Набліжаецца час, калі і дарослыя, і дзеці чакаюць цудаў. І падарункаў на Каляды, вядома. А мне дык заўжды больш падабалася выбіраць і набываць падарункі, чым іх атрымліваць. Вось і цяпер я занялася ўлюбёнай справай і сабрала да кучы некалькі ідэяў, як зьдзівіць родных падарункамі ў нацыянальным стылі.
1) ЦАЦКІ НА ЯЛІНКУ
Калі Каляды ўжо на парозе, а ялінка яшчэ не ўпрыгожаная, то вельмі дарэчным падарункам будзе набор саламяных цацак. Саломай упрыгожвалі сваё жытло нашы продкі, каб захаваць памяць пра месца, дзе нарадзіўся Хрыстос.
Падобны набор у ГУМе каштуе 136 100 рублёў, аднак вытворчасьці ён не беларускай. Калі ж задацца мэтай адшукаць менавіта беларускія вырабы, то ў сувэнірных крамах каштаваць яны будуць ад 20 да 80 тысяч за штуку плюс упакоўка.
2) ПЕРНІКІ
Як жа Каляды — ды без салодкіх падарункаў? Але неабавязкова гэта павінны быць цукеркі ад «Камунаркі» і мандарыны ў стракатых пакунках. Можна, напрыклад, сьпячы імбірныя пернікі, як гэта робяць сапраўдныя беларускія пекары Зоя і Алесь, аўтары праекту «Žorny». Яны пякуць іх па старажытных беларускіх рэцэптах і маляўніча ўпрыгожваюць — такія нават есьці шкада!
Каштаваць такі ласунак можа ад 160 да 360 тысяч рублёў у залежнасьці ад інгрэдыентаў, дэкору і ўпакаваньня.
3) МЫЛА
У падарунак паненцы ў краме шляхетных вырабаў «Karali» можна падабраць мыла ручной работы, адзін з водараў якога так і называецца — «Цуд на Каляды». Гэтае мыла зроблена рукамі з натуральных алеяў, у яго складзе няма штучных, нафтахімічных і жывёльных тлушчаў, няма кансэрвантаў, сульфанатаў ды іншых сынтэтычных дэтэргентаў.
Адзін кавалачак такога мыла будзе каштаваць ад 60 да 75 тысяч рублёў у залежнасьці ад абранай вамі ўпакоўкі.
4) КНІГІ
Як вядома, найлепшы падарунак — гэта кніга, прынамсі, так яшчэ прынята лічыць у адукаваным асяродку. Да таго ж у выдавецтве «Кнігазбор» толькі-толькі пабачыла сьвет кніга з назвай «Падарунак на Каляды». Гэта зборнік сьвяточных апавяданьняў, куды ўвайшлі пераклады навагодніх казак братоў Грым і Ганса Крысьціяна Андэрсэна, «Калядны харал» Чарлза Дыкенса, «Дары мудрацоў» О’Генры ды інш. Каштаваць такі падарунак будзе каля 100 тысяч рублёў.
Яшчэ дарэчы будзе прэзэнтаваць кнігу пра беларускую выцінанку: пагартаць, натхніцца і ўсе сурвэткі ў хаце пачыкрыжыць на сьняжынкі!
Акадэмічнае выданьне «Беларуская выцінанка» Я. М. Сахуты цяпер ужо — бібліяграфічная рэдкасьць, а вось «Сучасную беларускую выцінанку» таго ж аўтара ці «Маю выцінанку» В. В. Бабурынай і Н. А. Сухой можна набыць у дзяржаўных кнігарнях за 57 180 рублёў і 66 650 рублёў адпаведна.
5) ЦЁПЛЫЯ ВЯЗАНЫЯ РЭЧЫ
Узімку заўжды актуальныя вязаныя швэдры, шапкі, шалікі, шкарпэткі ці рукавічкі, асабліва, калі яны зьвязаныя зь любоўю. Такі падарунак сагрэе ў любую сьцюжу. Аднак, калі здольнасьцяў не стае зрабіць гэта ўласнаручна, можна скарыстацца магчымасьцю падабраць сабе ці ў падарунак швэдар, шапку ды шалік зь беларускім арнамэнтам ці з «Пагоняй». Склад: 30% воўны, 70% акрылу.
