Тым не менш, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп позна ўвечары 20 красавіка заявіў:
«Спадзяюся, Украіна і Расея дамовяцца на гэтым тыдні. Тады абодва бакі пачнуць весьці вялікі бізнэс са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, якія квітнеюць, і заробяць багацьце!», — Трамп напісаў на сваёй плятформе Truth Social без удакладненьняў.
19 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў аднабаковае перамір’е з 18.00 у гэты дзень да поўначы 21 красавіка.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, што Пуцін не аддаваў загадаў працягваць рэжым спыненьня агню пасьля поўначы.
Паветраныя атакі на Ўкраіну аднавіліся раніцай 21 красавіка. Празь некалькі гадзін пасьля заплянаванага заканчэньня велікоднага перамірʼя па Кіеве завылі сырэны паветранай трывогі, у той час як мэр Мікалаева паведаміў, што ў гэтым паўднёвым горадзе былі чутныя выбухі.
У Міністэрстве абароны Расеі 21 красавіка заявілі, што працягваюць баявыя дзеяньні пасьля Велікоднага перамір’я, піша ТАСС.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней прапанаваў, каб у сувязі з відавочнай адмовай Расеі прыняць больш доўгае поўнамаштабнае спыненьне агню абодва бакі пагадзіліся прыпыніць паветраныя атакі на грамадзянскую інфраструктуру як мінімум на 30 дзён.
«Украіна прапануе спыніць любыя ўдары з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і ракет далёкага дзеяньня па грамадзянскай інфраструктуры на тэрмін не менш за 30 дзён з магчымасьцю падаўжэньня.
Калі Расея не пагодзіцца на такі крок, гэта будзе доказам таго, што яна мае намер працягваць рабіць толькі тое, што зьнішчае чалавечыя жыцьці і працягвае вайну», — сказаў Зяленскі.
Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што дзеяньні Масквы пасьля спыненьня перамір’я пакажуць рэальнае стаўленьне Крамля да любых ініцыятываў па спыненьні вайны.
«Што тычыцца так званага „велікоднага спыненьня агню“, мы дагэтуль не пачулі адказу Масквы на нашу прапанову падоўжыць яго да 30 дзён», — напісаў ён на X.
«Дзеяньні Расеі пасьля поўначы 21 красавіка, заўтра і на працягу ўсяго тыдня пакажуць сапраўднае стаўленьне Расеі да мірных намаганьняў ЗША і прапановы аб 30-дзённым поўным спыненьні агню. Яны пакажуць, ці сурʼёзна Расея ставіцца да міру, ці ўчорашнія заявы Пуціна былі проста маніпуляцыямі», — дадаў Сыбіга.
Раней Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што будзе вітаць падаўжэньне велікоднага рэжыму спыненьня агню.
«Мы бачылі заяву прэзыдэнта Пуціна аб часовым спыненьні агню ў сувязі з Вялікаднем. Мы па-ранейшаму адданыя дасягненьню поўнага і ўсёабдымнага спыненьня агню», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамэнта, разасланай па электроннай пошце ў СМІ.
«Паколькі мы ацэньваем іх сурʼёзнасьць у гэтым выпадку, мы віталі б, каб гэта працягнулася пасьля нядзелі», — дадаецца ў заяве.
Раньняй раніцай 21 красавіка Зяленскі абвінаваціў Расею ў 2935 парушэньнях пасьля закліку Пуціна аб велікодным перамірʼі, хоць і дадаў, што за гэты пэрыяд «не было папярэджаньняў аб авіяналётах».
«Альбо Пуцін ня мае поўнага кантролю над сваёй арміяй, альбо сытуацыя сьведчыць аб тым, што ў Расеі ня маюць намеру рабіць сапраўдныя крокі да спыненьня вайны», — напісаў Зяленскі ў X 20 красавіка.
Немагчыма было незалежна пацьвердзіць гэтыя заявы.
На відэа, дасланым Радыё Свабода ўкраінскай гуманітарнай арганізацыяй, бачная атаку бесьпілётнікаў на машыны, якія эвакуявалі мірных жыхароў, каля Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці Ўкраіны.
Пацярпелі Яўген Ткачоў з арганізацыі «Проліска» і цывільная жанчына. Яе і яе мужа, які пацярпеў ад шоку, даставілі ў шпіталь.
20 красавіка Зяленскі напісаў у сацсетках, што «самы высокі ўзровень баявой актыўнасьці Расеі на гэты Вялікдзень быў на Пакроўскім напрамку», які знаходзіцца прыкладна ў 50 кілямэтрах на паўднёвы захад ад Канстанцінаўкі.
«Словы Пуціна аб „спыненьні агню“ таксама аказаліся пустымі ў Курскай вобласьці, на Сіверскім напрамку і на іншых кірунках у Данецкай вобласьці», — дадаў Зяленскі.
Расейскія ўлады паведамілі як мінімум пра тры выбухі ў акупаванай Расеяй Данецкай вобласьці Ўкраіны раніцай 20 красавіка. Міністэрства абароны сьцьвярджае, што за ноч Кіеў нанёс 48 удараў бесьпілётнікаў па аб’ектах у Расеі і акупаванай Расеяй Украіне.
Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы дзейнічаюць «цалкам сымэтрычна» Маскве.
Між тым, у якасьці яшчэ аднай прыкметы ўзмацненьня міжнароднай напружанасьці пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе, Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла аб нядаўнім перахопе расейскіх ваенных самалётаў над Балтыйскім морам.
У ім згадваюцца два інцыдэнты, якія адбыліся 15 і 17 красавіка, калі брытанскія самалёты падняліся на перахоп расейскіх самалётаў.
Што думаюць украінцы пра Велікоднае спыненьне агню?
У Кіеве ў час, калі сьвятары акраплялі вернікаў сьвятой вадой, у людзей адчуваўся глыбокі скэпсіс наконт велікоднага перамір’я.
«Я вельмі на гэта спадзяюся, але ня веру ў гэта. Яны (расейцы) кажуць адно, а робяць наадварот», — сказаў 37-гадовы ІТ-работнік Дзьмітрый.
«У гэта ніхто ня верыць, — кажа 40-гадовая Вольга Малашук, якая працуе ў продажы. «[Пуцін], напэўна, хоча пераўзброіць войскі, таму яму ўжо ніхто ня верыць».
Былі таксама сумневы сярод грамадзянскіх асоб у Маскве, дзе Радыё Свабода фактычна забароненае і ня можа працаваць.
58-гадовы Яўген Паўлаў заявіў агенцтву AFP, што «гэта бессэнсоўна, таму што я не давяраю Ўкраіне».
«Нельга даваць ім адпачынак. Калі мы націскаем на іх, трэба давесьці справу да канца», — дадаў ён.
85-гадовая Марыя Гараніна сказала: «Нам трэба пакончыць з гэтым — альбо так, альбо не. Альбо заключыць мір назаўсёды, альбо ўвогуле».
Пагроза Трампа сысьці
Абвяшчэньне Пуціным перамірʼі адбылося пасьля сыгналаў Трампа і іншых афіцыйных асоб ЗША, якія скардзіліся на павольны прагрэс у перамовах па ўрэгуляваньні вайны ва Ўкраіне, якая ідзе ўжо чацьвёрты год.
Трамп 18 красавіка заявіў, што перамовы Ўкраіны і Расеі «набліжаюцца да вяршыні». Між тым дзяржсакратар Марка Рубіё папярэдзіў, што Злучаныя Штаты могуць «адысьці» ад спробаў заключыць мірнае пагадненьне, калі ў бліжэйшыя дні не будзе прагрэсу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.