«М’юзыкал Эндру Лойд Уэбэра „Прывід Опэры“ — сапраўдны шэдэўр тэатральнага мастацтва ўсіх часоў», «Магічны, які запамінаецца і захоплівае», «Фантастычны!» — пераважна такімі словамі захапленьня сустрэла крытыка пастаноўку м’юзыклу «Прывід Опэры» (The Phantom of the Opera) у 1986 годзе ў Вэст-эндзе ў Лёндыне, а пасьля, у 1988 годзе, і на Брадвэі ў Нью-Ёрку. Гэтак жа прыхільна і захоплена прымала і прымае спэктакль і публіка. 25 гадоў ён не сыходзіў з брытанскай сцэны, было дадзена больш за 10 000 паказаў. Ён жа абсалютны рэкардсмэн па працягласьці паказу і ў Нью-Ёрку, ідзе аж да сёньня ў тэатры «Magestic» пры поўных аншлягах.
СЛУХАЦЬ АЎДЫЁ:
«Прывід Опэры» быў уганараваны самымі прэстыжнымі прэміямі – Laurence Olivier Award і Tony Award. Гэтыя ж прэміі атрымаў і першы выканаўца ролі Прывіда Майкл Кроўфард (Michael Crawford). Увогуле шоў было пастаўлена ў 149 гарадох 25 краінаў, яго паглядзелі звыш 100 мільёнаў чалавек. Зь міжнароднымі зборамі болей за 5 мільярдаў даляраў «Прывід Опэры" стаў самай касавай забаўляльнай падзеяй усіх часоў. Адна толькі нью-ёркская пастаноўка сабрала каля мільярду даляраў, што робіць гэтае шоў самым фінансава пасьпяховым у гісторыі Брадвэю.
Посьпех спэктаклю вызначаецца пастановачнай дасканаласьцю, роўнай якой я ніколі раней ня бачыў. Гэта абсалютна шыкоўнае відовішча са збалянсаванымі ў гармонію музыкай, вакалам, акторскай гульнёй, сцэнаграфіяй, касьцюмамі і сэнсацыйнымі спэцэфэктамі. Перадусім гэта заслуга знанага рэжысэра Хэла Прынса (Hal Prince), пастаноўшчыка такіх м’юзыклаў, як “Кабарэ”, “Эвіта”, “Кандыд”. Дызайнэр Марыя Б’ёрнсан (Maria Björnson) распрацавала дэкарацыі і стварыла больш як 200 касьцюмаў. Яе сцэнаграфія з фантастычнай жырандоляй, гандолай у падзямельлі і шырокай лесьвіцай прынесла шэраг прэстыжных узнагародаў.
Посьпех абедзьвюх – лёнданскай і нью-ёркскай пастановак – таксама зьвязваюць з выканаўцамі цэнтральных роляў Майклам Кроўфардам і Сарай Брайтман (Sarah Brightman).
У аснову м’юзыклу пакладзены раман Гастона Ляру (Gaston Leroux) – мэлядраматычная гісторыя дэманічнага каханьня. Кампазытар Эндру Лойд Уэбер (Andrew Lloyd Webber) казаў пра свой твор, што ён "пра чалавека, які жахліва выродлівы і які безнадзейна закахаўся ў дзяўчыну, але сваё каханьне да яе можа выказаць толькі праз сваю музыку". І яшчэ. Вэбэр падкрэсьліваў, што ён “хацеў пісаць м’юзыкал ад сэрца, а не ад галавы”, ён “хацеў напісаць нешта, дзе змог бы выпусьціць эмоцыі на паверхню”. І гэта выдатна адчуваецца ў загалоўнай арыі “The Phantom of the Opera”, якую не магчыма забыць.
