Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масквічка раскруцілася на YouTube зь беларускамоўнай песьняй і зьбіраецца на Эўравізію ад Беларусі


Маладая расейская сьпявачка Соф'я Лапіна
Маладая расейская сьпявачка Соф'я Лапіна

Відэа маладой сьпявачкі з Масквы Соф'і Лапінай зь беларускамоўнай песьняй узьляцела ў рэйтынгах расейскага YouTube — больш за паўмільёна праглядаў за тыдзень. Дзяўчына піша альбом пра ядзерную вайну, зьбіраецца на Эўравізію і навучаецца вакалу ў беларускага сьпевака Пятра Ялфімава.

Нечакана для жыхароў Расеі ўжо некалькі дзён у топе найбольш трэндавых відэа ў YouTube стаіць незвычайная для ўсходніх суседзяў кампазыцыя — кавэр на беларускамоўную песьню «Новы дзень» (муз. Уладзіміра Курловіча, сл. Сяргея Бурца), якую выканаў гурт Sonika для фільму «Вышэй за неба», прадусарам і сцэнарыстам якога выступіў Андрэй Курэйчык.


Выконвала кавэр пад акампанэмент гітарыста «Ночных снайперов» маладая расейская сьпявачка з Масквы Соф'я Лапіна. Яна мае ня толькі свой YouTube-канал і старонкі ў сацсетках, але і сайт, дзе прэзэнтуе свой будучы альбом. Альбом прысьвечаны «некалі шчасьлівай сям'і, якая пацярпела з-за канфліктаў ядзерных дзяржаў», і над ім працуе цэлая каманда піяршчыкаў, кінарэжысэраў, кампазытараў і харэографаў.

А вось настаўнік па вакале і куратар у Соф'і — вядомы беларускі сьпявак Пётар Ялфімаў, які ў свой час прадстаўляў Беларусь на Эўравізіі. На відэа бачна, як Ялфімаў дае Лапінай урокі на прыкладах беларускамоўных песень.

Відэа раскручвалі ў расейскіх сацсетках

Відэа, на якім расейка сьпявае беларускамоўную песьню, за тыдзень набрала больш як 550 тысяч праглядаў. Цікава, што «вірусны» ролік быў зьмешчаны на канале не самой сьпявачкі, а яе прадусара, Аляксандра Буша. Тое ж відэа даступна і на асабістым канале Лапінай, але там у яго ўсяго некалькі соцень праглядаў.

Запісы са спасылкай на песьню «Новы дзень» у выкананьні Лапінай зьявіліся ў самых розных суполках у сацыяльных сетках краін-суседзей — ад розных аўтабарахолак да «Музыки Казахстана» і «Типичной Караганды». Зразумела, што такім чынам піяршчыкі сьпявачкі раскручвалі відэа. Але чаму дзе ля гэтага абралі менавіта песьню на беларускай мове? Ці зьвязана гэта з тым, што Соф'я можа паспрабаваць стаць канкурсантам Эўравізіі ад Беларусі — асабліва калі ўспомніць, што за настаўніка ў яе былы беларускі ўдзельнік, а сама маладая сьпявачка пад адным са сваіх відэа піша пра жаданьне паўдзельнічаць у спаборніцтве ў наступным годзе?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да каманды сьпявачкі.

«Нам усім вельмі блізкі народ Беларусі»

— Песьня не выбіралася і не выконвалася Соф'яй для «раскруткі». Гэтую песьню яна развучыла яшчэ год таму разам са сваім выкладчыкам Пятром Ялфімавым проста таму, што яна ёй вельмі спадабалася, — сказаў Свабодзе прадусар Лапінай Сяргей Кім. — Што тычыцца нашумелага відэа, то яно было запісана выключна з павагі да народу Беларусі, чыю краіну Соф'я хоча паспрабаваць прадставіць на конкурсе «Эўравізія» ў наступным годзе. Пра якую-небудзь «раскрутку» не было нават думак, а было толькі жаданьне данесьці гэты кавэр да жыхароў Беларусі.

— Чаму відэа не прасоўвалася ў Беларусі?

— Па-першае, відэа прасоўвалася ў невялікіх беларускіх пабліках у сацсетках — у тых суполках, дзе яго пагадзіліся апублікаваць. Па-другое, большасьць інтэрнэт-СМІ, а таксама шматлікія паблікі ні на якіх умовах не пагадзіліся з намі супрацоўнічаць, матывуючы тым, што іх аўдыторыі Софʼя ня будзе цікавая, бо яна з Расеі. Тым дзіўней было ўбачыць так шмат публікацый пра яе цяпер.

Магчыма, ужо вядома, зь якой песьняй Софʼя будзе ўдзельнічаць у нацыянальным беларускім адборы да Эўравізіі? Ці няма перашкодаў — з улікам таго, што ў дзяўчыны расейскае грамадзянства?

— Сёньня, літаральна некалькі гадзін таму, адбыўся рэліз песьні для адбору.

Што тычыцца грамадзянства сьпявачкі і ўдзелу ў міжнародным конкурсе, перашкод няма. У палажэньні аб правядзеньні Эўравізіі напісана, што грамадзянін любой краіны можа прадстаўляць любую краіну. Але з Рэспублікай Беларусь ня ўсё так проста. Палажэньне аб правядзеньні нацыянальнага адбору да гэтага часу не апублікавана. Ніхто ня ведае, якія будуць умовы ўдзелу ў адборы гэтым разам і ці будзе наагул адбор. Гэта вельмі непакоіць Софʼю і ўсю яе каманду.

Чым усё ж выклікана жаданьне Лапінай удзельнічаць у Эўравізіі ад Беларусі?

— Нам усім вельмі блізкі народ Беларусі. У нас шмат сяброў і родных у гэтай выдатнай краіне. З дазволу самой Софʼі адкрыю невялікі сакрэт: яе абраньнік зь Менску, музыкант.

У Софʼі выдатны музычны матэрыял усясьветнага ўзроўню. А Беларусь даўно не займала высокіх месцаў на Эўравізіі. Дык чаму б не паспрабаваць нешта зьмяніць нарэшце? А ўдзельнічаць у адборы Софʼю папрасіў асабіста Пётар Ялфімаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG