Жыхары Гарадзеншчыны ўсё часьцей падаюцца ў суседнюю Польшчу ня толькі на закупы, а ў пошуках працы.
Зьнешне ў будзённыя дні на памежным пераходзе ў Брузгах, што побач з Горадняй, нешматлюдна, не відаць вялікіх чэргаў аўто. Праўда, як зазвычай, стаяць нейкія машыны, ходзяць пэнсіянэры і чакаюць, каб хто перавёз праз мяжу.
Па-ранейшаму, нягледзячы на розныя забароны, пэнсіянэры дарабляюць такімі паездкамі да невялікай пэнсіі. Некаторыя жанчыны, нават старэйшага веку, едуць празь мяжу на роварах. Патрэба, як мне тлумачыць спадарыня Вера, ранейшая: пэнсія малая, цэны высокія, а ў вёсцы таксама цяжка выжыць.
— Пакуль магу, то яшчэ езджу. Канечне, вялікіх грошай не зарабляю, і кожны дзень не паедзеш, бо мытнікі беларускія чапляюцца, глядзяць пашпарт, і цяпер амаль нічога нельга везьці. Але свае дзьве пачкі цыгарэт правожу і літар гарэлкі таннай з шопа, там прадаю — і так паціху да пэнсіі дадаецца. А адтуль прывожу і сырок, і рыбку, во на сьвята патроху пачынаю нейкія падарункі ўнукам купляць. Ведаеце, там надалей харчы таньнейшыя, чым у нас. Праўда, колькі я там магу прывезьці на ровары. Хацела б у хаце сядзець, але вось мушу браць ровар — і ў дарогу...
Спадар Аляксандар другі месяц працуе ў польскай прыватнай фірме шафёрам на TIRы, езьдзіць па Эўропе. Распавядае, што апошнім часам палёгкі ў польскім заканадаўстве адносна ўладкаваньня замежнікаў на працу паспрыялі таму, што спачатку ягоныя сябры знайшлі працу, а потым дапамаглі ўладкавацца і яму. Да ўсяго, яму вельмі дапамагла «карта паляка». Гэта, паводле яго, працадаўцамі вітаецца, дый від на жыхарства можна атрымаць без праблемаў.
— Нас у прыватнай фірме працуе 16 кіроўцаў, і 9 зь іх — беларусы. Яшчэ тры ўкраінцы ёсьць, але наш гаспадар чамусьці заўсёды перавагу аддае беларусам. Мяне прапанаваў сябра, я толькі адразу прайшоў мэдкамісію, а астатнія дакумэнты фірма сама рабіла. Маю ўсе неабходныя дазволы на працу. Два тыдні ежджу і тыдзень маю вольны. Калі вяртаюся з рэйса, то жыву разам зь сябрамі ў катэджы гаспадара, у нашым пакоі два чалавекі. Ёсьць лазенка, кухня, посуд, і за гэта гаспадар грошай не бярэ. Праўда, і бываеш там мала, хіба толькі пераначаваць. Мне адразу за першы месяц працы далі заробак тысячу эўра. Праўда, яны даюцца нялёгка, але ў нас наагул нічога цяпер не заробіш.
Гарадзенец Алесь два месяцы адпрацаваў ужо ў Польшчы на будоўлі. Кажа, што раней пастаянна працаваў у Расеі, але потым і там перасталі плаціць, а тут знаёмыя прапанавалі паехаць у Польшчу.
— Канечне, я цяпер ні ў Расеі, ні ў Беларусі такіх грошай не зараблю. Мы працуем адной брыгадай, будуем жылыя дамы ў Паморскім ваяводзтве. Нам нават білет на праезд аплочваюць. Умовы працы нармальныя і стаўленьне палякаў добрае, яшчэ ніхто ні разу заробак не затрымаў і не падмануў. Толькі вось рэдка ў хаце бываю, а тут двое дзяцей гадуюцца, жонцы цяжка, і ня ведаю, што рабіць далей. А жонка ў Польшчу пераяжджаць не пагаджаецца, бо ў яе ўся радня тут жыве.
Алена і Пётра ўжо 9 гадоў жывуць у Беластоку. Яны ўжо некалькі гадоў як атрымалі польскае грамадзянства. Алена працуе ў Падляскай опэры і вельмі задаволеная працаю. Ёй цікава, бо праца творчая. А ў калектыве, да таго ж, яшчэ працуюць чатыры беларусы з розных гарадоў. Ейны муж, Пётра, працуе ў Аўстрыі, ён кіроўца TIRа і езьдзіць па ўсёй Эўропе.
— Мужу было цяжэй працу знайсьці, каб больш-менш добрыя грошы атрымліваць, бо ў нас двое дзетак і расходы немалыя. Дык ён зрабіў, як іншыя палякі — паехаў шукаць працу на Захад і ўладкаваўся. Канечне, дома бывае ня часта, затое добра зарабляе. А ў Беластоку ўладкаваў двух сваіх аднаклясьнікаў, яны таксама на TIRах езьдзяць. Ведаеце, у Беластоку ўжо не зьдзіўляесься, калі сустрэнеш лекара ў шпіталі з Горадні, ці ў краме прадавачку, зь якой у адной школе вучыліся. Многія цяпер бягуць сюды. Тут яшчэ можна працу знайсьці. Найцяжэй з жыльлём, бо гэта каштуе нятанна.
Яшчэ адзін суразмоўца — Віталь. Ён летась скончыў Беластоцкую палітэхніку, дызайнэр. Мае «карту паляка», пасьля ўнівэрсытэту прыехаў у Беларусь, думаў знайсьці працу, але нават бацькі сказалі, каб вяртаўся ў Польшчу, бо тут нічога не атрымаецца.
Віталь распавядае, што ў Варшаве разам з былымі двума аднакурсьнікамі нанялі кватэру і пачалі шукаць працу.
— Мне добра, што я працаваць магу ў хаце, бо галоўны інструмэнт — кампутар. Зараз зь сябрамі займаемся падрыхтоўкай рэклямнай прадукцыі для варшаўскіх кінатэатраў, дарабляем яшчэ ў розных фірмах. На жыцьцё пакуль хапае, пляную атрымаць грамадзянства і празь некаторы час думаю паехаць папрацаваць у Лёндан, мяне мой аднакурсьнік запрашае. Жыць у Варшаве цікава, столькі розных культурных падзей адбываецца, ня тое, што ў Горадні. Дый на сьвет тут глядзіш па-іншаму. А ў Беларусі за што ні вазьміся, то ўсё забаронена, і паспрабуй зарабі на жыцьцё.
Летась у траўні ўступілі ў сілу два распараджэньні польскага Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі, якія рэгулююць працаўладкаваньне замежнікаў.
Абодва дакумэнты спрашчаюць прыём на працу грамадзян Беларусі і адмыслоўцаў зь іншых краінаў СНД. Цяпер польскія працадаўцы ня мусяць паведамляць мясцовым уладам і атрымліваць дазвол, наймаючы адмыслоўцаў зь іншых краінаў, пры ўмове, што тыя будуць працаваць ня больш як 6 месяцаў на працягу году.