Трэйлер з фільму «Прывід Опэры» паводле аднайменнага м'юзыклу
Менавіта гэтая рамантычная і адначасна ўзвышаная музычная тэма злучае стракатыя, часам надуманыя, эпізоды спэктаклю ў адно цэлае, фармуе зь іх сюжэт і нават завуалёўвае прымітыўныя, як з майго разуменьня, драматургічныя хады. Яна ж, гэтая мэлёдыя, ратуе і некаторыя наўмысна стылізаваныя, аж да парадыйнасьці, партыі.
Загадкавы чарадзей, музыка і забойца, чый зьнявечаны твар схаваны пад маскай, тэрарызуе ўсю Опэру ў той час, як яго прымаюць за прывід. Закахаўшыся ў харыстку Крыстыну, Фантом робіць усё так, што яна атрымлівае сольны дэбют і выдатна зь ім спраўляецца. Крыстына прызнаецца, што менавіта Фантом, яе Анёл музыкі, навучыў яе так сьпяваць.
Бадай, самая яркая сцэна спэктаклю, калі Фантом зьяўляецца ў люстэрку і ўсхваляваную маленькую сьпявачку зацягвае ў сутарэньні Опэры і вязе яе на гандоле праз падзямельнае возера, асьвечанае тысячамі сьвечак да свайго жытла за возерам.
Рамантычная гісторыя каханьня разьвіваецца ў традыцыйным любоўным трохкутніку. Жорсткаму злодзею Фантому, які ў сваім каханьні прымушае безабаронную дзяўчыну сьпяваць так, як ён хоча, супрацьстаіць высакародны Раўль. Менавіта яму, калі тэатар ахоплены панікай ад чарговага жудаснага злачынства Фантома ў часе спэктаклю, Крыстына на даху расказвае пра Фантома і пра сваё падарожжа ў логава злодзея. Раўль, хоць да канца і не паверыў у гэтую гісторыю, прызнаецца ёй у каханьні і клянецца заўсёды абараняць яе. Яны зьліваюцца ў моцным пацалунку.
Фантом, які падслухаў іхную размову, у роспачы. І на ягоную волю абрушваецца ледзь не на гледачоў вялізная жырандоля – эфэктны эпізод, якога гледачы чакаюць і які выклікае шквал авацыяў.
У другой дзеі, праз паўгоду пасьля крушэньня жырандолі, разварочваецца барацьба за Крыстыну паміж Фантомам, які цяпер ужо хавае свой жахлівы твар пад маскай Чырвонай сьмерці, і Раўлем. Раўль пагаджаецца на пастаноўку ягонай опэры, але зьбіраецца выкарыстаць яе як пастку для злодзея. Пасьля сумневаў Крыстына пагаджаецца ўзяць удзел у ягоным пляне. Тым часам Фантом зноў спрабуе заляцацца да яе.
Зноў умешваецца Раўль і абараняе каханую. Прывід пачне страляць у Раўля маланкамі, і цяпер ужо Крыстына будзе ратаваць Раўля. І нарэшце будзе спэктакль, у якім раптам Крыстына зразумее, што сьпявае не зь вядучым тэнарам Опэры, якога знайшлі за кулісамі задушаным, а з Прывідам. Крыстына зрывае зь яго маску, усе бачаць ягоны жахлівы твар. Фантом хапае Крыстыну і ўцякае зь ёй у логава. Іх перасьледуе натоўп. У логаве Крыстына тлумачыць, што яна ня можа пакахаць яго не таму, што ў яго зьнявечаны твар, а таму, што ў яго зьнявечаная душа. У логава пранікае і Раўль. Прывід патрабуе ад Крыстыны зрабіць выбар. Яна просіць у свайго былога Анёла музыкі міласэрнасьці і цалуе яго. Прывід, які ўпершыню адчуў дабрыню і спачуваньне, злучае Крыстыну і Раўля і вызваляе іх. У сьлязах на сваім троне ён плача і накрываецца плашчом. У логава ўрываецца натоўп, зрывае з трону плашч, але там ужо Фантома няма... Цяпер ужо публіка ў нью-ёркскім тэатры “Majestic”, дзе я глядзеў гэты м’юзыкал, дастае хустачкі і выцірае сьлёзы.