Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец 6 красавіка сустрэўся зь міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам, піша БАЖ.
Андрэй Бастунец перадаў Аляксандру Карлюкевічу экспэртную ацэнку прапанаваных нядаўна паправак у закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Бастунец зьвярнуў увагу на тое, што праўкі скіраваныя на ўзмацненьне кантролю над інтэрнэтам, і на новыя штрафы для рэдакцыяў за «забароненыя іншымі заканадаўчымі актамі» матэрыялы (фармулёўка размытая, магчымае злоўжываньне).
Ён таксама згадаў складанасьць працэдуры рэгістрацыі СМІ (для сеткавых СМІ яна неабавязковая, але на незарэгістраваныя СМІ накладаюцца тыя ж абавязкі, што на зарэгістраваныя), пагрозу сыходу карыстальнікаў на замежныя сайты пры абавязковай ідэнтыфікацыі камэнтатараў, частыя штрафы журналістам за парушэньне закону «Аб СМІ».
Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ
Акрамя таго, Бастунец «перадаў шкадаваньне» офісу прадстаўніка ў пытаньнях свабоды СМІ АБСЭ, што прапанаваныя праўкі не былі перададзеныя туды на экспэртызу, хоць раней «былі наладжаныя працоўныя кантакты».
Таксама Бастунец і Карлюкевіч размаўлялі пра пастанову аб павелічэньні аб'ёмаў нацыянальных праграм на тэлебачаньні, «што мусіць паўплываць на інфармацыйную бясьпеку краіны».