Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў, які ваюе за Ўкраіну: Пакуль забіваць не давялося, але калі прыйдзецца — я гатовы


Васіль Парфянкоў і рэжысэрка Вольга Мікалайчык
Васіль Парфянкоў і рэжысэрка Вольга Мікалайчык

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў са сьнежня мінулага году ваюе за незалежную Ўкраіну. Ён выйшаў на сувязь з карэспандэнтам Свабоды Алегам Грузьдзіловічам з Кіева, куды заехаў на некалькі дзён з фронту, і пагадзіўся на кароткае інтэрвію, якое зацягнулася на паўгадзіны.

— Васіль, найперш хачу спытаць, ці не пашкодзіць табе гэтае інтэрвію?

— Не, баяцца мне ўжо няма чаго. У Беларусі ўжо ведаюць, што я тут ваюю, я ўжо засьвяціўся, і таму — задавайце пытаньні.

— Дзе ты ваюеш, у якім месцы фронту, у якім злучэньні, які твой статус?

— Ваюю ў добраахвотніцкім батальёне АУН — Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Пасада ў мяне — стралец, ваюем у вёсцы Пяскі, гэта пад Данецкам, побач з аэрапортам, які ўжо цалкам зьнішчаны. Адбыў першую ратацыю. Вярнуўся адтуль 14 лютага, у нас даюць адпачынак 10–15 дзён, каму як. Сёньня зноў паеду на фронт. Выяжджаем ноччу з Кіева.

— Чаму ты пайшоў ваяваць? За што ваюеш?

Парфянкоў: Украінцы і беларусы — браты, мы заўсёды былі побач, згадайце хаця б з гісторыі бітву на Сініх Водах, дзе мы біліся разам з украінцамі. А Расея — тое, што яна цяпер робіць на ўсходзе Ўкраіны, як мінімум, няправільна. Нехта называе гэтую вайну АТА — антытэрарыстычнай апэрацыяй, але насамрэч гэта ідзе вызвольная вайна супроць захопнікаў. Таму я вырашыў дапамагчы сваім украінскім сябрам. У мяне тут шмат пабрацімаў яшчэ зь першага Майдану, з Памаранчавай рэвалюцыі. Два зь іх ужо загінулі ў Ілавайскім катле. Вось вырашыў паўдзельнічаць, дапамагчы, чым змагу.

— Ці даводзілася ўжо табе забіваць?

— Не. Як такога візуальнага кантакту з праціўнікам у нас у Пясках няма. Гэта сяло, яно цалкам разьбітае, разьбітыя дамы, усё. Супроць нас больш працуюць «Градамі», артылерыяй, Бывала, калі ноччу падыходзілі блізка да нас, на кідок гранаты. Стралялі, але пакуль нікога не забіваў, не давялося.

— Ты гэтаму рады?

— Як кажуць, забіць чалавека лёгка, але як потым з гэтым жыць усё жыцьцё? Гэта вельмі цяжка. Але, у прынцыпе, я і на гэта гатовы, гэта ж вайна. Калі прыйдзецца, дык буду страляць і забіваць. Калі ня ты, дык цябе. А як інакш? Але я задаволены, што пакуль мне гэта рабіць не давялося.

— Як ты ацэньваеш стан украінскага войска? Чаму яны церпяць паразу за паразай? Ці праўдзівыя размовы пра прадажнасьць вышэйшых вайскоўцаў?

— Ведаеце, такое можа быць. Кадравае ўкраінскае войска не зразумела, чаго яно дамагаецца. Іншым разам можа сапраўды скласьціся ўражаньне, што іх кіраўнікі адмыслова «зьліваюць» сытуацыю. Бо вось ёсьць замірэньне, а па нас лупяць і «Градамі», і артылерыяй. Але ўкраінскія армейцы на гэта ніяк не адказваюць — маўляў, у іх загад. А добраахвотніцкія батальёны ў гэтым сэнсе больш гнуткія, свабодныя. Мы, калі што, можам і кінуць гэты аўтамат ды пайсьці дахаты. Але мы стаялі на сваіх пазыцыях і будзем стаяць. Бо калі ня мы, дык хто?

Мы, калі што, можам і кінуць гэты аўтамат ды пайсьці дахаты. Але мы стаялі на сваіх пазыцыях і будзем стаяць. Бо калі ня мы, дык хто?

А што да паразаў, дык не скажу, што баяздольнасьць украінскіх часьцей нізкая. Той жа Ілавайскі кацёл адбыўся, мяркую, з-за няздатнасьці вайсковага кіраўніцтва. Бо калі хлопцы заходзілі ў Ілавайск, горад ужо з трох бакоў быў у атачэньні. Туды загналі вялікую групоўку войскаў, іх там атачылі і адсеклі, а калі гэта стала зразумела, кіраўнікі пачалі дамаўляцца з расейцамі пра нейкія калідоры. Хоць я не разумею, якія дамовы могуць быць з тэрарыстамі. І вось калі яны выходзілі гэтым калідорам, то якраз там і былі самыя вялікія страты — іх проста расстрэльвалі з танкаў, з «Градаў» ды ўсяго астатняга.

— Што можаш распавесьці пра іншы бок канфлікту? Што гэта за людзі? Каго больш — расейскіх наёмнікаў ці мясцовых? Ці ёсьць каўказцы? Ці даводзілася з кім кантактаваць? Браць у палон? Што яны кажуць?

— Асноўная частка, якая супроць нас ваюе ў Пясках, — гэта частка палявога камандзіра Матаролы. І яшчэ група Гіві, але яна больш спэцыялізуецца на дывэрсіях, на выведцы. Закладваюць фугасы, расьцяжкі ставяць. А ў Матаролы ёсьць усе — і каўказцы, і кадыраўцы, і расейцы. Дарэчы, вось за два дні да маёй ратацыі нашы ўзялі ў палон беларуса. Затрымалі двух сэпаратыстаў, і адзін зь іх быў з Маладэчна, я краем вока бачыў ягоны пашпарт. Але я не пасьпеў зь ім пагаварыць, бо стаяў на пасту, а калі вызваліўся і прыйшоў у штаб, яго ўжо СБУ забрала. Яшчэ ведаю, што там на баку тэрарыстаў ваюе нейкі беларускі спэцназавец — гэта нібыта ён, калі адбілі аэрапорт, вывесіў там сьцяг ДНР.

Хапае і мясцовых, але яны ў асноўным не байцы. Іх цяпер мабілізуюць пад пагрозай расстрэлу, а ваяваць яны ня хочуць

Хапае і мясцовых, але яны ў асноўным не байцы. Іх цяпер мабілізуюць пад пагрозай расстрэлу, а ваяваць яны ня хочуць. Вось хлопцы распавядалі, што яшчэ калі аэрапорт быў наш, там стаяў ДНР-аўскі блёк-пост. Іх, вядома, можна было фізычна зьнішчыць, але прышлюць іншых. А калі нашы мяняліся на ратацыю, дык дамовіліся і езьдзілі праз той блёк-пост, і яны нікому не паведамлялі, не стралялі. Нашы на гэты блёк-пост перадавалі ежу, ваду, бо ў іх там нічога не было. Проста стаялі тры чалавекі з аўтаматамі — і ўсё. Гэты блёк-пост і цяпер дзейнічае, але аэрапорт ужо не пад нашым кантролем, таму з нашых ужо ніхто туды ня езьдзіць.

— А ці праўда, што на Данбасе паадчынялі калёніі і шмат крымінальнікаў запісалася ў іхняе войска?

— Хапае там сапраўды і крымінальнікаў, і наркаманаў, розных хапае.

— А ў вас такія ёсьць?

— У нас калі такія зьяўляюцца, то зь цягам часу яны пачынаюць сябе выяўляць. Алькаголем захапляюцца. Такіх адразу выганяюць з батальёну дамоў.

— Колькі сустракаў там беларусаў?

— На нашым баку беларусаў ваюе яшчэ чалавек 6 у «Правым сэктары», а ў нашым батальёне я адзіны. Ведаю, што ўсе жывыя, здаровыя. Гэта ў Пясках. Але ёсьць яшчэ беларусы ў іншых батальёнах, у «Айдары», у «Данбасе». Ведаю, Леў такі ваюе ў «Данбасе», ён таксама жывы. Вось учора сустракаўся на Майдане з хлопцамі адтуль, кажуць пра яго, што зь ім усё добра.

— Якія ў вас страты за час вайны?

— За час вайны ў нашым батальёне быў толькі адзін «двухсоты» — гэта значыць забіты. У асноўным — «трохсотыя», гэта параненыя. Там у Пясках такая вайна — у асноўным сэпаратысты ваююць артылерыяй, ну, па начах страляюць снайпэры, але яны страляюць, асабліва нічога ня бачачы, трымаюць у напрузе, і ўсё.

— Навошта абараняюць гэтую вёску Пяскі пад аэрапортам, які цалкам разбураны?

— Справа ўжо не ў аэрапорце. Гэта стратэгічны пункт. Адтуль можна разьвіць добры пляцдарм для наступу на Данецк.

— Ці бачыў на свае вочы назіральнікаў з АБСЭ? Што на перадавой кажуць пра іхнюю місію?

— АБСЭ асабіста ня бачыў і не магу сказаць, ці карысная іх місія. Калі ўзяць сытуацыю ў Дэбальцаве, то наўрад ці можна казаць пра карысьць. Нібыта ўжо дамовіліся пра замірэньне, пра адвод войскаў, там было АБСЭ, але ўсё роўна сэпаратысты практычна бесьперапынна вялі агонь па Дэбальцаве. Там было вельмі цяжка, было шмат стратаў ва ўкраінцаў. Расейцаў, калі штурмавалі горад, таксама шмат паклалі — украінская артылерыя добра папрацавала. Гэта мне распавядалі хлопцы, якія там непасрэдна былі, што расейцы шмат страцілі і ў тэхніцы, і ў жывой сіле.

— Як увогуле ацэньваеш удзел Эўропы і ЗША? Ці трэба, каб ЗША далі зброю?

Сэпаратысты будуюць паўсюль узмоцненыя раёны, льюць бэтонныя пліты, якія вытрымліваюць нашы снарады. А ў амэрыканцаў ёсьць зброя, якая іх можа прабіць

— Тут, наколькі я ў курсе, хочуць, каб увайшлі міратворцы ААН. Што Расея, калі яе прызнаюць краінай-агрэсарам, страціць права голасу ў Радзе бясьпекі ААН, і тады можна будзе казаць пра рэальную дапамогу. А пакуль якая дапамога ад Эўропы, ад ЗША? Так, яны дапамагаюць цёплымі рэчамі, некаторай амуніцыяй, бронекамізэлькамі, але зброі ж не даюць. А хацелася б. Вось сэпаратысты будуюць паўсюль узмоцненыя раёны, льюць бэтонныя пліты, якія вытрымліваюць нашы снарады. А ў амэрыканцаў ёсьць зброя, якая іх можа прабіць.

— Як цяпер ставяцца да Парашэнкі? У яго пасьля абраньня быў высокі рэйтынг, цяпер шмат хто нібыта ў ім расчараваўся. Гэта так?

— Так. Гэта ёсьць. Ён сябе дастаткова скампрамэтаваў гэтымі дамовамі. Але тут ёсьць яшчэ і эканамічны фактар, бо грыўня падае кожны дзень. Учора была 30 за даляр, а сёньня можа быць 35. Людзі бяднеюць, церпяць, таму рэйтынг улады сапраўды зьнізіўся. Вось калі была гадавіна Майдану 21 лютага і Парашэнка прыйшоў на Майдан з замежнымі дэлегацыямі, дык яго там абсьвісталі.

— Нібыта абодва бакі пачалі адводзіць цяжкае ўзбраеньне. А як думаеш, гэта сапраўднае замірэньне ці проста перагрупоўка для новага наступу? Прыкладам, на Марыюпаль?

— Скажу гэтак, што ў Пясках яны нічога не адвялі. Учора званіў нашым у Пяскі, яны кажуць, што тры дні крыюць «Градамі», ноччу сьветла, як удзень, што немагчыма нават схадзіць па ваду. Сядзяць у скляпах, носу ня выткнеш на вуліцу. Вось такое замірэньне. А з нашага боку, кажуць, так, украінская артылерыя не страляе.

— Ці магчыма, што расейцы пойдуць на Марыюпаль, каб прабіць калідор да Крыму?

Калі Пуцін наважыцца ўрэшце на сапраўдную вайну, ён цалкам можа загадаць Лукашэнку даць калідор празь Беларусь. І той дасьць, куды падзенецца

— У прынцыпе, гэта магчыма, што паспрабуюць, бо калідор ім патрэбны, Крым немагчыма безь яго забясьпечваць. Але ня думаю, што дзеля гэтага ў сэпаратыстаў хопіць сілаў, калі толькі Расея не ўвядзе рэгулярныя часьці, як гэта было ў верасьні. У такім разе могуць і прарвацца. А яшчэ ня варта забывацца пра Лукашэнку, які ёсьць расейскай марыянэткай. І што на тэрыторыі Беларусі стаяць расейскія вайсковыя базы. Калі Пуцін наважыцца ўрэшце на сапраўдную вайну, ён цалкам можа загадаць Лукашэнку даць калідор празь Беларусь. І той дасьць, куды падзенецца. Але цалкам Украіну ім не захапіць і не падпарадкаваць.

— А што кажуць украінцы пра пазыцыю Лукашэнкі? Ён усё ж адкрыта ня здаў Украіну?

— Не, тут шмат хто ня верыць Лукашэнку. Мы распавядаем братам-украінцам, хто такі Лукашэнка, што ягонаму слову нельга верыць.

— Ці плацяць табе за вайну якія грошы?

— Не, нам у добраахвотніцкім батальёне нічога ня плацяць. Гэтак паводле нашага статуту. Мы ваюем на за мэдалі, не за пасады ці грошы, а за вольную Ўкраіну.

— Але ж вось ты прыехаў у Кіеў, жывеш нейкі час у вялікім горадзе. За чый кошт?

— Ёсьць валянтэрская падтрымка, грашыма крыху могуць дапамагчы, толькі вось каб куды паехаць, калі трэба. Але заробку штомесячнага, як прынята, ніякага няма. Тут на валянтэрах шмат што трымаецца, ды фактычна ўся вайна на іх. Яны прывозяць ежу, амуніцыю, нават нейкую зброю, адзеньне, спальнікі. Яны робяць нават больш, чым армейскія службы.

— Якую драматычную гісторыю са сваёй баявой службы можаш згадаць?

— Там кожны дзень адбываецца нейкая драматычная гісторыя, бо калі параніла чалавека, на гэта балюча глядзець. Нават жахліва. Кожны чалавек у нас на ліку, вельмі цяжка там трымацца, мы там з трох бакоў у атачэньні. Цалкам магчыма, што і Пяскі хутка стануць катлом. Але робім усё, каб гэтага не дазволіць, трымаемся.

— Ці хацеў бы што сам дадаць?

— Здаецца, усё перагаварылі. Таму проста хацеў бы перадаць усім, хто мяне ведае і мяне ў свой час падтрымліваў, што я жывы, што ў мяне ўсё нармальна. І яшчэ пажадаць беларусам, каб яны ўсё ж такі пачалі і сябе адчуваць народам. Пара ўжо мяняць нешта і ў нашай краіне. Вядома, не хацелася б, каб гэта адбывалася, як адбываецца ва Ўкраіне, праз вайну, з крывёй і ахвярамі. І хачу сказаць беларусам, каб яны не баяліся адстойваць свае правы. Сваё права быць адзіным народам.

Падчас адпачынку Васіль Парфянкоў наведаў Львоў, дзе ў яго жонка і маленькі сын, які нарадзіўся, калі тату трымалі ў калёніі ў Горках за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду. Гэты нагляд быў накладзены на актывіста Васіля Парфянкова пасьля памілаваньня ад 4 гадоў зьняволеньня за Плошчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG