Які шлях выхаду з крызісу прапанаваў Лукашэнка на Ўсебеларускім сходзе.
Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: Калегі, нашая перадача — «Трайны ўдар. Тры пытаньні для трох аналітыкаў», але я дазволю сябе пачаць з, так бы мовіць, нулявога пытаньня — якія вашы агульныя ўражаньні ад сёньняшняй прамовы Аляксандра Лукашэнкі?
Мне запомнілася фраза пра тое, што новая ракетная ўстаноўка «Палянэз» — «падарунак Усебеларускаму сходу». Прыгадалася апакрыфічная гісторыя пра лёзунг «Наша цель — коммунизм» на гарматнай вучэльні.
Таксама яскравым было двухсэнсоўнае пажаданьне ўраду: «Распранайцеся і працуйце».
Калі казаць у цэлым, то, магчыма, Лукашэнка здолеў стварыць для народу вобраз упэўненага ў сабе, распарадчага гаспадара, які кантралюе сытуацыю і ганяе падначаленых. Але нейкіх яскравых, прывабных формулаў, лёзунгаў у прамове Лукашэнкі, на мой погляд, не прагучала.
Карбалевіч: Паводле задумы, гэта павінен быў быць спэктакль аднага актора. Паказалі па ТБ, як пад’ехаў да будынку аўтамабіль з Лукашэнкам, як ён выйшаў і інш. То бок, з самага пачатку падкрэсьлілі, хто галоўны дэлегат.
Зьвярнуў бы увагу, што прэзыдыюм Усебеларускага народнага сходу (УНС) не выбіраўся, сход адкрыўся, прэзыдыюм ужо сядзеў. Тут ўсё лягічна, калі дэлегатаў не выбіралі, то навошта прэзыдыюм выбіраць?
Невыпадкова, сход быў прызначаны на 22 чэрвеня — дату пачатку вайны. І галоўны сэнс гэтага ходу такі: сёньня галоўнае не дабрабыт і заробкі, а мір і парадак.
Калі гучаў гімн, гучала толькі музычная частка, а слоў не было, і зразумела, што ніхто нічога не сьпяваў.
Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў, што сход прадстаўляе ўвесь народ, адкрывае ён яго ад імя народа, што гэта форма прамой дэмакратыі, жывая сувязь за народам і гэтак далей. Некалькі разоў ён рабіў на гэтым акцэнт.
Як і чакалася, у пачатку дакладу кіраўнік дзяржавы зьвярнуўся да тэмы міра, пакоя і парадку. І невыпадкова, сход быў прызначаны на 22 чэрвеня — дату пачатку вайны. І галоўны сэнс гэтага ходу такі: сёньня галоўнае не дабрабыт і заробкі, а мір і парадак. Калі не здагадваецеся, то паглядзіце на паўднёвага суседа. А дзеля гэтага трэба адзінства народа, зразумела, вакол правадыра.
Агульнае ўражаньне: ніякіх сэнсацый, навацый, нечага прынцыпова новага. Руціна, якую мы чулі шмат разоў. Апошні раз — падчас выступу Лукашэнкі з пасланьнем ў Нацыянальным сходзе ў красавіку. І галоўнае пытаньне: навошта патрэбны быў гэты форум?
Нават не было звычайнага грубага народнага гумару, за што можна было б журналістам зачапіцца.
Цыганкоў: Нічога кардынальна новага Лукашэнка не прапаноўваў. Больш за тое, значная частка яго прамовы была прысьвечаная таму, што ён катэгарычны праціўнік ломкі, шоку. Нават калі нейкія радыкальныя крокі і прымальныя, то хто іх будзе рэалізоўваць? У нас няма каму. Ён ізноў працягнуў дыскусію наконт патрэбы ў рэформах са сваімі неназванымі апанэнтамі ці са структураў улады, ці з апазыцыі, якую, дарэчы, ён узгадаў толькі адзін раз і вельмі коратка.
Галоўнае ў тэме рэформаў — ён зноў пераклаў віну на грамадзтва за тое, што рэформаў ня будзе. Ці гатовыя вы? Вы не гатовыя, я якраз гатовы.
Галоўнае ў тэме рэформаў — ён зноў пераклаў віну на грамадзтва за тое, што рэформаў ня будзе.
А калі казаць пра якую яскравую фразу, то Лукашэнка гаварыў пра гісторыю, пра развал СССР, які ён успрымае як вялікую катастрофу, ускосна працытаваўшы вядомыя словы Пуціна пра «найвялікшую геапалітычную катастрофу ХХ стагодзьдзя». Лукашэнка працягваў: «Першы этап станаўленьня незалежнай Беларусі адбываўся ў 1995 — 2005-м гадах».
То бок нібыта Беларусь не набыла незалежнасьць у 1991 годзе, як бы і не было пэрыяду з 1991 па 1994 год, калі Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам. Гісторыя незалежнай Беларусі, паводле вэрсіі Лукашэнкі, пачынаецца толькі зь яго прыходу да ўлады, а дагэтуль нічога не было.
Карбалевіч: Галоўнае — тое, што Лукашэнка ўхіліўся ад рэальнай ацэнкі цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў краіне, і каб схаваць правал мінулай пяцігодкі, Лукашэнка зрабіў хітры ход. Ён пачаў падводзіць вынікі за 20 гадоў, параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з тым, што было у сярэдзіне 1990-х гадоў. То бок знайшоў выгадны пункт адліку. Гэта як у СССР увесь час параўноўвалі з 1913 годам.
А недахопы, як прынята, сьпісваюцца на вонкавыя прычыны.
Чарговым разам Лукашэнка ўступіў у палеміку з тымі, хто прапаноўвае «радыкальныя» рэформы. Сэнс — ніякай ломкі беларускай сацыяльнай мадэлі. Галоўны кірунак — рэформа дзяржапарату. То бок, ён імкнецца неяк прымусіць дзяржаўныя інстытуты лепш працаваць, і эканоміка запрацуе. І увесь сакрэт.
Сэнс — ніякай ломкі беларускай сацыяльнай мадэлі. Галоўны кірунак — рэформа дзяржапарату.
Зьвяртаючыся да кіраўніцтва ўраду і Нацбанку, Лукашэнка сказаў: «Рабіце, што хочаце (межы ведаеце), не хадзіце да мяне па кожным пытаньні, каб зьняць з сябе адказнасьць. Але калі эканоміка спыніцца, то адкажаце вы».
То бок «ахвярныя казлы» ужо прызначаныя, бо ня можа ж сам «Бацька» адказваць за правалы.
Дзіўнавата было слухаць у такім дакладзе дробязныя тэхналягічныя падрабязнасьці, канкрэтныя задачы ў вельмі спэцыфічных сфэрах. Умоўна кажучы, ці варта расказваць як перабіраць бульбу (як ў вядомым анэкдоце)?
Цыганкоў: Выказваньні былі супярэчлівыя. Шмат было дробных тэмаў, калі Лукашэнка раптам казаў пра вышэйшую адукацыю рэчы, якія выглядаюць больш дарэчнымі для міністра ці намесьніка міністра, а не для прэзыдэнта, які, паводле задумы, на такім вялікім форуме, павінен ставіць нейкія стратэгічныя цэлі.
Вельмі цікава ён абышоў апошнія «дасягненьні» — правалы апошніх гадоў. Натуральна, Лукашэнка нічога не ўзгадаў пра тыя абяцаньні, якія былі дадзеныя падчас апошняга Ўсебеларускага народнага сходу. Тады на ім прагучала лічба ў 1000 даляраў, якой павінен дасягнуць беларускі заробак да наступнага сходу ў 2016 годзе. Цяпер ня толькі няма заробку ў 1000 даляраў, а ён нават меншы, чым быў у 2010 годзе.
Праўдападобна, рыхтуецца рашэньне аб павялічэньні заробку для чыноўнікаў. Можна прадказаць, як нэгатыўна гэта будзе ўспрынята большасьцю насельніцтва.
Аляксандар Лукашэнка ня тое, каб адрынуў адразу ўсе тыя рэформы, якія патрабуе ад яго грамадзтва і частка намэнклятуры. Ён якраз сказаў пра тое, што не патрэбная рэвалюцыя, а патрэбны паступовы рух наперад. Калі задацца пытаньнем «якім шляхам?», то пра гэта нічога сказана не было. Прамова была сказаная ў рэчышчы «ўзмацніць, палепшыць» і г.д. Кіраўнік дзяржавы, як вядома, баіцца слова «рэформы», аддае перавагу іншым слоўным адзінкам — такім, як «пераўтварэньні». На гэты раз «рэформы» ён ужываў толькі ў палемічным сэнсе.
Карбалевіч: Адзінае месца, дзе Лукашэнка казаў пра рэформы, гэта рэформы дзяржапарату. Ён імкнецца прымусіць дзяржаўныя інстытуты неяк лепш працаваць, і менавіта такім чынам прымусіць працаваць усю эканоміку. Дык ужо ж два разы скарачалі. І які вынік?
Прыклад неэфэктыўнасьці беларускай мадэлі ён сам прывёў. На сельскую гаспадарку затрацілі звыш 50 млрд. даляраў. Але ў галіне існуюць вялікія праблемы з рэнтабэльнасьцю і акупальнасьцю. А выдаткі на вытворчасьць прадукцыі ў 1,5 раза вышэй, чым у разьвітых краінах.
Цыганкоў: Ён падчас прамовы шмат казаў пра магчымасьць павелічэньня аплаты дзяржаўным чыноўнікам. Літаральна так: «Мы павінны прыцягваць у дзяржаўны апарат самых лепшых. У тым ліку і праз аплату працы. Прыйшоў час прыняць гэтае рашэньне». То бок, трэба разумець, рыхтуецца рашэньне аб павялічэньні заробку для чыноўнікаў. Можна прадказаць, як нэгатыўна гэта будзе ўспрынята большасьцю насельніцтва на фоне эканамічнага крызісу і падзеньня даходаў.
Дракахруст: Незадоўга да пачатку гэтага дзейства ў «Советской Белоруссии», то бок у органе адміністрацыі прэзыдэнта, зьявіўся артыкул былога памочніка прэзыдэнта Сяргея Ткачова, ідэоляга кансэрватыўнай плыні ў беларускім эканамічным істэблішменце, з даволі рэзкай крытыкай тых палажэньняў, афіцыйнай праграмы, якая выносілася на гэты самы сход. Гэта рэдкая зьява ў беларускай палітычнай практыцы.
У шэрагу выданьняў праграма, прапанаваная на Ўсебеларускі сход, трактавалася як ледзьве не лібэральны пераварот, здрада каштоўнасьцям беларускай мадэлі.
У шэрагу іншых, менш вядомых выданьняў гэтая крытыка была яшчэ больш вострай, праграма, прапанаваная на Ўсебеларускі сход, увогуле трактавалася як ледзьве не лібэральны пераварот, здрада каштоўнасьцям беларускай мадэлі.
Як мне падалося, Лукашэнка ў сваім выступе паспрабаваў збалянсаваць дзьве плыні. На агульным узроўні, сапраўды, заяўлялася: ніякага радыкалізму, ніякай ломкі.
Але ў сваёй прамове ён пасьля такой прэамбулы «ўпакоўваў» у прыгожую абалонку рэчы даволі радыкальныя, якія ўжо зробленыя. Напрыклад, ён сказаў, што фінансавая стабілізацыя павінна быць, што інфляцыя не павінна перавышаць 5% за год. Ну, а што гэта азначае? Гэта азначае жорсткую палітыку Нацыянальнага банку і праблемы ў дзяржаўных прадпрыемстваў.
Цікава, як ён упакоўваў у «салодкае» два важныя сюжэты апошніх месяцаў. Сказаў, што павінныя быць жыльлёвыя субсыдыі, каб скампэнсаваць падвышэньне камунальных тарыфаў. І будзем падвышаць пэнсіі, але ж вы разумееце, што гэта наступствы падвышэньня пэнсійнага ўзросту.
Гэта рэчы дастаткова радыкальныя, але прыгаданыя былі гэтак «праз коску», маўляў, зьменаў ня будзе, ломкі ня будзе, а гэта так, працоўныя моманты, не зьвяртаеце ўвагі.
Мне падалося, што вось гэтыя акцэнты адлюстроўваюць барацьбу розных плыняў у атачэньні Лукашэнкі, а магчыма — і ў ім самім.