Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі адкрылі Расейскі цэнтар навукі і культуры


У Гомелі 21 лістапада адкрылі трэці ў Беларусі Расейскі цэнтар навукі і культуры.

У адрамантаваным будынку на вуліцы 50-годзьдзя БССР разьмясьціўся офіс расейскага цэнтру — з канфэрэнц-заляй і выставай карцін «Прысьвячэньне Расеі» расейскага мастака Мікалая Дулько.

Адкрываючы цэнтар, кіраўніца «Рассупрацоўніцтва» (Фэдэральнага агенцтва ў справах СНД, суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжою, і міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва) Любоў Глебава заявіла, што гомельскі філіял будзе скіраваны на «разьвіцьцё культурнага дыялёгу, пабрацімскіх сувязяў, захаваньня адзінай гістарычнай і культурнай прасторы Расеі і Беларусі». Паводле ейных слоў, падобныя цэнтры існуюць у 90 краінах сьвету.

На адкрыцьцё расейскага цэнтру прыехалі намесьнік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Карасін, расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Сурыкаў, першы намесьнік міністра беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Еўдачэнка, кіраўнікі сакратарыяту Саюзнай дзяржавы, а таксама прадстаўнікі ўладаў Гомелю й Гомельскай вобласьці.

Арганізатары імпрэзы казалі, што імпрэза ладзілася пад знакам 25-годзьдзя СНД, хоць, апроч Расеі, іншыя краіны садружнасьці ў цэнтры ня згадваюцца.

Рэпрадукцыя карціны, прысьвечанай Іосіфу Гурко
Рэпрадукцыя карціны, прысьвечанай Іосіфу Гурко

На выставе Мікалая Дулько асаблівая ўвага надавалася рэпрадукцыі карціны, прысьвечанай расейскаму генэрал-фельдмаршалу Іосіфу Гурко (Рамейку-Гурко), як сказана ў анатацыі, самаму вядомаму прадстаўніку беларускага роду Гурко, што служыў ажно чатыром расейскім імпэратарам.

На кніжнай паліцы ў холе цэнтру зь дзясятак кніг. Сярод іх выданьні, якія інтэрпрэтуюць беларускую гісторыю на расейскі лад — «Беларусь как русская святыня» Льва Крыштаповіча і «„Несвядомая“ история Белой Руси» Ўсяслава Зінкевіча.

Тут жа першы том кнігі «Маршал Советского Союза Георгий Жуков». У маршала, дарэчы, асаблівыя сувязі з Гомельшчынай. У вёсцы Сырод Калінкавіцкага раёну ў мясцовай жанчыны Ганны Заранок нарадзілася ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя дзяўчынка Матруна, пазашлюбная дачка Жукава, на той час чырвонага камандзіра кавалерыйскага эскадрона 38-га Стаўрапольскага палка, 7-й Самарскай імя Ангельскага пралетарыяту кавалерыйскай дывізіі, які быў раскватараваны ў гэтай палескай вёсцы. Тут і сёньня жывуць унукі і праўнукі маршала.

У мэдыя ўжо расказвалася, што праз расейскія так званыя цэнтры навукі і культуры прасоўваюцца ідэі «русского мира».

Гомельскі гісторык, палітык і грамадзкі актывіст Васіль Палякоў так камэнтуе адкрыцьцё расейскага цэнтру:

«Шчырым беларусам гэта ня вельмі прыемна, бо і бяз гэтага беларушчыны ў Беларусі надзвычай мала. Стагодзьдзямі ў нас вялася русіфікацыя, і цяпер працягваецца. Расея праводзіць надзвычай агрэсіўную зьнешнюю палітыку. Адна справа, калі адчыняецца цэнтар, каб падтрымліваць сваю дыяспару. І зусім іншая, калі гэта робіцца ў рэчышчы агрэсіўнай зьнешняй палітыкі. Расейская прапаганда працуе на поўную катушку, ня грэбуючы маніпуляцыямі, скажэньнем самых разнастайных фактаў на карысьць нават не расейцаў, якія жывуць побач, а на карысьць імпэрскім памкненьням афіцыйнай Масквы».

Адкрыцьцё расейскага цэнтру ахоўвалі амапаўцы палка патрульна-паставой службы УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Пасьля ўрачыстага адкрыцьця і абеду афіцыйныя асобы глядзелі выставу «Кляштар міласэрнасьці. Мастацтва тыбэцкага будызму» са збору Дзяржаўнага Эрмітажу Санкт-Пецярбургу, прывезенага ў Гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG