Прапаршчыка Артура Вірбала затрымалі 14 кастрычніка. Родныя пакуль ня ведаюць, ці прад’яўленыя яму абвінавачваньні і ў чым яго падазраюць. «Мы нічога ня ведаем. Толькі тое, што яго затрымлівалі на 72 гадзіны. Цяпер мой муж знаходзіцца ў СІЗА ў Менску», — расказвае Настасься Вірбал. Яна перакананая, што яе мужа і двух затрыманых сяржантаў хочуць зрабіць у справе Коржыча крайнімі.
«Вы самі разумееце, якога-небудзь палкоўніка не пасадзяць. Яны ўсе хочуць выйсьці (з гэтай гісторыі. — РС) чысьценькімі. Я ведаю свайго мужа, я жыла зь ім. Ён пра сваіх салдат гаварыў, што гэта ягоныя дзеці. Што ён за іх гарой стаяў, абараняў заўсёды», — кажа Настасься. Яна гаворыць, што настроеная рашуча. «Артур ня мог зрабіць таго, у чым яго цяпер абвінавачваюць. Калі спатрэбіцца, я ўсім дакажу, што ён невінаваты», — кажа яна.
Родныя Артура Вірбала зьбіраюцца наймаць яму адваката. Таксама Настасься хоча заблякаваць старонку мужа «ВКонтакте».
«Людзі ўбілі сабе ў галаву, што мой муж і затрыманыя сяржанты ва ўсім вінаватыя, пішуць цяпер, абвінавачваюць яго. Я зьвярнулася ў тэхпадтрымку сацыяльнай сеткі, хачу заблякаваць старонку мужа. Альбо хаця б каб далі мне паролі, каб я магла кантраляваць старонку. Гэты бруд вельмі непрыемна чытаць», — гаворыць Настасься.
Яна дадае, што муж дома аб працы не размаўляў. На ўсе пытаньні адказваў, што ўсё добра, падрабязнасьцяў не раскрываў.
«Калі шчыра, я нічога ня ведаю пра знойдзеную ў мужа плястыкавую картку Коржыча. Разумееце, я яго жонка, я буду абараняць Артура ад усяго, што цяпер пішуць у інтэрнэце. Ён не такі. Артур іншы», — гаворыць Настасься.
Як разьвіваюцца падзеі
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў:
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».
Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.