Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве бураць завод-банкрут


Адзін з карпусоў заводу штучнага валакна
Адзін з карпусоў заводу штучнага валакна

У Магілёве бураць цэхі заводу штучнага валакна, які збанкрутаваў. Доўгі час прадпрыемства было адным з найвялікшых у горадзе і лічылася сымбалем посьпеху савецкай індустрыялізацыі. Яно запомнілася гараджанам ня толькі адносна высокімі заробкамі, але і рэзкім пахам серавугляроду.

«А хто ў Савецкім Саюзе вылічваў тую рэнтабэльнасьць?»

Па развале Саюзу завод заставаўся на плыву, пакуль існавалі старыя сувязі. Надоўга гэтага рэсурсу не хапіла. Віскозная вытворчасьць на аснове тэхналёгіі 1930-х гадоў, працаёмістая і энэргаёмістая, зь нізкім узроўнем аўтаматызацыі і значнай экалягічнай нагрузкай, стала стратнай. Сярод прычынаў банкруцтва называлася залежнасьць ад імпарту сыравіны ды маральная і фізычная зношанасьць абсталяваньня.

Каб уратаваць прадпрыемства, яго ўласьнікам зрабілі акцыянэрнае таварыства «Хімвалакно», якое ад пачатку 2000-х гадоў ужо мела эканамічныя і фінансавыя праблемы. Зьмена гаспадара не прынесла плёну.

Помнік Леніну як напамін пра савецкае мінулае збанкрутаванага заводу
Помнік Леніну як напамін пра савецкае мінулае збанкрутаванага заводу

Вытворчасьць спрабавалі прадаць. Патэнцыйны пакупнік мусіў захаваць профіль заводу і працоўныя месцы. Ахвотных не знайшлося.

Рабіла тут 1500 чалавек. За савецкім часам нядаўняму вяскоўцу ўладкавацца на завод лічылася неверагоднай удачай. Заробкі тут былі высокія, а на пэнсію работнікі выходзілі па льготным сьпісе, бо працавалі ў шкодных умовах. Па банкруцтве частку працоўнага калектыву перавялі на «Хімвалакно», іншых «аптымізавалі».

«А хто ў Савецкім Саюзе вылічваў тую рэнтабэльнасьць? — кажа адзін са звольненых работнікаў. — Працаваў завод, сыравіна была, прадукцыя выпускалася і пастаўлялася куды трэба. А як памяняліся ўмовы, дык усё абвалілася. Ну, былі заробкі, і на пэнсію выходзілі ў 50 гадоў, а што пра тое цяпер згадваць. Што развалілі завод, дык за гэта трэба спытаць не ў кіраўніцтва прадпрыемства, а ў таго, хто ў Менску».

«Мне пашанцавала, бо я пасьпеў да развалу заводу на пэнсію выйсьці, — кажа наступны суразмоўца, пераняты непадалёк ад прадпрыемства. — Што цяпер шкадаваць завод. Я нядаўна там быў. Плошчы вялізныя, усё стаіць, а ахоўнікаў столькі, а ім жа заробкі трэба плаціць, а з чаго? Трэба вінаватых шукаць вышэй, чым заводзкае начальства».

На тэрыторыі заводу штучнага валакна
На тэрыторыі заводу штучнага валакна

«Каб вы паглядзелі на заводзкае абсталяваньне, дык зьдзівіліся б, як прадпрыемства наагул працавала, — працягнуў гутарку яшчэ адзін пэнсіянэр. — Паказваюць жа ў тэлевізары, якое абсталяваньне на эўрапейскіх заводах. А тут стаяла хрушчоўска-брэжнеўскае, а пашукаць, дык і сталінскія станкі знойдзеш. А цяпер усё ад абсталяваньня залежыць. А на яго патрэбныя грошы. А каб іх мець, трэба хоць нешта вырабляць і прадаваць».

Старшыня гарвыканкаму: замест заводу — гандлёва-забаўляльны комплекс

Тэрыторыя збанкрутаванага заводу — за агароджай з калючым дротам. На прахадных ахова. Некаторыя з цэхаў ужо пабураныя. Самазвалы вывозяць мэталічныя канструкцыі і бэтонны друз. Некалі дагледжаная пляцоўка з савецкай сымболікай і помнікам Леніну — у занядбаньні.

«У свой час празь нерэнтабэльнасьць і няздольнасьць рэалізоўваць прадукцыю былі закрытыя энэргаёмістыя вытворчасьці, — кажа адзін з супрацоўнікаў заводу. — У выніку прадпрыемства доўгі час прастойвала. Падлічылі, што лепш не аднаўляць працу, а здаць мэтал на чармэт і цэхі разбурыць, каб вызваліць пляцоўку і не плаціць за зямлю».

Завод вывозяць самазваламі
Завод вывозяць самазваламі

Паводле суразмоўцы, на тэрыторыі заводу засталіся тры дзейныя вытворчасьці. На іх прадукцыю нібыта ёсьць попыт, таму зносіць іх пакуль ня будуць.

Старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў між тым ужо заявіў, што гэтыя вытворчасьці будуць дэмантаваныя і вынесеныя за межы гораду. На месцы ж зьнесенага заводу чыноўнік паабяцаў узьвесьці гандлёва-забаўляльны цэнтар. Нібыта ўжо ёсьць інвэстар, гатовы ўкласьціся ў гэта.

Ва ўпраўленьні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму адзначалі, што існуе даручэньне Аляксандра Лукашэнкі — зьнесьці карпусы і вызваліць тэрыторыю. Гэтыя працы маюць завяршыцца да траўня 2018 году. Паводле супрацоўніцы ўпраўленьня, налета не плянуецца будаваць новыя абʼекты. Будуць толькі распрацоўваць праект забудовы.

Цэх зь дзейнай вытворчасьцю сынтэтычнай плёнкі
Цэх зь дзейнай вытворчасьцю сынтэтычнай плёнкі

«У прэзыдэнта на карэктаваньні знаходзіцца магчымасьць захаваць дзейную вытворчасьць сынтэтычных плёнак. Усё астатняе праходзіць па генэральным пляне як адміністрацыйна-грамадзкая зона. Але плянаў, што там будзе, яшчэ не распрацавана, — кажа суразмоўца. — Што да глебы, то будзе рэкультывацыя. Верхні пласт здымуць і вывезуць...»

Як у чарнобыльскіх вёсках

Сёлета ў жніўні старшыні ўраду Андрэю Кабякову, які наведаў завод, каб пракантраляваць, як выконваюць даручэньне Лукашэнкі, выказвалі нараканьні, што працы па зносе прадпрыемства фінансуюцца недастаткова. Даводзілі, што камунікацыі і будынкі дэмантаваць няпроста.

«Гэта яны толькі верх айсбэрга закранулі, а як глыбей пойдзе праца, будзе праблемаў нашмат больш, — кажа журналісту адзін са старажылаў Заводзкай вуліцы Міхаіл. — Гэта ж быў у 1930-я гады вайсковы завод. Тады яго ўсе называлі пад нумарам 511. Там жа столькі падземных хадоў. Памятаю, порах тут выраблялі. Тэрыторыю ахоўвалі салдаты...»

Дошка гонару заводу штучнага валакна
Дошка гонару заводу штучнага валакна

Вуліца Заводзкая, або, як гараджане называюць гэтую мясьціну, Папенка, праходзіць уздоўж Дняпра, акурат пад гарой, на якой завод. Больш за тры дзясяткі гадоў таму жыхары часткі вуліцы дамагліся адсяленьня, бо лічылі, што прадпрыемства іх труціць. Пах тухлых яек і дагэтуль адчуваецца ў зарослым без чалавека дняпроўскім закутку. Тут засталіся толькі мураваныя сьцены дамоў у непралазным кустоўі. На схілах згорнуты бэтонны друз, тутэйшыя кажуць — з заводу .

«Каб вы сюды гадоў сорак назад прыехалі, дык пабачылі б, што тут дзеялася, — кажа Міхаіл. — Тут і цякла, і лілася хімія. Гэта цяпер пра экалёгію кажуць, а тады і слова такога ня ведалі. Вось людзі і ўзбунтаваліся. Маладзейшыя пачалі патрабаваць адсяленьня. Іх адсялілі ў Задняпроўе на Шміта, але і там паветра было не чысьцейшае, бо „Хімвалакно“ недалёка, таксама хімія. Мне семдзесят, дык мае аднагодкі ўсе паўміралі, што выехалі, а каб засталіся, дык пажылі б. Гэта, як мне казалі ў чарнобыльскіх вёсках, хто са старых застаўся, дык пажыў. Свая зямля ратуе».

Адкрылі завод у 1930 годзе. У тыя часы прадпрыемства стала найвялікшым у горадзе. На ім працавала больш за дзьве тысячы чалавек. У Магілёў наехала шмат спэцыялістаў-хімікаў зь іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу.

Рэшткі дома. Ягоныя жыхары ўцяклі далей ад заводу
Рэшткі дома. Ягоныя жыхары ўцяклі далей ад заводу

Завод з пахам серавугляроду пабудавалі ад гарадзкога цэнтру за дзесяць хвілін язды на машыне. На тэрыторыі цяпер ужо збанкрутаванага заводу стаіць ЦЭЦ № 1, якая ацяпляе прылеглы раён.

Схілы яра ў бэтонным друзе з заводу
Схілы яра ў бэтонным друзе з заводу

Доўгі час не маглі знайсьці пакупніка на заводзкі Дом культуры. Урэшце знайшлі, і будыніну ў стылі савецкага рэалізму адрамантавалі. Побач стадыён, які гарвыканкам вызначыў месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў для грамадзян, грамадзкіх і палітычных арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG