Родныя загінулых пры крушэньні ў Данецкай вобласьці рэйсу MH17, які выконваў «Боінг» авіякампаніі Malaysia Airlines, зьвярнуліся да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніцы Эўракамісіі Ўрзулі фон дэр Ляен.
Яны запатрабавалі не заключаць мірнае пагадненьне без прызнаньня Расеяй адказнасьці за катастрофу. Аб гэтым піша «Европейская правда».
Родныя загінулых у катастрофе рэйсу MH17 лічаць, што надзейнае мірнае пагадненьне паміж Расеяй і Ўкраінай немагчымае без прызнаньня Масквой адказнасьці за крушэньне самалёта. У лістах, копіі якіх ёсьць у распараджэньні рэдакцыі, яны падкрэсьліваюць, што бяз гэтага «ня можа быць трывалага міру».
Сваякі ахвяр ужо даўно дабіваюцца прызнаньня віны Расеі. Іх пазыцыю падтрымлівае ўрад Нідэрляндаў, паколькі большасьць пасажыраў рэйсу — 192 чалавекі — былі грамадзянамі гэтай краіны.
23 чэрвеня 2022 году ў ПАРЭ заявілі, што «найбольш пераканаўчы сцэнар, што MH17 зьбіты расейскім «Букам».
- Пасажырскі самалёт Malaysia Airlines, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над Данецкай вобласьцю Ўкраіны 17 ліпеня 2014 года.
- Міжнароднае расьсьледаваньне ўстанавіла, што ляйнэр зьнішчылі ракетай, выпушчанай з расейскага зэнітнага комплексу «Бук».
- Ахвярамі катастрофы сталі 298 чалавек.
- 17 лістапада 2022 года Акруговы суд Гаагі завочна прысудзіў да пажыцьцёвага зьняволеньня траіх абвінавачаных па справе аб крушэньні — Ігара Гіркіна (Стралкова), Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку.
- Сьледзтва ўстанавіла, што яны арганізоўвалі транспарціроўку комплексу «Бук», з якога быў зьбіты самалёт.
- Крымінальная справа ў дачыненьні да Стралкова была ўзбуджана таксама і ў Расеі.
- У ліпені 2023 года яго затрымалі ў Маскве. Яму было прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле аб закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці. Прычынай сталі яго пасты ў тэлеграм-канале. У студзені суд пакараў яго на чатыры гады пазбаўленьня волі.