Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, адказнага за ідэалёгію. Ім стаў 50-гадовы Ўладзімер Жаўняк, які да гэтага працаваў на пасадзе намесьніка дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, перадае БЕЛТА.
Падчас прызначэньня Лукашэнка паставіў перад ім задачу рэфармаваць сыстэму ідэалягічнай працы. Ён заявіў, што ў сфэры ідэалёгіі трэба выбудоўваць «добрую сыстэму» і асучасьніваць яе.
«Ва ўсе працоўныя калектывы не паедзеш і зь дзесяцьцю мільёнамі не паразмаўляеш. А ідэалягічнай працай трэба займацца ўсім, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў. Якая гэтая будзе сыстэма — вам з кіраўніком адміністрацыі яе выбудоўваць і з вашымі падначаленымі», — заявіў Лукашэнка.
Як было адзначана пры прызначэньні, сфэра адказнасьці новага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі будзе ўключаць ідэалягічную працу, СМІ і грамадзкія арганізацыі. У сваю чаргу першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі працягне курыраваць такія напрамкі, як адукацыя, культура, спорт.
Зьвяртаючыся да Жаўняка, які служыў у войску, Лукашэнка адзначыў, што «былых вайскоўцаў не бывае», і гэта вельмі добра, бо «менш трэба размаўляць, а больш дзейнічаць».
«У вас пасьля прызначэньня будзе адзін начальнік — гэта прэзыдэнт», — сказаў Лукашэнка.
Прэзыдэнт Беларусі распавёў, што ад пасады намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, які б курыраваў ідэалёгію, некаторы час таму спрабавалі адмовіцца.
«Але ад гэтай ідэі, шчыра кажучы, сёньня і я, і кіраўнік адміністрацыі адмаўляемся. Нам патрэбен такі чалавек, які будзе ўмець і сам размаўляць зь людзьмі, і займацца са сродкамі масавай інфармацыі, арганізоўваць іх, і іншымі пытаньнямі, якія тычацца ідэалёгіі нашай дзяржавы. Гэта ідэалягічная праца, гэта асноўнае», — заявіў Лукашэнка.
Уладзімер Жаўняк скончыў Новасібірскую вышэйшую вайскова-палітычную агульнавайсковую вучэльню, юрыдычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «Правазнаўства», а таксама Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраваньне». У 1985-2002 гадах служыў ва Узброеных сілах.
З 2002 году працаваў у Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь на розных пасадах, у тым ліку з сакавіка 2008 году — на пасадзе начальніка ўпраўленьня заканадаўства аб нацыянальнай бясьпецы і праваахоўнай дзейнасьці. Зь 1 жніўня 2014 году — намесьнік дырэктара Цэнтру.