Гэтая лімітаваная калекцыя Уладзімера Рамановіча ўжо даступная для замовы ў інтэрнэт-краме Belarusam.by. Шапка каштуе 250 тысяч, шалік — 350 тысяч, швэдар — ад 650 да 670 тысяч рублёў.
Шкарпэткі і рукавічкі можна выбраць у бабулек у падземным пераходзе, а можна з калекцыяў беларускіх дызайнэраў — каму што бліжэй. Вось, да прыкладу, рукавічкі «Кузькін дом» каштуюць 165 тысяч рублёў.
А за такія ваўняныя шкарпэткі з аленямі ад «Tamarico» давядзецца аддаць 270 тысяч рублёў. Пледзік, дарэчы, таксама шыкоўная ідэя для каляднага падарунка.
6) ВАЛЁНКІ
Вось што напраўду можа стаць адметным калядным падарункам — дык гэта валёнкі аўтарскай работы дызайнэркі Лоры Паўлавай. І гэта ня проста сувэнір: іх можна насіць у сьцюжу, як боты ці угі.
Клясычныя валёнкі каштуюць ад 2,5 мільёнаў рублёў, да іх яшчэ можна падабраць аксэсуары на суму ад 600 да 900 тысяч беларускіх рублёў.
7) КАНЬКІ ЦІ ЛЫЖЫ
Сагравацца ў маразы можна ня толькі цёплымі рэчамі, але яшчэ й актыўнымі рухамі — на коўзанцы, скажам, ці на лыжні. А таму дарэчы будзе падарыць сваім блізкім канькі ці лыжы, каб разам бавіць час на сьвежым марозным паветры, не баючыся ператварыцца ў ледзяшы.
Кошты на канькі і лыжы пачынаюцца ад 370 тысяч рублёў.
8) УПРЫГАЖЭНЬНІ І АКСЭСУАРЫ
Шукаць упрыгажэньні ручной работы (завушніцы, пярсьцёнкі, бранзалеты, каралі, паясы) і аксэсуары для дому (інтэр’ерныя лялькі, карціны, скрыначкі й куфэркі) лепш на выставах і кірмашах. Балазе, у перадкалядны час яны ладзяцца даволі часта. Вось, напрыклад, штотыдзень у сьнежні па пятніцах і выходных з 10.00 да 21.00 у холе гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Galileo» праводзіцца навагодні кірмаш «Духмяны яблычак», дзе прадстаўленыя вырабы беларускіх рамесьнікаў.
А 19-21 сьнежня ў «БелЭкспа» адбываецца найбуйнейшая выстава хэнд-мэйду «Млын-2014», дзе будуць прадстаўленыя працы больш чым 500 беларускіх майстроў. Тут шанец знайсьці ў падарунак нешта напраўду аўтэнтычнае і рукатворнае павялічваецца ў разы, і бюджэт можа разьдзьмуцца да нечаканых памераў.
9) КВІТКІ НА ЯЛІНКУ
Калі ўжо надакучылі матэрыяльныя падарункі, то заўжды можна падарыць уражаньні: паход у кіно, у тэатар, на выставу ці на канцэрт альбо адразу на галоўную рок-ёлку краіны. Квіткі на апошнюю, дарэчы, каштуюць ад 172 да 232 тысяч рублёў.
10) ШТО ЗАЎГОДНА Ў АДПАВЕДНЫМ АФАРМЛЕНЬНІ
У прынцыпе можна падарыць усё, што прыйдзе да галавы, але аформіць гэта з нацыянальным калярытам: запакаваць у паперу і павязаць стужачкай альбо пакласьці ў ільняны мяшэчак ці саламяны кошык. У якасьці ўпакаваньня пры патрэбе можна скарыстаць нават драўляную бочку, гліняны гаршчок ці, па традыцыі, вязаную панчоху.
Паліна Масьлянкова
для Радыё Свабода
Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com