Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спачатку быў хаос. А потым прыйшоў Лукашэнка»


Аляксандар Лукашэнка, 1994 год
Аляксандар Лукашэнка, 1994 год

«Спачатку не было нічога. Потым быў хаос. А потым прыйшоў Лукашэнка, і пачалася гісторыя незалежнай Беларусі».

Прыблізна так выглядае кароткая вэрсія сучаснай гісторыі Беларусі ў выкананьні цяперашняй афіцыйнай прапаганды. І задае асноўны накірунак гэтай вэрсіі сам Аляксандар Лукашэнка. Сёньня падчас выступу на Ўсебеларускім Сходзе ён заявіў — «першы этап станаўленьня незалежнай Беларусі — у 1995-2005 гадах».

То бок 1991-га году (году набыцьця незалежнасьці Беларусі), як і ўсяго пэрыяду да 1994 году, нібыта і не было! Гісторыя незалежнай Беларусі, у вэрсіі Лукашэнкі, пачынаецца толькі з 95-га году, то бок толькі пасьля ягонага абраньня прэзыдэнтам у 1994-ым.

Цікава, што ў той жа прамове Лукашэнка кажа пра 25-годдзе незалежнасьці Беларусі, якое адзначаецца сёлета. Гісторыю не перапішаш, але можна проста імкнуцца не заўважаць некаторыя яе старонкі. У свой час я адмыслова зазірнуў у школьныя падручнікі і пераканаўся, што ў іх проста няма прозьвішчаў першых кіраўнікоў незалежнай Беларусі ў 1991-94 гадах — Старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча і Старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча. Сказана толькі — «тагачаснае кіраўніцтва Беларусі» і далей нешта наконт таго, што яно «рабіла пэўныя памылкі». Таму ня дзіва, што большасьць сёньняшняй беларускай моладзі паняцьця ня мае пра тое, што «да Лукашэнкі нехта яшчэ быў».

Цяперашні кіраўнік не прымае 1991-94 ня толькі таму, што ён тады быў «усяго толькі» дэпутатам, а не аднаасобным валадаром краіны. Ён не прымае гэты пэрыяд прынцыпова і ідэйна — гэта быў час адноснай дэмакратыі, плюралізму, прадпрымальніцтва, рэформаў, новых праектаў і надзеяў. Усё, чаго так ня любіць Аляксандар Лукашэнка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG