаўнай Царквы. Ужо ў дарозе, калі я ехаў у Віцебск, стала вядома, што паднялася інфармацыйная хваля — прычым літаральна праз хвілін 40 пасьля майго допісу. Я даехаў да Віцебску. Але ўладыку нехта патэлефанаваў (ня ведаю, хто) і ён зь некаторым спачуваньнем сказаў, што мне лепш не сьвяціцца. Але пры гэтым ён не адмовіў мне ва ўдзеле ў іншых мерапрыемствах, таму што на самой справе форум праходзіў ня толькі ў Віцебску, але і ў Ніжнім Ноўгарадзе. Уладыка сказаў, што паколькі менавіта беларуская прэса ўзьняла шум, то ў Віцебску мне зьяўляцца ня варта. Мой удзел мог прыцягнуць увагу скандальных людзей, а мерапрыемства зусім ціхае і мірнае, яно магло быць сарванае. Таму мне давялося ўхіліцца ад удзелу непасрэдна ў самім форуме ў Віцебску — гэта значыць, прыехаў-паехаў, нічога толкам і не паглядзеў», — расказаў ён.

Шульжонак не ўпершыню прыяжджае ў Беларусь (ягоны бацька паходзіць з Рэчыцы, і дыякан неаднойчы наведваў сваіх сваякоў у Беларусі), але прызнаецца, што не чакаў такой рэакцыі грамадзкасьці на ягоны цяперашні візыт.

«Для мяне былі непрыемным адкрыцьцём існуючыя настроі. Я так зразумеў, што людзі, якія падпісваюцца ў камэнтах пад публікацыямі ў СМІ, гэта ня проста адзіночкі-„тролі“, гэта пэўнае палітычнае бачаньне Беларусі і яе стасункаў з Расеяй. Гэта быў непрыемны сюрпрыз. Ведаючы беларусаў, я думаю, што такой гістэрыі, якую ўдалося запаліць ва Ўкраіне, тут ніколі ня будзе. Іншая справа, што вельмі моцна памыляюцца расейцы, якія думаюць, што ў іх заўсёды будуць браты-беларусы, якія заўсёды за іх упішуцца і з кім заўгодна будуць ваяваць. Гэта далёка ня так. Хоць я ня думаю, што гэта выльецца ў адкрытае супрацьстаяньне», — кажа капэлян баевікоў «ДНР».

Дыякан Шульжонак лічыць, што РПЦ недастаткова робіць для супрацьстаяньня «русафобскім» настроям у Беларусі:

«У нас (РПЦ. — РС) ёсьць велізарная ілюзія дабрабыту — яна падтрымліваецца і ў Расеі, і ў Беларусі. Чамусьці наша начальства перакананае, што ўсё ня так дрэнна, хоць усё сапраўды дрэнна. Каб гэта зразумець, трэба спусьціцца на мой узровень і апынуцца ў той гісторыі, у якой апынуўся я. А калі айцы ўдзельнічаюць у пэўных прапісаных мерапрыемствах (набажэнствы, банкеты, прыёмы), калі ўсе кажуць, што ўсе мы праваслаўныя, то яны ў гэта вераць. Ня дай Бог падымецца Беларусь супраць Расеі, пачнецца Майдан, нашы сьвятары будуць проста шакаваныя — як гэта так выйшла? Таксама, як у нас падчас Майдану ў Кіеве былі ўсе зьдзіўленыя, як гэта Ўкраіна раптам аказалася татальна антырасейскай. Я баюся, што нашу царкву можа чакаць такое ж непрыемнае адкрыцьцё».

Дыякан Санкт-пецярбурскай эпархіі Павел Шульжонак зьявіўся на Данбасе летам 2014 году, ён быў духоўнікам баевікоў «ДНР». Сёлета ў кастрычніку СБУ забараніла Шульжонку ўезд на тэрыторыю Ўкраіны. Летась за фатаздымкі ў сацыяльных сетках, якія кампрамэтуюць яго як сьвятара, дыякана Паўла Шульжонка часова адхілілі ад вядзеньня царкоўных службаў.

У сваіх допісах у сацыяльных сетках Шульжонак называе беларускую мову «сьмешным і пацешным дыялектам», а Беларусь — «нашай правінцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG