У Галівудзе пачалі рабіць рымэйкі фільмаў 90-х і нулявых. Выйшаў «сучасны» «Робакоп», перазьнялі стужку Люка Бэсона пра 13-ты раён. Вядома, кажуць, што спажыўцы папулярнага амэрыканскага кіно гатовыя глядзець усё, дзе ёсьць дарагія спэцэфэкты і зорны акторскі склад. Але чаму б не зьвярнуцца да новых тэмаў? Ну, напрыклад, увесь сьвет даведаўся пра змаганьне шатляндцаў за незалежнасьць не цяпер, калі яны спрабавалі праз рэфэрэндум адасобіцца ад Англіі, а ад Мэла Гібсана, дзякуючы фільму «Ільвінае сэрца». Таму выкарыстаньне гісторыі іншых народаў — ня новая практыка для прадусараў і сцэнарыстаў з-за акіяну.
Беларусь — terra incognita для амэрыканцаў, але, як бы там ні было, мы нешта далі сьвету і Штатам. Нават амэрыканскаму кінэматографу: студыю «Мэтра-Голдвін-Маер» заснаваў акурат беларус. А якія беларускія сюжэты ўжо сёньня Галівуду варта было б адаптаваць для кіно?
Сюжэт №1. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага
У сьвеце цяпер трэнд «не любіць Расею». Чаму б пра гэта ня зьняць кіно? Пра народы, якія стагодзьдзямі змагаліся за незалежнасьць ад імпэрыі. Нават пра адзін народ. Беларусы — ідэальны матэрыял. У нашай гісторыі большасьць войнаў і праблемаў — менавіта ад усходніх суседзяў, а гістарычныя постаці і іх ўчынкі выдатна кладуцца на сцэнар. Здымаць пра гісторыю амэрыканцы ўмеюць. Панарамы бітваў, мужныя твары герояў, каханьне і беларускія краявіды. Чым не варыянт? Вось і Кастусь Каліноўскі, ягоная каханка, Марыська (хай і Мэры для англамоўных), кансьпіратыўныя кватэры ў Вільні (там танна здымаць), бітвы паўстанцаў, здрады, нарады камандзіраў, карнікі з царскага войска.
Хоць я б не хацеў бачыць рэінкарнацыі «Ільвінага сэрца» ці «Патрыёта», толькі пад іншымі сьцягамі. Таму нашы парады прадусэрам і сцэнарыстам:
Галоўныя ролі: Раян Госьлінг — Кастусь Каліноўскі.
Рэжысэр: Квэнтын Тарантына (шмат-шмат крыві).
Адаптацыя для заходняга гледача: трэба хэпі-энд, але і трагічнасьць павінна быць. Ну, напрыклад, у канцы Марыська гадуе сына Кастуся, які гатовы змагацца далей. Канцоўка з аптымізмам і магчымасьцю зьняць сыквэл.
Музыка: адаптаваць верш да Марыські, лірычная музыка, Anthony Hamilton & Elayna Boynton. Яны нешта лірычнае сьпявалі ў «Джанга».
Што варта прачытаць (ну і перакласьці тады): Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Сюжэт №2. Драма пра Кіма Хадзеева
Усе любяць гісторыі пра геніяў. Кім Хадзееў, можа, і не атрымліваў Нобэлеўскую прэмію (Mind Games) і не вынаходзіў айфон (Jobs), але ад гэтага ягоны лёс ня робіцца менш цікавы.
Яго, маладога студэнта, судзілі за заклікі да зьвяржэньня камуністычнага ладу яшчэ пры Сталіну, ён стаў адзіным чалавекам у пасьляваеннай Беларусі, які захварэў на цынгу (вырашыў харчавацца адной згушчонкай. Дзівацтвы таксама падабаюцца гледачу), ягоная кватэра была культурным і навуковым цэнтрам Менску, у ёй зьбіраліся найбольш яскравыя тагачасныя асобы. Дарэчы, тут можна ўбачыць паралелі амаль наўпрост з Форэстам Гампам — Кім Хадзееў існаваў і рэальна спрычыніўся да гісторыі, асобаў і падзеяў. Ён напісаў у сямнаццаці розных галінах навук сотні дыплёмных працаў, дзясяткі кандыдацкіх дысэртацыяў і нават некалькі доктарскіх, раіў, як маляваць карціны, як пісаць вершы, прозу, музыку і ствараць бізнэс. Менавіта да яго зьвярнуліся беларускія ідэолягі на пачатку 90-х з просьбай гэтую «ідэалёгію» і стварыць. Вядома, ён адмовіўся. Як адмовіўся і ад жыцьця мільянэра.
Галоўныя ролі: Джэк Нікалсан (мы спадзяёмся на цуды грыму, з улікам узросту актора)
Рэжысэр: Робэрт Лі Зэмекіс (а што гадаць, ён і зьняў «Форэста Гампа», а цяпер у яго застой. Другі, беларускі, шанец).
Чытаць: Уладзімера Някляева, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без».
Сюжэт №3. Лавсторы Насты і Зьмітра Дашкевічаў
Гісторыя каханьня — клясычная, вечная тэма для кіно. Наста і Зьміцер Дашкевічы проста ўзарвуць сьвет. Гэта не 30-я гады мінулага стагодзьдзя, не Афрыка і не Другая ўсясьветная. Гэта тут і цяпер, у цэнтры Эўропы. Дыктатура, арышты абодвух каханкаў, шантаж, катаваньні, адзіночныя камэры, новыя суды і тэрміны. Яна змагаецца за яго, яе штораз садзяць у турму. Іх ліставаньне ўжо легла ў аснову фільму, хоць і дакумэнтальнага. Трэба хутка ўсё перакладаць на ангельскую. Фонам даць барацьбу з узурпатарам, масавыя арышты, татальны страх і адсутнасьць веры ў будучыню. Героі ўсё перажывуць, ён выйдзе з турмы, яна яго дачакаецца. У іх народзіцца дачка, яе назавуць Мара (Dream, вядома).
Акторы: Арон Пол (ён падобны да Дашкевіча, дый Дашкевіч таксама быў калісці Breaking bad) і Зоўі Дэшанэль (здаецца, яна падобная да Насты).
Рэжысэр: Гас Ван Сэнт, ён умее здымаць байопікі. Дадатковы прыкол у тым, што зьняў ён акурат пра Лі Харві Мілка, барацьбіта за правы геяў. Так, чытаем біяграфію Дашкевіча.
Чытаць: Віктара Марціновіча «Параноя», Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк».
Сюжэт №4. Фэнтэзі пра Ўсяслава Чарадзея
Беларуская гісторыя сапраўды багатая на асобы. Ну разгарніце кніжку Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» і пераканайцеся — ідэяў хопіць нават для Балівуду. Але каб забясьпечыць патэнцыйных заходніх гледачоў беларускімі фільмамі ў розных жанрах, варта сягнуць у больш далёкую гісторыю, і там мы адшукаем ідэальны пэрсанаж для папулярнага ў сьвеце фэнтэзі: Усяслаў Чарадзей. Вядома, каб атрымаўся другі «Ўладар пярсьцёнкаў», прыйдзецца істотна папрацаваць, але такія эпічныя трылёгіі цешаць гледачоў раз на дзесяцігодзьдзе, а ў кіно ходзяць кожны ўік-энд. Так што пакажам: амаль выдуманы сьвет (Полацкае княства сёньня мала вядомае нават у нас, ня кажучы пра іншыя краіны), барацьбу і інтрыгі, каханьне, ператварэньні ў ваўкоў, перамяшчэньні ў прасторы ад Полацку да Кіева (там Кіеўская Русь, варта адгортваць і гэтую старонку для ўсясьветнага кіно), бітву на Нямізе....
Рэжысэр: я бачу тут Ціма Бёртана.
Актор: Джоні Дэп, працяг іх супрацы.
Сюжэт №5. «Мова» Марціновіча
Разбавім наш ТОП фантастыкай. Апошняя кніга Віктара Марціновіча не павінна ляжаць дзясятак гадоў на паліцы ў чаканьні экранізацыі — бяры і рабі хоць сёньня. Антыўтопія, змаганьне з кнігамі, як у «451 паводле Фарэнгейта», змрочная будучыня пад кітайскім панаваньнем (актуальна для цэлага сьвету), кітайская сьцяна на мяжы з Эўразьвязам, мова продкаў як наркотык, хуткі сэкс без пачуцьцяў, чайнатаўны і скрынкі-дамы. Змрочныя колеры, каханьне, інсургенты і надзея. Зноў жа, адаптуецца пад хэпі-энд, беларуская мова ажыве і стане новай мовай цывілізацыі, ага.
Хоць, вядома, прадусараў, бадай, больш зацікавіць разыграць усё ў Лёндане. Беларуская стане ангельскай, Кітай захопіць цэлы сьвет, а паўстанцы будуць чытаць Шэксьпіра і Конан Дойля. Але не бяда. Галоўнае, каб на момант выхаду фільму было падрыхтаванае выданьне «Мовы» in English і нават Chinese. Посьпех фільму гарантуе посьпех кнігі, ужо нашай, беларускай. І, як яно бывае часта, фэйсбук гатовы прымаць тысячы камэнтароў пра тое, што кніга ж такі лепшая, чым кіно.
Рэжысэр: Вачоўскі, брат і сястра. Яны зьнялі «Матрыцу», «Воблачны атляс», здымуць і «Мову».
Актор (дзьве галоўныя ролі ж): Робэрт Пацінсан (мне ён нагадвае Марціновіча, Марціновіч візуальна — герояў кнігі, а амэрыканскім гледачам ён проста падабаецца).
Парады: запрасіць мастака Цесьлера. Для лепшага разуменьня кнігі. І яшчэ таму, што чамусьці гэты мур мне нагадвае той, што ў кнізе.
Іван Шыла для Радыё Свабода
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com