У Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова Таварыства беларускай мовы ўганаравала пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства — 2015». Школьнікаў з Бабруйску, Магілёва, Асіповічаў ды Мсьціслава адзначылі дыплёмамі ды памятнымі прызамі.
У сёлетнім беларускамоўным спаборы аказалася найбольш вучняў за ўсе чатырнаццаць год, як яго праводзяць, — 45. Традыцыйна спаборнікі адказвалі на пытаньні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Адказы вучні мусяць даваць толькі па-беларуску. Якасьць мовы ўлічваецца пры падвядзеньні вынікаў.
Сябра ТБМ і ініцыятар спаборніцтва Міхась Булавацкі, гаворачы пра ўзровень веданьня ўдзельнікамі беларускай мовы, адзначыў, што ён невысокі.
«Мову ведаюць слаба, але прыемна, што ёю імкнуцца карыстацца», — адзначае спадар Булавацкі.
«Тое, што слаба ведаюць мову, — ня іхная віна. Гэтак ёй вучаць. Дзяржаўная школа не нацэленая на тое, каб беларускую мову ведалі. Беларускую літаратуру не чытаюць амаль што. Адказаў па літаратуры вельмі шмат нулявых альбо з малымі баламі».
У агульным заліку найлепшыя веды выявіла дзесяціклясьніца з бабруйскай трэцяй гімназіі Ангеліна Жыркевіч. У Ільлі Касянкова з 21-й магілёўскай школы — другі вынік. Ён найлепшы знаўца беларускай мовы. Трэцяе месца — у Мацьвея Дашкевіча з Мсьціслаўскай школы № 2. Ён выявіў найлепшыя веды ў прыродазнаўстве. Хлопец — прыхільнік дарэформеннага правапісу беларускай мовы. Свае ўзнагароды павезла ў Асіповічы і дзесяціклясьніца тамтэйшай гімназіі Наста Шухава. У яе найлепшыя веды па матэматыцы.
Школьнікі не гавораць на беларускай мове і не стараюцца яе вывучаць, бо ім нестае беларускамоўнага асяродзьдзя, адзначае Наста Шухава. Дзяўчына спасылаецца на ўласны досьвед.
«Калі пачынаеш гаварыць на беларускай мове ў беларускім горадзе, то на цябе глядзяць зьдзіўлена. І гэта не зусім спрыяе імкненьню гаварыць па-беларуску».
З думкай пра беларускамоўнае асяродзьдзе згаджаецца пераможца «Пяціборства» Ангеліна Жыркевіч.
Яна адзначае: «Калі заходзіш у краму і просіш нешта па-беларуску, то цябе не разумеюць і просяць гаварыць па-расейску. І гэта бянтэжыць крыху. Я спадзяюся, што беларуская мова ажыве, і такія мерапрыемствы, як „Пяціборства“ — яны дапамагаюць і спрыяюць гэтаму».
На думку Ільлі Касянкова, школьнікам не хапае свабоды, каб загаварыць па-беларуску.
На ягоную думку, некаторыя настаўнікі самі ня ведаюць беларускай мовы, але стараюцца ёй навучыць і ўзьдзейнічаць на вучняў:
«А вось тых праваднікоў, якія спрабуюць нешта зрабіць для мовы, настаўнікі ўціскаюць, каб яны ішлі іншым шляхам. Да іх не прыслухоўваюцца. Я стараўся нешта рабіць, але ня змог напоўніцу».
Мсьціславец Мацьвей Дашкевіч лічыць, што для таго, каб школьнікі загаварылі на беларускай мове, патрэбныя беларускамоўныя настаўнікі, падручнікі і беларускія праграмы навучаньня.
Што да свайго імкненьня вывучаць тарашкевіцу, то Мацьвей патлумачыў:
«Я неяк убачыў незвычайны варыянт беларускага пісьма зь мяккімі знакамі. У школе такому ня вучаць. Я пашукаў крыніцы і знайшоў. Я стараюся ўдасканаліць сваю мову, даведацца пра яе больш. Гэты правапіс старэйшы за афіцыйны, таму для мяне ён больш сапраўдны».
Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.