Забітых 30 красавіка ва ўласным доме, што ў адным зь невялікіх слонімскіх завулкаў, вядомага скульптара Леаніда Богдана і ягоную жонку Тамару пахавалі сёньня на гарадзкіх могілках. Перад гэтым адпелі ў Сьвятатроіцкім саборы — як нявінна забітых. У забойстве падазраецца іх 16-гадовы ўнук Аляксандар, які цяпер пад вартай.
Разьвітацца з Богданамі прыйшлі сотні жыхароў Слоніма — творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі гарадзкой улады, сябры сужонцаў, іх знаёмыя, суседзі. Леанід і Тамара былі карэннымі слонімцамі. Іх многія ведалі, да таго ж трагічнае здарэньне прыцягнула вялікую ўвагу.
На пахаваньні апынуліся разам Аляксандравы бацькі — дачка Богданаў (яна цяпер з новай сямʼёй жыве ў Арабскіх Эміратах) і яе былы муж (ён, таксама з новай сямʼёй, жыве ў Менску).
«Каб што падобнае здаралася ў Слоніме раней — не прыпомню»
У дзядулі з бабуляй хлопец жыў і выхоўваўся з трох гадоў. Сёлета меўся ўжо скончыць гімназію, далей зьбіраўся паступаць у фізкультурную акадэмію. Сямʼя выглядала ветлівай і прыемнай. Тыя, хто яе ведаў, дагэтуль ня могуць уцяміць, што ж такое здарылася з хлопцам, калі сьледзтва кажа праўду і ён сапраўды так жорстка забіў самых, здаецца, блізкіх яму людзей. Тых, хто, па сутнасьці, замяніў яму бацькоў.
Паводле сьледзтва, спачатку нажом ды мэталічным шуфлікам хлопец забіў бабулю ды сурʼёзна параніў дзядулю. Той прасіў унука выклікаць хуткую, але Аляксандар пайшоў па сякеру і яго дабіў. Леаніда адрозна ад яго жонкі Тамары адпявалі ў зачыненай труне. Казалі, што зь яго перад сьмерцю асабліва жудасна зьдзекаваліся
Сябар Леаніда Богдана — слонімскі пісьменьнік Сяргей Чыгрын, які прысутнічаў на пахаваньні, і дагэтуль ня можа ўсяго зразумець...Ён узгадвае:
«Унука яны гадавалі самі. Некалі ён выцягнуў лятарэю з аўтамабілем. Вучыўся ў пачатковай школе. Вярталіся з бабуляй дахаты, хлопчык папрасіў: давай набудзем лятарэю. Яна: ды няма грошай, толькі дробныя. Але ён яе ўпрасіў і выцягнуў аўтамабіль. Леанід затым прадаў тую машыну, а за выручаныя грошы замяніў дахі на доме і майстэрні. На астатнія грошы набыў больш сьціплую машыну».
Дом Богданаў стаіць у цэнтры Слоніма, у падворку майстэрня, падобная на музэй. Жыла сям'я заможна. Звычайна ўлетку Леанід езьдзіў на заробкі ў Польшчу. Пазнаёміўся з палякам, выбіваў партрэты на надмагільных помніках, распавядае ягоны сябра.
Сяргей Чыгрын, як слонімскі старажыл, ня памятае, каб штосьці падобнае здаралася ў горадзе раней. Не прыпомняць такога і многія іншыя гараджане.
«Але цяпер шмат што зьмянілася ў нашым жыцьці, — кажа нехта з суседзяў, — людзі не зьбіраюцца разам, не запрашаюць да сябе ў госьці, ня дзеляцца сваімі радасьцямі ды бедамі. Кажуць, што нейкі канфлікт у старэйшых з унукам адбыўся праз электронную цыгарэту. Западозрылі, што гэта наркотыкі, а ён нібыта такога абвінавачаньня вытрымаць ня мог. А хто ведае, як там было. У чужым доме за плотам. Можа, насіў малы ў сабе глыбокую крыўду на ўсіх. Яму б зь некім падзяліцца. Раней вялікія семʼі былі. Дзядзі, цёці, стрыечныя. Пакрыўджанае бацькамі дзіця бегала да іх скардзіцца. Цяпер жа ўсё самотныя...Але ж бацькі дапамагалі Сашу. Матэрыяльна. Хлопец быў добра забясьпечаны, ён сам так усім гаварыў: я забясьпечаны чалавек»
Тыя, хто ведае Аляксандра, таксама да канца ня могуць асэнсаваць тое, у чым яго абвінавачваюць. Звычайны хлопец. Схільны да спорту, але ня надта здольны да вучобы. Заўсёды сядзеў за першай партай адзін. Некаторыя дзівацтвы за ім назіраліся, але ў каго іх няма. Дадому да сябе не запрашаў.
Калі не хапае самага галоўнага
І дзядуля, і ўнук мелі свае старонкі ў сацсетках. Агульных здымкаў на ніводнай з гэтых старонак няма. Нібыта самі па сабе. Кажуць, на адной з Сашавых старонак ёсьць ягоны здымак з бацькам. Здаецца, яго хлопчык любіў і сумаваў па ім. Маці прыяжджала ў Слонім раз на год.
Гаворачы пра Аляксандра, слонімцы ўзгадваюць выпадак зь менчуком Уладам Казакевічам («хлопца з бэнзапілой» у сталічным гандлёвым цэнтры «Эўропа») і бачаць падабенства гэтых гісторый. Быццам і матэрыяльна ўсё добра было, але, відаць, самага галоўнага, сапраўднай бацькоўскай любові, не хапала...
Сёньня, асуджаны на 15 год папраўчай калёніі, Улад чакае ў Жодзінскай турме разгляду апэляцыі, пададзенай ягоным адвакатам у Вярхоўны суд, каб адмяніць прысуд і перагледзець справу.
Калі віна Аляксандра будзе даказаная, то яго, гэтаксама як і Ўлада, можа чакаць 15-гадовы вырак. Пры гэтым, як асоба, якая не дасягнула 18 гадоў, ён пэўны час правядзе ў дзіцячай калёніі ў Бабруйску. У параўнаньні з дарослай папраўчай установай тут лепшыя ўмовы ўтрыманьня, аднак нашмат стражэйшы кантроль.
З 279 цяперашніх юных сядзельцаў пераважная большасьць асуджаная за наркотыкі. За забойствы адбываюць пакараньне 12 «малалетак». Як правіла, гэта падлеткі з так званым сындромам кінутых бацькамі дзяцей. Прычым не абавязкова зь дзіцячых дамоў ці інтэрнатаў. Тут і тыя, хто кінуты бабуляй зь дзядулем, і тыя, хто пакінуты на самога сябе, бо бацькі занятыя карʼерай ці ўладкоўваньнем уласнага жыцьця.
Відавочная тэндэнцыя нашага часу: усё часьцей дзеці-маньякі нараджаюцца не ў праблемных, а у больш-менш забясьпечаных сем'ях.. Паводле некаторых дасьледаваньняў, у 80% выпадкаў ахвярамі забойстваў, учыненых непаўналетнімі, становіцца адна асоба, у 15% — дзьве, у 5% — тры і больш. «Кінутыя» дзеці забіваюць бацькоў, сясьцёр, сяброў, аднаклясьнікаў, сабутэльнікаў, выпадковых мінакоў.