Пра крызісныя зьявы ў расейскай эканоміцы піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель.
Праца на таксі ў расейскай сталіцы ніколі не была вельмі прыбытковай для Саіда, таджыцкага мігранта, які жыве ў Падмаскоўі, але аплочваць рахункі дазваляла. Але за апошнія тыдні, кажа ён, бэнзін падаражэў больш чым на 30 працэнтаў — з 45 расейскіх рублёў за літар да 60. У цэлым яго штодзённы чысты заробак складае ўсяго тры чвэрці ад ранейшага, кажа ён; ён ледзь пакрывае выдаткі на жыцьцё.
«Вы працуеце, і вы плаціце арэндную плату, і вы плаціце за бэнзін — гэта ўсе вашы выдаткі», — сказаў ён Радыё Свабода, папрасіўшы называць толькі ягонае імя.
І расейская сталіца — не адзіная мясцовасьць, дзе назіраецца ўсплёск цэнаў на бэнзін.
«Падобна, што Расея на мяжы поўнамаштабнага паліўнага крызісу», — заявіў у мінулым месяцы адзін з найбуйнейшых таблоідаў Масквы, паказаўшы рост колькасьці рэгіёнаў, зь якіх паведамляюць аб недахопе паліва і павышэньні цэнаў на яго.
Дэфіцыт тлумачаць пераважна зусім неэканамічным фактарам: мэтанакіраванай кампаніяй Узброеных сілаў Украіны, якія дронамі зьнішчылі 17 працэнтаў нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў Расеі .
А гэта трывожыць расейскіх спажыўцоў, якія ўсё больш адчуваюць на сабе наступствы запаволеньня эканомікі. Пасьля некалькіх гадоў імклівага росту, выкліканага дзяржаўнымі выдаткамі на распальваньне вайны ва Ўкраіне, расейская эканоміка ледзь рухаецца. Цэнтральны банк 12 верасьня зноў панізіў працэнтныя стаўкі, спрабуючы зьмякчыць рост інфляцыі — ёсьць надзея, што гэта дапаможа збалянсаваць эканоміку. Крэмль спадзяецца, што запаволеньне эканомікі не падарве падтрымку насельніцтвам вайны ва Ўкраіне.
«Крызіс працягваецца, ён разьвіваецца, ён расьце, ён узмацняецца», — сказаў расейскі эканаміст Ігар Ліпсіц Татарска-Башкірскай службе Радыё Свабода.
«І ўжо няма як схаваць гэта цалкам, і хлусіць цалкам таксама нядобра, бо потым насельніцтва раптам прачнецца і спытае: „Чаму вы не сказалі нам, што сытуацыя ў краіне дрэнная“?», — дадаў ён.
Іншыя эканамісты ня лічаць запаволеньне ані крытычным, ані непрадбачаным.
«Гэта чаканае запаволеньне тэмпаў росту. Цяпер гэта вельмі падобна на мяккую пасадку, а не на востры крызіс усякага кшталту», — сказала Лаўра Соланка, эканаміст Інстытуту дасьледаваньня эканомік у разьвіцьці Банку Фінляндыі.
Эканамічны спад
Ужо больш за два гады расейская эканоміка рухаецца наперад як грузавік з магутным маторам, але ўсё больш разбалянсаванымі коламі. Сам гэты грузавік — прадукт нацыянальнай прамысловай палітыкі імпартазамяшчэньня, скіраванай на вядзеньне вайны з Украінай. Крэмль, сілкуючыся з экспарту нафты і газу, напампаваў эканоміку рублямі і надаў прыярытэт вытворчасьці танкаў, гарматаў, снарадаў, дронаў, уніформы і рыштунку для салдатаў.
Агульныя выдаткі на абарону і бясьпеку дасягнулі 41% ад усіх выдаткаў у 2025 годзе, паводле ўрадавых зьвестак — гэта найвышэйшы паказьнік з часоў халоднай вайны. У той жа час, каб войскі былі цалкам укамплектаваныя, урад выплочвае надзвычай высокія заробкі і дае льготы, каб заахвочваць мужчын ісьці на вайну добраахвотнікамі.
У выніку найбяднейшыя рэгіёны Расеі напампаваныя гатоўкай, але рынкі працы дэфармаваліся, падштурхнуўшы заработную плату і інфляцыю амаль на 10 адсоткаў. Гэта, у сваю чаргу, прымусіла Цэнтральны банк падняць крэдытныя стаўкі, якія ўплываюць на такія рэчы, як аўтакрэдыты і іпатэкі, каб стрымаць інфляцыю.
Вынік вайны?
За першыя тры месяцы гэтага году ВУП упаў на 0,6 працэнта ў параўнаньні з папярэднімі трыма месяцамі. Гэта першае скарачэньне з 2022 году, калі пры ўвядзеньні заходніх санкцыяў і сыходу заходніх кампаніяў з Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну эканоміка скарацілася на 1,4%.
Галоўныя дарадцы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна публічна папярэдзілі аб запаволеньні. Міністар фінансаў Антон Сілуанаў сказаў Пуціну, што эканоміка вырасьце ўсяго на 1,5%. Празь некалькі дзён міністар эканомікі Максім Рашэтнікаў папярэдзіў, што эканоміка «астывае хутчэй, чым чакалася». Герман Грэф, які ўзначальвае дзяржаўны банк-гігант «Сбербанк», папярэдзіў аб магчымай «стагнацыі».
Сам Пуцін паспрабаваў зьмякчыць трывогу з прычыны запаволеньня.
«Я ўпэўнены, што ў канчатковым выніку нам удасца разьвязаць праблемы, захаваць неабходны тэмп эканамічнага росту пры мінімальным узроўні інфляцыі», — сказаў ён на бізнэс-форуме ва Ўладзівастоку.
«Усе таксама разумеюць, што калі інфляцыя бужхе захлістваць эканоміку, нічога добрага ня будзе».
Гарматы, а ня масла
12 верасьня Цэнтральны банк Расеі аб’явіў аб сьціплым зьніжэньні ключавой стаўкі — трэцім сёлета. Інфляцыя затрымалася на ўзроўні 8,2%, што больш як удвая перавышае мэтавы паказьнік банку.
«Такім чынам, далей будзе стагнацыя — у істоце, нулявы ці аднапрацэнтны рост — і пасьля пачнецца рэцэсія», — сказаў Багдан Бакалейка, былы расейскі журналіст і эканамічны аглядальнік.
Калі стагфляцыя ці рэцэсія прывядуць да росту беспрацоўя, сказаў Бакалейка, гэта патэнцыйна падштурхне больш людзей ваяваць ва Ўкраіне дзеля заробку і льготаў, прапанаваных Міністэрствам абароны.
Расейцы «або застануцца бяз грошай, бяз працы і бязь ежы, або яны падпішуць кантракт зь Міністэрствам абароны, бо на гэта грошы заўсёды будуць, — сказаў ён. — Такім чынам, эканамічныя праблемы насамрэч граюць на руку Ўладзіміру Пуціну».
Дадатковыя выклікі
Запаволеньне аказвае ціск на дзяржаўны бюджэт, які ўжо сутыкнуўся з дэфіцытам, — ён дасягне 5 трыльёнаў расейскіх рублёў (60 мільярдаў даляраў) у 2025 годзе. Але Крэмль не выяўляе прыкметаў жаданьня скараціць ваенныя выдаткі.
«Здольнасьць Расеі падтрымліваць свае ваенныя пазыцыі ў значнай ступені залежыць ад цэнаў на нафту і траекторыі рэжыму санкцыяў, — гаворыцца ў дакладзе Інстытуту міжнароднай эканомікі імя Пэтэрсана. — Калі Расея пацярпіць няўдачы на полі бою, ваюючы абмежаванымі рэсурсамі, яна можа быць вымушаная скарэктаваць свой падыход, або запаволіўшы наступ, або дэманструючы большую адкрытасьць да перамоваў».
У мінулым месяцы інфармацыйнае агенцтва Reuters з спасылкай на неназваных чыноўнікаў заявіла, што павышэньне падаткаў у Расеі непазьбежнае. The Bell, расейскае бізнэс-выданьне, паведаміла, што палітыкі, якія разьлічваюць выпрацаваць праект бюджэтнага пляну да канца верасьня, схіляюцца да павышэньня нацыянальнага падатку на даданую вартасьць на два адсоткі — да 22%. Гэта можа падштурхнуць спажывецкія цэны насуперак жаданьню Цэнтральнага банку зьменшыць інфляцыю.
«Гэта самы драпежніцкі падатак, самы задушлівы для эканомікі і для насельніцтва, бо яго зьбіраюць, так бы мовіць, з усёй эканамічнай дзейнасьці — з усёй прадукцыі і попыту ўнутры краіны», — сказаў ён.
«Гэта падарве расійскую прамысловасьць, цывільную прамысловасьць, бо яна проста будзе вымушаная перакласьці гэтыя вытворчыя выдаткі... на канчатковага спажыўца», — зазначыў экспэрт.
У выніку цэны ўзьлятуць прынамсі на 10-15%, мяркуе Жукоўскі. Для насельніцтва гэта ўдар па гаманцы, спад узроўню жыцьця і рэальнай пакупніцкай здольнасьці насельніцтва, кажа ён.