У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 27 лютага пачаўся разгляд пазову супраць ТАА «АйПаўэр», якое пачало пад Берасьцем будаваць акумулятарны завод, паведамляе БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісьляка.
Заяўнікі пазову — група грамадзянаў і грамадзкае аб’яднаньне «Экадом». Яны патрабуюць прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Заяўнікі кажуць, што працэдура грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва была парушаная. Завод, лічаць яны, будзе шкодна ўзьдзейнічаць на навакольле.
Прадстаўнікі кампаніі «АйПаўэр» і Берасьцейскага райвыканкаму адхілілі ў судзе патрабаваньні заяўнікаў і заявілі, што грамадзкае абмеркаваньне праводзілася адпаведна з законам. Першапачаткова Берасьцейскі райвыканкам быў заяўлены як трэцяя асоба, аднак на паседжаньні 27 лютага прыцягнуў райвыканкам у працэс як сьведку.
Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 21 сакавіка.
Хто будуе завод
Акумулятарны завод будуецца на пляцоўцы «Аэрапорт» у берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоне каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2. За два кілямэтры ад будоўлі — рака Мухавец. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае.
Праект заводу прадугледжвае вытворчасьць сьвінцу і яго сплаваў магутнасьцю больш за 13 тысяч тон на год, элемэнты хімічнай вытворчасьці з выкарыстаньнем сьвінцу, яго сплаваў і сернай кіслаты, а таксама зборачныя апэрацыі, у тым ліку паяньне расплаўленым сьвінцом.
Заказчыкам заводу выступае кампанія «АйПаўэр» прадпрымальніка Віктара Лемяшэўскага. Падрадчык — кітайская карпарацыя. Агульны кошт праекту — каля 20 мільёнаў даляраў.
Пратэсты пачаліся ў студзені
Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.
Жыхары Берасьця і раёну накіравалі 22 лютага ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі амаль 37 тысяч подпісаў супраць будоўлі прадпрыемства.
Паводле БелаПАН, 25 лютага каля 150 праціўнікаў акумулятарнага заводу выйшлі ў Берасьці на акцыю пратэсту.