Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Трампа і Зяленскага не прывялі да прарыву, але адносіны працягваюцца. Аналіз Свабоды


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на перамовах у Белым доме. Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на перамовах у Белым доме. Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025 году

Перамовы ў Вашынгтоне паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім не прывялі да якіх-небудзь істотных прарываў, але і не перайшлі ў востры канфлікт, дыпляматычны працэс быў працягнуты, наступны прыпынак — Будапэшт.

Пра вынікі перамоваў Дональда Трампа і Ўладзіміра Зяленскага пішуць міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг і Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Перад візытам было шмат размоваў пра тое, што Зяленскі чакае на ракеты Tomahawk ці іншую зброю, якая дапамагла б яго краіне працягнуць барацьбу. Але многія назіральнікі казалі, што гэта заўсёды было нерэалістычным чаканьнем.

Тамагаўкі

«Украінцы не чакалі, што гэта адбудзецца, у такім пляне тут расчараваньня няма», — сказаў Джэрэмі Шапіра, дырэктар дасьледаваньняў Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў. — Ня можа быць, каб амэрыканскія вайскоўцы адмовіліся ад іх. Яны занадта дарагія», — дадаў ён, адзначыўшы таксама, што ўкраінскія Ўзброеныя сілы ня маюць магчымасьцяў запускаць «Тамагаўкі» з мора.

Тым ня менш сымбалічны патэнцыял заяваў пра «Тамагаўкі» выклікаў моцную рэакцыю Крамля і, здаецца, падахвоціў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна патэлефанаваць Трампу 16 кастрычніка.

Пастаўкі «Тамагаўкаў» маглі б прадэманстраваць, як далёка адміністрацыя прасунулася зь яе першых месяцаў, калі Трамп аптымістычна заяўляў, што ён можа хутка пакласьці канец вайны шляхам перамоваў.


Запуск ракеты Tomahawk, архіўнае фота
Запуск ракеты Tomahawk, архіўнае фота

Расейскія цэлі, якія магла б паразіць Украіна, калі б, акрамя той зброі, якую ўжо пастаўляе Захад, мела «Тамагаўкі»:

Пасьля перамоваў у Белым доме Зяленскі адзначыў, што, хоць пагадненьня аб наданьні «Тамагаўкаў» не было, Трамп не адкінуў канчаткова гэтую магчымасьць.

Ілан Берман, старшы віцэ-прэзыдэнт Амэрыканскай рады замежнай палітыкі, сказаў Радыё Свабода, што гэта важна.

«Пытаньне зараз у тым, ці зможа Белы дом сабраць пакет «пугаў», на які Расея сапраўды адрэагуе ня так, як раней. І думаю, што менавіта тут «Тамагаўкі» дарэчы, — сказаў Берман. — Я адчуваю, што гэта стымулюе мысьленьне. Але думаю, што і прэзыдэнт, і яго дарадцы значна менш аптымістычныя наконт канструктыўнасьці Ўладзіміра Пуціна, чым шэсьць месяцаў таму».

Змрок ва Ўкраіне

Некаторыя аналітыкі ва Ўкраіне на перамовы глядзелі змрочна, у інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода падкрэсьліваючы брак якіх-небудзь канкрэтных пагадненьняў ці заяваў.

«Зьмест падзеяў у тым, што на 1 лістапада мы ня маем мэханізмаў атрыманьня зброі ад ЗША. Папярэдні пакет [дапамогі] скончыўся, а ў новым бюджэце вылучаецца толькі 500 мільёнаў даляраў. Гэта палова батарэі Patriot», — сказаў амбасадар Украіны ў Вашынгтоне з 2015 па 2019 год Валеры Чалы.

Кільскі інстытут, які базуецца ў Нямеччыне, адзначае 57-працэнтнае зьніжэньне эўрапейскай вайсковай дапамогі ў ліпені й жніўні ў параўнаньні зь першымі шасьцю месяцамі году. Яна ўключае ўнёскі ў новую схему PURL, у межах якой эўрапейскія краіны закупляюць амэрыканскую вайсковую тэхніку для Ўкраіны пасьля таго, як Злучаныя Штаты ў пачатку 2025 году спынілі перадачу сваіх уласных новых пакетаў дапамогі.

Зяленскі сказаў, што ён з Трампам абмяркоўваў супрацьпаветраную абарону, але не гаварыў пра новыя пастаўкі.

Пры браку істотнага прагрэсу ў перамовах увага непазьбежна пераключылася на настрой іх удзельнікаў.


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітае прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Белым доме. Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітае прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Белым доме. Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025 году

У пазьнейшым допісе ў сацыяльных сетках Трамп назваў яго «сардэчным», што, пэўна ж, кантраставала з абменам рэзкімі словамі паміж Трампам і Зяленскім у Авальным кабінэце ў лютым. Тады абед скасавалі. На гэты раз двое мужчын сядзелі з сваімі камандамі за ўжо накрытым сталом.

«Трамп зьмякчыў [сваю пазыцыю што да Ўкраіны]. Яна нашмат лепшая, чым у першыя месяцы ягонага прэзыдэнцтва, — сказаў дацэнт катэдры міжнародных дачыненьняў Адэскага ўнівэрсытэту Ўладзімір Дубовік у інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода. — Я не лічу гэтую сустрэчу правальнай. Бачу пазытыўную дынаміку», — дадаў ён.

Падтрыманьне адносінаў

Аналітыкі ў Вашынгтоне сышліся на думцы, што гэта была пазытыўная сустрэча: адносіны паміж двума лідэрамі захоўваюцца.

«Давайце ўспрымем гэтую падзею як частку пасьлядоўнасьці, а не як разавую. Калі мы бачым яе ў кантэксьце паслядоўнасьці, то ўкраінцы сапраўды дасягнулі прагрэсу пасьля... наганяю ў Белым доме», — сказаў Берман.

Шапіра адзначыў, што Зяленскі «ўстанавіў свайго роду паралелізм з... самітамі Трампа і Пуціна. Ён у асноўным зразумеў задуму, што Трамп заўсёды стараецца сустрэцца і з [Пуціным] у той жа час ці прыкладна ў той жа час».

Няясна, ці азначае гэта, што Зяленскі таксама можа адправіцца ў Будапэшт, дзе, з словаў Трампа, ён неўзабаве сустрэнецца з Пуціным. Трамп, адказваючы на пытаньне пра гэта, сказаў, што перамовы, «хутчэй за ўсё, будуць сустрэчай дваіх», але зь Зяленскім ён будзе «на сувязі». Трамп дадаў:

«Мы будзем залучаныя ўтраіх, але гэта можа быць паасобку».

Дэталі фармату яшчэ вымагаюць дапрацаваньня. Трамп выказаў занепакоенасьць тым, што Пуцін спрабуе зацягнуць працэс як мага даўжэй. Ізноў жа незразумела, колькі часу прэзыдэнт ЗША дасьць Пуціну, перш чым у нейкі момант вырашыць дадаткова націснуць на яго санкцыямі, другаснымі тарыфамі на імпартэраў расейскіх энерганосьбітаў ці новымі вайсковымі пастаўкамі. На гэты момант вынікі саміту застаюцца непераканаўчымі, Пуцін выйграў яшчэ крыху часу.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG