Сьцісла:
- Пра беларускі фразэалягізм „пусьці-павалюся“ пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік распытаў менчукоў на вуліцы (запіс 2019 году).
- Выразу ня ведаюць многія расейскамоўныя гараджане, а нават ня ўсе беларускамоўныя.
- Паводле спытаных, выраз можа быць пра п’яных ці пра грузчыкаў.
- Сярод апытаных выпадкова апынуўся Генадзь Давыдзька — калісьці актор-купалавец, а потым ідэалягічны чыноўнік. Ён беларускай мовай валодае бездакорна, але дапусьціў, што гэта назва расьліны.
- А Рыгор Барадулін ужываў гэты родны яму выраз у вершах.
- Знайшліся тыя, хто ведаў значэньне выразу: або пра фізычна слабога чалавека, або пра бязвольнага, безадказнага, ня здольнага добра працаваць.
- Ці гэта рыса беларускага нацыянальнага характару? Людзі катэгарычна запярэчылі. Адна жанчына нават ацаніла колькасьць „пусьці-павалюся“ сярод беларусаў — у 30%: астатнія 70% маюць хрыбет.
Вулічнае апытаньне. ВІДЭА:
Беларускі фразэалягізм „пусьці-павалюся“, здавалася б, настолькі вобразны, што яго мусіць ведаць і патлумачыць кожны беларус. Каб высьветліць гэта, пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік правёў каля менскай Камароўкі вулічнае апытаньне — яшчэ да пандэміі і вайны.
Найперш выявілася, што працэс вымываньня беларускае мовы зь сьвядомасьці людзей закрануў нават такія выразы.
— Што азначае беларускі выраз „пусьці-павалюся”?
— Ой, честно, не знаю.
— Выраз ня чула. Я не знаю беларускую мову, к сожалению.
— Вы, наверное, сами на беларускай мове размаўляеце?!..
Апошняя рэакцыя вельмі калярытная. Мо расейскамоўныя гараджане сапраўды ня чулі такога выразу? Але і беларускамоўныя яго, бывае, выракаюцца:
— „Пусьці-павалюся“? Ня ведаю!
— Ня чулі?
— Нет, ня чуў.
Цьвёрда дапытваў Давыдзьку Бартосік
І тут Зьміцер угледзеў у кірмашовым тлуме не абы-каго, а Генадзя Давыдзьку. І ў надзеі на зьмястоўны дыялёг рушыў да яго, разважаючы сам сабе:
— Гэта ж выраз пра поле бою з самім сабой, з сваімі слабасьцямі, з сваёю бесхарактарнасьцю, карацей, тэма павінна быць вельмі блізкая для беларускага народу. Зараз пераканаемся.
Прадмова невыпадковая. Калісьці Давыдзька быў акторам, рэжысэрам Купалаўскага тэатру, а потым рушыў па чыноўных драбінах. Пабываў кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі — пры ім здымалі і паказвалі пасквілі пра беларускіх дэмакратычных палітыкаў. На момант запісу відэа быў старшынём праўладнай арганізацыі „Белая Русь“.
Праўда, ад журналіста Радыё Свабода не ўцякаў, на пытаньне адказаў:
— „Пусьці-паваліўся“?
— Не, „пусьці-павалюся“. Ці вы ня чулі гэты выраз?
— Я ня чуў такі выраз. Мабыць, нейкая расьліна? А дзе ў літаратуры ён сустракаецца?
— Ёсьць, я яго і па вёсках чуў.
— Я чую ўпершыню.
Папраўдзе ёсьць „пусьці-павалюся“ і ў мастацкай літаратуры (у таго ж Лынькова, ідэалягічна правільнага), і ў школьных дапаможніках, і нават у афіцыйным правапісе выраз фігуруе як прыклад напісаньня. І ў гаворках ведаюць яго, ды яшчэ і з працягамі:
Пусьці — павалюся, падымі — ня ўстану
(Адам Варлыга. Прыказкі Лагойшчыны)
Язэп Гладкі (пад псэўданімам Варлыга) тлумачыць: так скажуць „аб бездапаможным, апушчоніку ці гультаю, які сам сябе не дагледзе“.
А Барадулін увечніў вушацкую прыбабуньку з адваротным працягам:
Пусьці — павалюся, падымі — устану
(„Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна“)
Гэты выраз у ягоным дзіцячым вершыку пра хлопчыка — такога лянівага, што ён так і ня вырас:
Хлопчык жыў малюсенькі
I непаслухмяны,
Пусьці — павалюся,
Падымі — устану.
(...)
Выхваляўся:
— Падрасту,
Стане цеснай хата!
Ды кату
Па пяту
Вырас ленаваты.
Загергечуць гyci —
Страшна „велікану“,
Пусьці — павалюся,
Падымі — устану!
(„Кату па пяту“)
Малая радзіма Генадзя Давыдзькі — Сянно — ад Вушаччыны недалёка, але для яго крылатае слоўца было навіной:
— „Пусьці-павалюся“? Ну, буду ведаць, дзякуй.
Застаецца загадкай, ці Генадзь Давыдзька сапраўды ня ведаў такога яскравага фразэалягізму, ці перастрахаваўся: невядома ж, які падтэкст бачаць у гэтым выразе заведама падазроны (хоць і тоячы словы і думкі свае за зычлівай усьмешкай) Бартосік і яму падобныя.
Вокліч грэцка-рымскіх барацьбітоў? Ці грузчыкаў?
Эпізод выклікаў у інтэрвіюера філязофскі настрой:
— Ну вось, нават у вышэйшых уладных кругах ня ведаюць гэтага выразу — „пусьці-павалюся“. І, што дзіўна, і звычайныя мінакі таксама зь цяжкасьцю адказваюць. Мо беларусы ня хочуць ведаць на яго адказ, пазьбягаюць адказу, а мо сапраўды гэтай праблемы ў беларускім нацыянальным характары ўжо няма?
Былі тыя, што выраз чулі, але або ня ведалі, што ён азначае:
— Я не знаю. Мне бабушка говорила когда-то в детстве, но не объясняла, и я тогда не вникал, извините, —
або перабіралі экзатычныя вэрсіі:
— Пра каго гэта?
— Не знаю... Мне кажется, про человека, которому было вечером хорошо, а утром очень плохо...
— З бадуна чалавек?
— Да.
— Можа, п’яны чалавек? Яго адпусьці — ён паваліцца? Ці той, хто „пераработаўся“?
— Скорее всего, из арсенала грузчиков.
— Адзін грузчык цягне...
— А другой может повалиться...
Хіба што пра ўсходнія адзінаборствы ці грэка-рымскую барацьбу вэрсіі не было.
Першае значэньне — літаральнае
І ўсё ж былі дакладныя адказы.
— „Пусьці-павалюся” — толкни — упаду.
— Про уставшего человека.
Так, гэта гістарычна першае значэньне фразэмы: пра чалавека нямоглага, слабага. Можна па-беларуску яшчэ сказаць „адны сьлёзы“, „глядзець няма на што“, „кульгае на абедзьве нагі“.
І сам Зьміцер Бартосік (які калісьці прыехаў у Беларусь з Расеі, самастойна вывучыў беларускую мову і бліскуча авалодаў ёю) спачатку так і зразумеў выраз:
— Першы раз „пусьці-павалюся“ я пачуў ад сваёй жонкі Тані. І падумаў, што яна мяне шкадуе — які я стомлены. Але калі пачуў у свой адрас „пусьці-павалюся“ другі раз, трэці, — зразумеў, што нешта трэба з сабою рабіць.
Другое значэньне — сьветапогляднае
— Пра каго скажуць „пусьці-павалюся”?
— Звычайна кажуць пра чалавека, які нешта робіць дрэнна, блага.
— Это чалавек, у которого нету цели в жизни. Не хочэт ні учыцца ні работаць, а как плывёт — плывёт по жизни. Вот это „пусьці-павалюся”.
— Выдатна. Гэта зь якой мовы выраз?
— Я беларус.
— А па характары што за чалавек такі?
— Ну, ленивый, безразличный к работе.
Усё ж выхад у народ па моўную здабычу быў пасьпяховы. Значыць, быць „пусьці-павалюся“ — гэта
(працаваць) абы-як, кепска, нядбала, бяз волі, ахвоты і павагі да іншых.
І ў такім значэньні да гэтай фразэмы маем нямала (прыблізных, бо кожны зь нюансамі значэньня) адпаведнікаў:
- кату пад хвост
- нікуды ня варта
- абы дзень адбыць
- з плеч ды ў печ
- па канец рук
- празь пятае ў дзясятае
- як-так-накасяк, абы не па-людзку
- цáпам-лáпам
Партыя „пусьці-павалюся“ зьбярэ на выбарах трыццаць адсоткаў
А традыцыйная для такіх апытаньняў просьба перакласьці выраз на расейскую толькі пераконвае, наколькі ён самабытна беларускі:
— Гэта можна перакласьці на расейскую мову?
— Гэта складаней... Не, не скажу, ня ведаю.
— Я россиянка, я не знаю беларусского!
— Нет, я не переведу.
— Дык я так разгаварваю — на рускам-беларускам, как все.
І ўрэшце самы красамоўны адказ:
— Наверное, нет. Это скорее индивидуальное высказывание беларусского народа, которое нельзя перевести на русский язык.
Калі людзі ўспрымаюць выраз як эксклюзіўна беларускі, то мо ён пра пэўную рысу беларускага нацыянальнага характару?
— Гэтага я вам не скажу, ня ведаю.
— Я думаю, в каждом народе есть такие люди. Это скорее не сущность нации, а чисто индивидуальная черта.
Іншая спадарыня падвяла пад пытаньне народна-сацыялягічную базу:
— Я думаю, што „пусьці-павалюся”, может, процентов 30 у нас.
— Нават так?
— Да, к сожалению.
Вось так. 30% сярод нас, як думае народны сацыёляг, ужо страцілі важную каштоўнасную рысу продкаў — мець волю, сумленна і якасна працаваць (мо таму, што працавалі цягам пакаленьняў не на сябе, а на чорта лысага пад рознымі псэўданімамі). Але застаюцца 70% — якія з хрыбтом, якіх не паваліш.