Беларускі індыкатар „свой-чужы“ — слова „шыльда“. Гэта ня марны расейскі „шильдик“, шыльду ў нас усмоктваюць з малаком маці. Сур’ёзныя і сьмешныя адказы мінакоў на вуліцы Зьмітру Бартосіку. ВІДЭА
Чаго ад людзей хоча пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік? Няўжо правярае, ці ўмеюць чытаць?
— Скажыце, што напісана на гэтай шыльдзе?
— „Ленок“...
— „Барбэршоп“...
— Што напісана на гэтай шыльдзе?
— На якой?
— Ага! Гэта ўжо няважна, на якой: вы ведаеце слова „шыльда“!
Вынік розны, бо ўсякія ж у нас бываюць шыльды. Але галоўнае — усе скіроўваюць позірк у правільным кірунку, усе ведаюць слова шыльда. І ўсе — тутэйшыя людзі, незалежна ад мовы іхнае штодзённае камунікацыі.
Госьці з Усходу шыльды ня ведаюць
Аднак знайшоўся-такі экзатычны чалавек:
— А вы знаеце слова „шыльда“? Вам знакомо слово „шыльда“?
— „Шильдик“ да, а „шильда“ нет.
— А што такое „шильдик“?
— „Шильдик“ это вот… хрень такая там…
— А вы сами из России?
— Да!
Дыялёг выклікаў у Зьмітра хвалю лінгвістычных эмоцыяў:
— Вось тут варта задумацца... Беларуская мова — маленькая мова маленькага народу. Слова „шыльда“ ў великом и могучем русском языке ператварылася ў „шильдик“... Як сказаў прадстаўнік вялікай краіны, гэта „хрень“! „Хрень какая-то!“
Усё правільна. У расейскай літаратурнай мове і ў гаворках слова „шильда“ не было і няма. Толькі ў састарэлым тэхнічным жаргоне (не ў афіцыйнай тэрміналёгіі) ёсьць слова „шильдик“ — так называюць невялікую таблічку з назвай вытворцы і тэхнічнай інфармацыяй — фактычна этыкетку, але трывалую.
Гэты цэтлік і ёсьць „хрень“, пра якую гаварыў госьць з Усходу.
Ці слова шыльда — беларускае?
Бальшыня спытаных думае, што беларускае.
— Скажыце, вы даўно ведаеце гэтае слова?
— Шыльда? Ведаю ўвесь час! Бо я беларус і ведаю беларускую мову. А хто беларускай мовы ня ведае, напэўна, ён і ня ведае, што такое шыльда.
— А вы ўжываеце гэтае слова ў сваёй мове штодзённа?
— К сожалению, нет. Я на русском в основном говорю.
Адкуль гэтае слова ў сьвядомасьці цяперашніх — пераважна расейскамоўных — гараджанаў? Задумваюцца:
— Ну-у, у нас са школы, напэўна...
— Наверное, с детства, когда в школе учила язык.
— Некалі вучыўся ў беларускай школе.
— Я з Івейскага раёну, таму заўсёды... шыльда, шуфляда... гэта такія словы, якія... у школе яшчэ гэта было.
Ды не, наўрад ці слова шыльда з школьнае лавы. Няма ў школах прадмету шыльдазнаўства, і ў падручніках слова нячастае.
Шыльду ўсмакталі з малаком маці!
Больш даверу гэтым прызнаньням:
— Як даўно вы ведаеце гэтае слова?
— Ну, не знаю, где-то всплыло в подсознании...
— Ну-у... ніадкуль! Ведаю!
— А-а... Оно у меня в крови!
— Мы жа радзіліся ў гэтай стране, и с молоком матери передалась нам и шыльда, і ўсё астатняе!
Так, мы такія суворыя, што шыльду ў нас усмоктваюць з малаком маці!
Просьба перакласьці „шыльду“ на расейскую ня ўсім зразумелая:
— Ты подожди... как же это слово...
— „Шильда“, правільна?
— Я даже не в курсе, что такого слова нет в русском.
— Ну, наверное, „шильда“ — так і будзе.
— Адкрываеце Пушкина и Чехова — і там на кожнай старонцы „шильда“?! — іранізуе ў адказ журналіст.
Каго павесілі ў гарвыканкаме?
У Зьмітра Бартосіка, народжанага ў Ніжнім Ноўгарадзе, такія рэплікі непазьбежна выклікаюць рэакцыю:
Я выдатна памятаю, калі ўпершыню ў жыцьці пачуў беларускае слова шыльда. Гэта быў бурапенны 1992 год. Я стаяў і курыў на вуліцы Савецкай у Гомлі, і мясцовы актывіст БНФ, які прабягаў побач, сказаў мне:
— Зьміцер! Ты бачыў — шыльду павесілі на гарвыканкаме!
Я спалохана перапытаўся:
— Каго-каго павесілі ў гарвыканкаме?!
Ён пабег далей, а я пайшоў да гарвыканкаму — і зразумеў, што такое шыльда.
Пошукі адпаведнага расейскага слова, бяз гугальтрансьлейта пад рукой, усё ж даюць вынік, але не адразу:
— Шыльда? Ну, напэўна, „табличка“? Но шыльда как-то ближе...
— Скажыце, а як слова шыльда будзе по-русски?
— Вывеска?
Так. Бел. шыльда = рас. вывеска; табличка. А таксама…
— Доска, наверное?
Пашкадуйма нашых людзей, якіх паставілі ў варункі несымэтрычнага цяперашняга двумоўя: цяжка, калі адно слова ў беларускай мове адпавядае некалькім у расейскай — зрэшты, як і наадварот.
Памятная дошка, а ня „памятная шыльда“
Дарэчы, і па-беларуску лепш казаць памятная дошка (або памятная табліца), а ня „памятная шыльда“.
Беларускамоўным у штодзённым жыцьці лягчэй арыентавацца ў такіх моўных кантрастах:
— Вы нават калі гаворыце па-расейску, яго нічым не замяняеце: шыльда — і ўсё?
— Не, шыльда не скажу, вось шуфляду не замяняю. Праўда, я звычайна па-беларуску размаўляю тут. Але калі ў Пецярбург еду да сяброў, я ім не кажу: „Паглядзі, якая шыльда“. Бо яны проста не зразумеюць.
Слова шыльда ў беларускай мове пазычанае, але даволі даўно. Гэта германізм — такі самы, як і фарба, і дах, і гандаль, і тая самая шуфляда. Па-нямецку der Schild ніякага роду — дакладна тое самае, што наша шыльда. Але слова асвоенае беларускаю мовай, яно набыло жаночы род, канчатак -а, а таму непаўторнае, сваё, усім вядомае. То не хаваймася пад чужымі вывескамі, а будзьма сабою. Пад сваёй шыльдай.