Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўніца Саюзу камітэтаў салдацкіх маці Расеі Валянціна Мельнікава. Яна заяўляе, што ў Расеі фактычна перамаглі дзедаўшчыну, і тлумачыць, як і ў выніку чаго гэта адбылося, лічыць, што афіцэраў за факты прыніжэньня салдат трэба звальняць з арміі з воўчым білетам, і раіць скардзіцца ў пракуратуру пры першых жа прыкметах дзедаўшчыны.
— Тэма дзедаўшчыны ў беларускім войску стала ці не галоўнай у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі ў апошнія тыдні. Я ведаю, што вы перад інтэрвію азнаёміліся з нашай сытуацыяй. Ці ёсьць падставы тут праводзіць нейкія паралелі з Расеяй?
— Гэтая страшная сьмерць Аляксандра Коржыча — тыповая для савецкай армейскай гісторыі. Гэта імітацыя самагубства, давядзеньне да самагубства, вымаганьне грошай. І самае галоўнае і страшнае — што ніхто ня скардзіўся, ані самі салдаты, ані іхнія бацькі.
У гісторыі расейскай арміі было шмат такіх выпадкаў, і ўсё гэта было зьвязана з вымаганьнем грошай. Але апошнія гады ў расейскай арміі не адбываецца масавых і цяжкіх прыніжэньняў, якія могуць давесьці да самагубства. Як правіла, гэта матэрыяльныя і грашовыя вымаганьні — адбіраюць тэлефоны, забіраюць банкаўскія карткі. І, мне здаецца, вельмі справядліва, што здымаюць камандзіраў. Я лічу, што ў кожным такім выпадку трэба судзіць камандзіраў часткі. Бо менавіта камандзір адказвае за ўсё. Ніякі сяржант ня можа нічога зрабіць, калі камандзір часткі не захоча гэтага.
У Расеі ў 2006 годзе быў загад аб забароне салдацкага рабства, потым былі прынятыя жорсткія распараджэньні, каб караць афіцэраў, калі ў іх у частках адбываюцца гвалтоўныя злачынствы. І гэта ў цэлым спынілася. У нас на момант 2012 году ўжо фактычна не было масавых скаргаў на такія злачынствы — зьбіцьцё, вымаганьне грошай.
— Для мяне гэта гучыць досыць нечакана. Вы заяўляеце, што ў Расеі ўдалося перамагчы дзедаўшчыну?
— Сыстэма прыніжэньняў, вымаганьня і падаўленьня ў расейскай арміі, безумоўна, зламаная. Вядома, здараюцца трагічныя гісторыі, бо афіцэры і камандзіры бываюць розныя. Але як сыстэма, якая раней культывавалася ў войску — цяпер яна зламаная.
— Але ў сеціве можна знайсьці шмат фатаздымкаў таго, як, напрыклад, прадстаўнікі каўкаскіх зямляцтваў зьдзекуюцца з сваіх славянскіх таварышаў па службе. Магчыма, для расейскай арміі менавіта гэтая праблема больш актуальная?
— Гэта было даволі даўно, гадоў 5–7 назад. Я вас запэўніваю, няма такога панятку, як зямляцтва. Гэта тое, што заахвочвалася камандаваньнем — унясеньне расколу ў салдацкую масу, каб кіраваць імі такімі злачыннымі спосабамі. Я ў Камітэце ад самага пачатку, з 1989 году. І я ведаю, што ўсё гэта інсьпіруецца заўжды афіцэрамі. Ніводзін волас з галавы салдата не ўпадзе, калі камандзір часткі захоча, каб была дысцыпліна. А калі афіцэрам зручна нацкоўваць адных на іншых — тады, вядома, будзе жах.
— А што такога зрабілі ў расейскай арміі, што дапамагло пакончыць з сыстэмай дзедаўшчыны, як вы заяўляеце?
— Я ніколі не ўжываю слова «дзедаўшчына». Гэта бессэнсоўны тэрмін, прыдуманы яшчэ ў савецкі час, каб завуаляваць злачынныя дзеяньні. У Расеі пералом быў у 2006 годзе, калі міністар Сяргей Іваноў выдаў загад аб забароне выкарыстаньня салдат на працах, не зьвязаных з вайсковай службай. То бок загад аб забароне рабства для салдат. І праз год было скончана са скаргамі на тое, што салдат прадаюць, ці што яны зьнікаюць у нейкіх фірмах. А ў 2008 годзе міністар Сердзюкоў жорстка заявіў, што не пацерпіць, каб у войсках былі выпадкі прыніжэньня, і ў выніку пабудавалі сыстэму кантролю за тым, што адбываецца ў арміі. І да 2012 году па нашых ста камітэтах скаргі на прыніжэньні, зьбіцьцё фактычна зьніклі. Апошнія гады ўсё гэта аслабла, але сыстэма гэтая не вяртаецца.
— Якія ў вас парады для беларускай грамадзкасьці? Чаго трэба патрабаваць ад уладаў, каб яны зрабілі для прадухіленьня дзедаўшчыны?
Афіцэры павінны быць папярэджаныя — калі ў цябе нешта адбудзецца, ты звальняесься з воўчым білетам
— Трэба патрабаваць жорсткага стаўленьня армейскага кіраўніцтва да гэтых фактаў. Афіцэры павінны быць папярэджаныя — калі ў цябе нешта адбудзецца, ты звальняесься з воўчым білетам, бяз права на льготы ды іншае.
Другое. Вучыце сваіх хлопцаў ніколі не цярпець прыніжэньні і паборы. Як толькі падыходзіць нейкі прыдурак да салдата і кажа: «Дай мне 15 рублёў» — адразу трэба скардзіцца. У Беларусі ж таксама ёсьць і пракуратура, і сьледчыя, і праграма абароны пацярпелых. Гэта ўсё вырашаецца. Ніколі, ні хвіліны не цярпіце! Адразу паведамляйце, пішыце, дабівайцеся, каб расьсьледавалі і каралі. Бо як толькі канфлікт заходзіць на большыя сумы, нейкія крымінальныя адносіны — лічыце, загінуў хлопец.
— У цяперашняй дыскусіі гучаць самыя розныя выказваньні наконт прычынаў таго, што адбылося ў Печах — ад аўтарытарнай улады ў Беларусі да панаваньня патрыярхату ў грамадзтве, які вучыць мужчын перамагаць іншых.
— Вось гэта мярзотная савецкая звычка ўсё сьпісваць на тое, што «людзі кепскія па натуры сваёй», у арміі цалкам непрымальная. Ёсьць Крымінальны кодэкс. Дзеяньні, якія апісаныя ў дачыненьні да Сашы Коржыча, — гэта безумоўныя злачынствы. І гэта ўсё павінны кантраляваць камандзіры. І псыхолягі, якія ёсьць у беларускім войску. І самі людзі не павінны цярпець, калі іх прыніжаюць і б’юць. Паўтаруся, калі камандаваньне не захоча, каб у частцы былі злачынствы — іх ня будзе.
— Але ж кажуць, што армія — гэта адбітак грамадзтва. А грамадзтва, што ў Расеі, што ў Беларусі — аўтарытарнае. Лягічна, што гэта можа адбівацца і на войску
— Армія сама па сабе герархічная і аўтарытарная сыстэма. І менавіта таму камандзіры павінны дакладна трымацца Статуту і парадку службы. А тут, калі абвінавачаныя вымагалі грошы, чымсьці пагражалі — то гэта сыстэма. І тады гнаць трэба камандаваньне і ставіць іншых людзей, якія будуць разумець, што салдат — гэта чалавек, якога нельга прыніжаць.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.