Супрацоўнікі камунальнага прадпрыемства «Зелянбуд Савецкага раёну г. Менску» пачалі пілаваць дрэвы 6 сьнежня раніцай, але пад ціскам жыхароў раёну і актывістаў экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» спыніліся.
Паводле слоў каардынатара прававой службы арганізацыі Марыны Дубіны, спэцыялісты «Зелянбуда» пакінулі сквэр пасьля таго, як каля 30 жыхароў сталі пад дрэвы і каля спэцтэхнікі, перашкаджаючы высечцы, перадае БелаПАН.
«Сьсечана два дрэвы, яшчэ адно — ня цалкам. Рабочыя прыбралі гольле і зьехалі. Супрацоўнікі міліцыі, якіх раней выклікалі прадстаўнікі прадпрыемства, ня ўмешваліся, толькі здымалі ўсё на камэры і апытвалі тых, хто сабраўся, што яны тут робяць», — сказала Дубіна.
Рэшткі сьпілаваных дрэваў актывісты размалявалі чырвонай фарбай, якая сымбалізуе кроў. На дрэвах уздоўж вуліцы зьявіліся вочы — сымбаль таго, што грамадзтва заклапочанае тым, што гэтыя дрэвы могуць зьнішчыць.
Суполцы «Рымска-каталіцкая парафія сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгена дэ Мазэно» ў кастрычніку выдалі новы дазвол на правядзеньне будаўніча-мантажных працаў у сквэры Котаўка ў Сельгаспасёлку.
Раней мясцовыя жыхары сабралі больш за 500 подпісаў пад зваротам супраць забудовы сквэру Котаўка, а таксама пад заклікам да забудоўшчыкаў разгледзець альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва.
7 сьнежня ініцыятыўная група жыхароў Сельгаспасёлку плянуе абмеркаваць праблемы забудовы пасёлку і сквэру Котаўка на прыёме ў старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца.