Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія пранкеры разыгралі Сьвятлану Алексіевіч. Фядута: «Сабакі брэшуць, караван ідзе»


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Расейскія пранкеры Ваван і Лексус патэлефанавалі нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч і прадставіліся міністрам культуры Ўкраіны Яўгенам Нішчуком.

На ютуб-канале пранкераў запісу размовы са Сьвятланай Алексіевіч пакуль няма. Але фрагмэнты гукавой вэрсіі паказаў расейскі тэлеканал РТР. Размове пранкераў зь пісьменьніцай ён прысьвяціў 5 хвілін эфірнага часу.

* * *

Пранкер: Адну з узнагарод, пра якую я гаварыў з прэзыдэнтам, гэта вельмі ганаровая ўзнагарода, «Ордэн нябеснай сотні»

Алексіевіч: Так, канечне, гэта вялікая ўзнагарода.

Пранкер: Ордэн Нябеснай сотні мы ўручаем у тым ліку і замежным грамадзянам.

Алексіевіч: Добра. Я вельмі ўдзячная вам за гэтае жаданьне і падтрымку. Гэта, канечне, ускладніць маё жыцьцё. Але яшчэ раз засьведчыць, што я не адмаўляюся ад сваіх перакананьняў.

* * *

Алексіевіч: Тое, што робіць сёньня Расея, разлагае яе ўласны народ.

* * *

Алексіевіч: Працэс дэкамунізацыі, які ў вас ідзе, помнікі, чым хутчэй, тым лепш.

Пранкер: Я лічу, што ня столькі дэкамунізацыя, колькі дэрусыфікацыя

Алексіевіч: Гэта вельмі складаная праблема. Я думаю, што яна можа вырашыцца ў новых пакаленьнях. Калі з садку гадаваць людзей інакш.

У ролі экспэртаў, якія ацэньваюць словы Алексіевіч, выступілі пісьменьнік Захар Прылепін, вядомы сваёй падтрымкай сэпаратыстаў у так званых ДНР і ЛНР, пісьменьнік Вадзім Левенталь і журналіст Максім Кананека. Яны абвінавацілі ляўрэатку нобэлеўскай прэміі «ў разуменьні забойства рускіх людзей» і «сучасным фашызьме», «ультраправай рыторыцы». Сваю ацэнку словам Алексіевіч выказалі і журналісты РТР, заявіўшы, што «Алексіевіч жыве ў паралельнай рэальнасьці».

На сайце РТР зьявілася інфармацыя пра другі розыгрыш. Падчас другога званка Алексіевіч пранкер прадставіўся супрацоўнікам Міністэрства культуры Расеі. Пісьменьніцы прапанавалі сустрэчу з Пуціным і Ордэн дружбы народаў.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

У інтэрвію Свабодзе гэты выпадак з нобэлеўскай ляўрэаткай пракамэнтаваў публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута:

«Па-першае, на гэта наагул ня трэба рэагаваць. Як на ўсё гэта павінна рэагаваць Сьвятлана Аляксандраўна, гэта яе асабістая справа. Але, на мой погляд, яна знаходзіцца ў такім высокім статусе, што на ўсіх гэтых пранкераў, прабачце, яна не павінна зьвяртаць увагу са сваёй вышыні.

А што тычыцца расейскіх агенцый і тэлеканалаў, яна ведала, што робіць, калі пачала публічна і сумленна крытыкаваць цяперашнюю расейскую ўладу. І тое, што адказ будзе, яна ведала. Я думаю, Сьвятлана Алексіевіч сьвядома рабіла гэта. Зразумела, што тыя, хто працуе на Пуціна, будуць працаваць супраць яе.

У біяграфіі Сьвятланы Алексіевіч тое, што яе разыгралі нейкія пранкеры і крытыкаваў нейкі расейскі тэлеканал, пазначана дакладна ня будзе. А вось тое, што яна ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, застанецца навекі.

З майго пункту гледжаньня, Сьвятлана Алексіевіч на ўсіх гэтых пранкераў і расейскія каналы павінна глядзець па-філязофску: „Сабака брэша, а караван ідзе“. У той жа Расеі ёсьць Кісялёвы і пранкеры, а ёсьць прыхільнікі яе творчасьці. Як кніжкі будуць выдаваць і купляць у Расеі. І ў Расеі ёсьць частка грамадзтва, якая супраць Пуціна, але за Алексіевіч».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG