27 сьнежня распачынаюцца работы падрыхтоўкі да зносу аднаго з карпусоў 2-га менскага клінічнага шпіталя і павільёну «БелЭкспа» — на вызваленым месцы інвэстары з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў збудуюць шматфункцыянальны комплекс з гатэлем, казіно і забаўляльнымі ўстановамі. Анансавана, што ў амбітны праект мяркуецца ўкласьці 250 мільёнаў даляраў.
Першай справай ад сёньняшняга дня ліквідуецца прыпынак грамадзкага транспарту «Опэрны тэатар» на вуліцы Янкі Купалы, які быў проста прыплюшчаны да ўваходу ў шпіталь. На ўвесь час будаўнічых работ — папярэдне да восені наступнага году — забараняецца рух пешаходаў па цотным баку вуліцы Максіма Багдановіча на гэтым участку. Ужо праз тыдзень замоўца, прадпрыемства «Менская спадчына», прыступіць да руйнаваньня.
Старажытныя муры ў шклобэтонным антуражы
Комплекс шпітальных будынкаў у раёне Траецкай гары — гэта колішні базыльянскі кляштар зь 500-гадовай гісторыяй, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. У сувязі з гэтым экспэртаў перадусім цікавіць, ці не папоўняць сярэднявечныя муры доўгі сьпіс незваротных стратаў у гістарычным цэнтры сталіцы? Пра ўнікальнасьць месца, якое гарадзкія ўлады аддаюць пад засваеньне арабскім інвэстарам, расказвае гісторык, адзін з найбольш дасьведчаных экспэртаў у пытаньнях захаваньня гістарычнай спадчыны Менску Ўладзімер Дзянісаў:
«Гэтая частка Менску лічыцца адной са старажытных. У дакумэнтах XVI — першай паловы XVIІ стагодзьдзяў яна ўжо называецца Старым горадам, адрозна ад Новага гораду, які паўстаў на тэрыторыі сучаснай плошчы Свабоды. Сфармаваўся першы рынак, і ёсьць меркаваньні, што менавіта тут была пабудавана першая менская гарадзкая ратуша. У 1499 годзе Менск атрымаў прывілеі на самакіраваньне і, як заведзена, ратуша мусіла стаяць на галоўнай рынкавай плошчы. Ускосна пра гэта сьведчыць скарга кіеўскага мітрапаліта Макарыя на жыхароў Менску, якія самавольна карысталіся лесам з Прылепскай пушчы, у якой „зрубілі сваю ратушу“. Фактычна кралі дрэвы на будаўніцтва зь мітрапалітавай пушчы. Вялікі князь Жыгімонт Стары запатрабаваў ад гораду цалкам заплаціць за ўзятую на будаўніцтва драўніну. Так што першая ратуша, хутчэй за ўсё, стаяла на гэтай тэрыторыі».
Згодна зь гістарычнымі зьвесткамі, менскі Траецкі кляштар базыльянак быў заснаваны пры ўніяцкай царкве на пачатку XVI стагодзьдзя. У такім выглядзе духоўная ўстанова праіснавала да прыходу расейскай улады, якая вырашыла перапрафіляваць манастыр, як цытуе Ўладзімер Дзянісаў тагачасныя архівы, «в богоугодное заведение»:
«У 1839 годзе ўніяцкую царкву на тэрыторыі Беларусі расейскія ўлады скасавалі і кляштар быў ліквідаваны. Таму ў 40-х гадах ХІХ стагодзьдзя кіраўніцтва гораду прымае рашэньне збудаваць на гэтым месцы комплекс „богоугодных заведений“. Гэта значыць, перабудаваць старажытны манастыр пад гарадзкі шпіталь. Праект рэканструкцыі кварталу распрацаваў губэрнскі архітэктар Хрышчановіч, у каталіцкай грамады былі выкупленыя пляцы, і неўзабаве на тэрыторыі былога кляштару і фарнага касьцёла зьявіўся комплекс у стылі клясыцызму, які ў найноўшы час стаў 2-м клінічным шпіталём. Дарэчы, у спэцыяльных навуковых публікацыях — ня толькі нашых, а і замежных — шпітальны комплекс лічыўся ўзорным, адным з самых цікавых абʼектаў усёй былой Расейскай імпэрыі».
У такім выглядзе відазьменены базыльянскі кляштар праіснаваў да Другой усясьветнай вайны, досыць удала яе перажыў і ў 1960-я атрымаў новую прыбудову, зь якой, уласна кажучы, і мяркуецца распачаць руйнаваньне пад далейшае засваеньне тэрыторыі. Ці зачэпіць маштабная перабудова старыя муры, пакуль невядома.
Грамадзкага абмеркаваньня гэтай будоўлі няма, экспэрты наракаюць і на адсутнасьць празрыстасьці. Праект даручана распрацаваць архітэктурнай майстэрні «Варабʼёў і партнэры», але ўся дзейнасьць аточана таямніцай. Супрацоўнікі бюро нават кажуць, што далі падпіску «аб невыдаваньні інфармацыі».
Дарэчы, як вынікае з архіўных дакумэнтаў пачатку ХІХ стагодзьдзя, у кляштары базыльянак пад новым тынкам схаваныя ўнікальныя фрэскі аўтарства вядомага мастака свайго часу Казіміра Анташэўскага. У ліку самых вядомых ягоных працаў — росьпісы Менскага катэдральнага сабору і касьцёла езуітаў у Лучаі, інтэрʼеры рымска-каталіцкай сьвятыні ў Будславе і менскага кляштару базыльянак.
Гістарычныя прадмесьці ў атачэньні сучасных спарудаў
У другую чаргу пад знос заплянаваны павільён выставачнага комплексу «БелЭкспа». І хоць шкляны будынак, узьведзены ў паваенны час, наўрад ці ўяўляе вялікую гістарычную каштоўнасьць, ты ня меней, як удакладняе гісторык Уладзімер Дзянісаў, тэрыторыя колішняга Лаўскага прадмесьця патрабуе пільнага археалягічнага дасьледаваньня. Апроч таго, з гэтай мясьцінай непасрэдна зьвязаны лёс некаторых выдатных беларусаў:
«Будаўніцтва новага абʼекту ахоплівае даволі вялікую тэрыторыю, аж да былой „Выстаўкі дасягненьняў народнай гаспадаркі БССР“. Дарэчы, будынак распрацаваны паводле праекту вядомага архітэктара Леаніда Левіна. Акрамя таго, тэрыторыя выставачнага комплексу мае і мэмарыяльнае значэньне. Тут стаяў дом, які належаў славутаму драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу; значную частку яго яны збудавалі разам з жонкай. На жаль, будынак быў цалкам зьнесены, калі ўзводзілі выставачны комплекс, у 1960-я.
Што яшчэ важна адзначыць: комплекс 2-й бальніцы быў прыняты пад дзяржаўную ахову яшчэ ў савецкія часы і трапіў у сьпіс помнікаў архітэктуры БССР рэспубліканскага значэньня. Гэта былі 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Іншымі словамі, ад таго часу знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай».
Паводле беларускага заканадаўства, руйнаваць помнікі архітэктуры забаронена, іх можна толькі рэканструяваць. Чатыры корпусы былога шпіталя, выселенага некалькі гадоў таму, яшчэ перад прыходам першага патэнцыйнага інвэстара, якраз падпадаюць пад такое патрабаваньне — гэта сам кляштар, дом інвалідаў, багадзельня, гаспадарчая пабудова. Такім чынам, пад бульдозэр можна пускаць толькі паваенную прыбудову, якая ад пачатку мала пасавала да старадаўняга навакольля.
Як запэўнівае намесьнік старшыні камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Мікалай Ахраменка, чатыры корпусы шпіталя, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць, будуць захаваныя, а ў пэрспэктыве — рэканструяваныя.
Тым часам экспэрты ставяць пад сумнеў, што гэтыя патрабаваньні будуць вытрыманыя. Як кажа Ўладзімер Дзянісаў, практыка руйнаваньня архітэктурных помнікаў і ўзьвядзеньня на іх месцы «навадзелаў» у Менску набыла катастрафічныя маштабы:
«Распрацоўваецца праект будаўніцтва комплексу новых абʼектаў. Праўда, бянтэжыць, што праца вядзецца не публічна, а ў поўнай таямніцы. Што там будзе, ніхто ня ведае. Праект даручаны творчай майстэрні менскага архітэктара Варабʼёва. Але што гэта за патаемнае праектаваньне, без грамадзкага ўдзелу — ня пустка ж забудоўваецца! Так разумею, нікому яны свае навабуды паказваць не зьбіраюцца, традыцыйна будзе канстатацыя факту. Самае дрэннае, што можа зьявіцца чарговы велізарны хмарачос кшталту сумна вядомага „дома Чыжа“. Ягоная спаруда фактычна ўжо зьнішчыла панараму горада. На гэтай тэрыторыі — самыя вядомыя менскія дамінанты: па-першае, Вялікі тэатар опэры і балету аўтарства архітэктара Лангбарда, па-другое, квартал Траецкага прадмесьця. У выпадку, калі паўстане новая высотка, будзе зьнішчаны і сілуэт гораду, і панарамная кампазыцыя, усё будзе загублена».
Гэта ня першая спроба запусьціць гэты кавалак Старога гораду Менску ў камэрцыйны абарот. Яшчэ ў 2010 годзе, згодна з прэзыдэнцкім указам, надзел у межах вуліц Багдановіча — Купалы — набярэжнай Сьвіслачы быў перададзены Аману. Але неўзабаве грымнуў крызіс, беларускі рубель абваліўся, аманцы ад супрацы адмовіліся. Празь нейкі час гарадзкія ўлады заявілі, што знайшлася «надзейная кампанія», якую шырокай публіцы так і не прадставілі. Зрэшты, у хуткім часе загадкавы партнэр таксама зьнік.
Гэтым разам на арэну выйшаў гулец з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, якога ў Менгарвыканкаме характарызуюць «досыць заможным і добра знаёмым з рэаліямі Беларусі». Безальтэрнатыўны прэтэндэнт прайшоў усе стадыі ўзгадненьня, у сьнежні было падпісанае генэральнае пагадненьне. Зачыстка тэрыторыі пад забудову пачнецца ў першыя дні 2017 году.
Пляц у цэнтры Менску, прызначаны пад забудову за арабскія грошы, мае плошчу блізу 6 гектараў. Сюды мяркуецца «уціснуць» гатэльны комплекс, казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг.