Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэгіёнаў, дзе Турэччына адыгрывае ключавую ролю. Як на гэта могуць паўплываць масавыя пратэсты ў краіне


Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у Анкары. Сьнежань 2024 году
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у Анкары. Сьнежань 2024 году

Турэччына ахопленая масавымі пратэстамі пасьля арышту лідэра апазыцыі. Што гэта можа азначаць для краін рэгіёну, дзе Турэччына адыгрывае ўплывовую ролю?

Турэччына валодае дыпляматычным, палітычным і эканамічным уплывам ад Украіны і Расеі да Ірану і Цэнтральнай Азіі, пішуць карэспандэнты Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

У Турэччыне адбываюцца найбуйнейшыя за больш чым дзесяцігодзьдзе пратэсты, і зьяўляюцца здагадкі, ці гэтыя падзеі прывядуць да сур’ёзнага выкліку прэзыдэнту Рэджэпу Таіпу Эрдагану або да далейшага спаўзаньня ў бок аўтарытарызму.

Мэр Стамбулу Экрэм Імамоглу
Мэр Стамбулу Экрэм Імамоглу

Пратэсты былі выкліканыя турэмным зьняволеньнем мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу, кандыдата ад галоўнай апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі на прэзыдэнцкія выбары 2028 году.

Пратэсты ў Турэччыне
Пратэсты ў Турэччыне

Наступныя падзеі могуць мець наступствы далёка за межамі Турэччыны.

Вайна ва Ўкраіне

У пачатку вайны Турэччына дасягнула значнага дыпляматычнага посьпеху як пасярэднік ва ўгодзе паміж Расеяй і Ўкраінай, што дазволіла абедзьвюм краінам экспартаваць збожжа праз Чорнае мора.

Угода стала вырашальным фактарам для забесьпячэньня жыцьцёва важных паставак украінскага збожжа ў краіны Глябальнага Поўдня, якія ў значнай ступені ад такіх паставак залежаць. Угода дзейнічала адзін год, перш чым Расея выйшла зь яе.

Важнасьць збожжавай угоды падкрэсьлівае той факт, што Вашынгтон зрабіў яе аднаўленьне прыярытэтам сваіх перамоваў з Масквой і Кіевам.

Анкара цягам вайны актыўна вяла сваю гульню.

Хоць Турэччына ўваходзіць у NATO, Эрдаган імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Абодва лідэры падзяляюць стыль аўтарытарнага кіраўніка, што, магчыма, падмацоўвае іх узаемаразуменьне.

Але гэта не перашкодзіла турэцкаму вытворцу дронаў Bayraktar працягваць будаўніцтва заводу ва Ўкраіне. Яго прадукцыя адыграла ключавую ролю ў абароне Украіны на раньніх этапах вайны.

Drone Wars: Ukraine And Russia's Aerial Battle In The Skies Over Donbas
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:48 0:00

Дырэктар Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў у Кіеве Ігар Сяміволас кажа, што рухальная сіла замежнай палітыкі Турэччыны — эканоміка.

«Што тычыцца рэгіянальных пытаньняў — Расеі, Украіны, Блізкага Ўсходу — то ключавую ролю адыгрываюць бізнэс-інтарэсы. Яны будуць круціцца вакол Імамоглу гэтак жа, як зараз круцяцца вакол Эрдагана», — сказаў ён тэлеканалу «Настоящее время».

Заходнія сувязі Брусэль і Вашынгтон

Калі казаць пра бізнэс, найбуйнейшым гандлёвым партнэрам Турэччыны ёсьць Эўрапейскі Зьвяз. Паводле статыстыкі ЭЗ, на яго прыпадае каля траціны турэцкага гандлю.

Зьмена ўраду ў Турэччыне амаль напэўна паўплывае на яе адносіны з Брусэлем, які прыпыніў працэс уступленьня краіны ў ЭЗ у 2018 годзе, крытыкуючы адыход ад дэмакратыі.

Імамоглу, хутчэй за ўсё, будзе дамагацца паляпшэньня адносінаў і аднаўленьня перамоваў аб уступленьні Турэччыны ў ЭЗ.

Але дачыненьні паміж Брусэлем і Анкарой могуць пацяплець у кожным разе. Паколькі Эўразьвяз імкнецца паменшыць залежнасьць сваёй абароны ад Вашынгтону і сфармаваць вайсковую місію для Ўкраіны, турэцкія ўзброеныя сілы могуць зрабіць яе ключавым гульцом.

Эўрапейскія лідэры сутыкаюцца зь нязручным выбарам паміж асуджэньнем дзеяньняў Эрдагана ў сябе дома і выгадай ад разьвязаньня ключавых пытаньняў бясьпекі.

Эрдаган і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Вашынгтоне, лістапад 2019 году
Эрдаган і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Вашынгтоне, лістапад 2019 году

Эканоміка была ў цэнтры перамоваў міністра замежных спраў Турэччыны Хакана Фідана зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё ў Вашынгтоне на гэтым тыдні.

Эрдаган спадзяваўся на палягчэньне санкцыяў, уведзеных прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у 2020 годзе пасьля таго, як Турэччына набыла расейскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны С-400.

Іран і Блізкі Ўсход

Падзеі ў Турэччыне адбываюцца ў той час, калі Тэгеран і Анкара абменьваюцца абвінавачаньнямі умяшаньні ва ўнутраныя справы адно аднаго і пагрозамі.

Дзьве краіны часта маюць супярэчныя інтарэсы ў розных рэгіянальных пытаньнях: Турэччына падтрымлівае апазыцыю рэжыму Асада ў Сырыі, яна на баку Азэрбайджану ў яго канфлікце з Армэніяй.

Тым ня менш міністар замежных справаў Ірану Абас Арагчы заявіў, што падзеі ў Турэччыне — яе «ўнутраная справа».

Айдын Акхаван, палітычны аналітык з Стамбулу, сказаў Радыё Фарда:

«Эрдаган прэзэнтаваў сябе як прагматычнага лідэра, які зьмяняе альянсы, калі гэта адпавядае яго інтарэсам... Зь іншага боку, апазыцыя эўропацэнтрычная і выступае за сьвецкую і дэмакратычную сыстэму. Той сьвет, які бачыцца Эрдагану, безумоўна, больш адпавядае перавагам Тэгерану».

Геаграфія дае Турэччыне велізарны рэгіянальны ўплыў. У пачатку вайны ва Ўкраіне яна закрыла Басфор для расейскіх вайсковых караблёў, ускладніўшы камунікацыю Масквы зь яе сіламі ў Сырыі.

Турэччына — адзін з галоўных хаўрусьнікаў часовага ўраду Сырыі ў Дамаску. Уплыў на Сырыю дае ёй шмат картаў у міжнароднай дыпляматыі. Турэцкія і ўспамаганыя Анкарой сілы ўжо адыгралі вялікую ролю ў канфлікце і, падобна, будуць гэта рабіць надалей.

Цэнтральная Азія

Уплыў Турэччыны сягае па-за межы Блізкага Ўсходу, у Цэнтральную Азію, дзе пераважная большасьць у чатырох краінах — Казахстане, Кіргізстане, Туркмэністане і Ўзбэкістане — гаворыць на цюрскіх мовах.

Усе, акрамя Туркмэністану, уваходзяць у Арганізацыю цюрскіх дзяржаваў, як і Азэрбайджан.

Некаторыя рэгіянальныя экспэрты кажуць, што Турэччына становіць сабой альтэрнатыўны полюс — зважаючы на асьцярогі, што расейскі экспансіянізм можа засяродзіцца на рэгіёнах Цэнтральнай Азіі з расейскамоўным насельніцтвам, як гэта было ва Ўкраіне.

Сьцягі краін — удзельніц Арганізацыі цюрскіх дзяржаваў, Бішкек, лістапад 2024 году
Сьцягі краін — удзельніц Арганізацыі цюрскіх дзяржаваў, Бішкек, лістапад 2024 году

«Яны праводзяць сумесныя вайсковыя вучэньні, наладжваюць закупкі і выраб зброі на іншых рынках, акрамя Расеі», — сказала раней Казаскай службе Радыё Свабода Асэль Тутумлу з Блізкаўсходняга ўнівэрсытэту на Паўночным Кіпры.

Да вайны ва Ўкраіне вялікая частка гандлю Цэнтральнай Азіі з Эўропай ішла праз Расею. Тутумлу мяркуе, што заходнія санкцыі супраць Расеі далі штуршок новым гандлёвым маршрутам праз Азэрбайджан і Турэччыну.

Сапраўды, умацаваньню транспартных і лягістычных сувязяў у так званым Цэнтральным калідоры маршрутаў з Кітаю ў Эўропу ў абыход Расеі была нададзена галоўная ўвага на рэгіянальным саміце ў Бішкеку ў канцы мінулага году.

Балканы

Турэччына таксама буйны гулец на энэргетычных рынках, і нідзе гэта не праяўляецца так відавочна, як у паўднёва-ўсходняй Эўропе.

Вугоршчына, Румынія і Сэрбія — асноўныя спажыўцы газу, які пампуе Турэччына. «Турэцкі паток» цяпер адзіны трубаправод, празь які расейскі газ пастаўляецца ў Эўропу: ён ідзе наўпрост з Расеі ў Турэччыну па дне Чорнага мора, а затым на Балканы.

«Анкара робіць новы крок, каб зрабіць Турэччыну галоўным энэргетычным вузлом рэгіёну», — адзначаў раней Карым Эльгендзі з аналітычнага цэнтру Chatham House у Лёндане.

Турэччына таксама буйны інвэстар на Балканах, асабліва ў Сэрбіі. Акрамя прасоўваньня амбіцыйных плянаў стасоўна шашы Бялград – Сараева, яна разгортвае пляны будаўніцтва бесьпілётнікаў сваёй гандлёвай маркі ў Сэрбіі.

Угоды аб дронах таксама абмяркоўваліся ў Босьніі і Альбаніі.

На Балканах Турэччына выкарыстала сваю эканамічную моц як ледакол для палітычных захадаў, бо глядзіць ня толькі на краіны зь вялікімі мусульманскімі супольнасьцямі, а імкнецца наладжваць шчыльныя адносіны і ў іншых месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG