Беларускі музыка Лявон Вольскі выступіў у амэрыканскім Вашынгтоне і адказаў на пытаньні БелаПАН.
Як кажа Вольскі, пасьля Новага году ён зьбіраецца адпачыць пасьля выпуску сольнага альбому «Псыхасаматыка», а затым працягнуць працу, што распачаў у «Белай яблыні грому», дзе выканаў песьні на вершы славутых беларускіх паэтаў.
«Хачу зрабіць альбом па творах расстраляных паэтаў, якіх закатавалі ў 1937 годзе, — распавядае Вольскі. — Там ёсьць вельмі цікавыя вершы, вельмі вартасныя. І яшчэ адна ідэя — музычны зборнік калядных песень з усяго сьвету: беларускіх, гішпанскіх, нямецкіх, ангельскіх “кэралаў”. Хачу перакласьці іх на мову і запісаць разам з іншымі беларускімі музыкамі. Гэта вялізны праект, але мы паспрабуем пасьпець да наступнага Новага Году і Калядаў».
Вольскі 16 год таму запісваў калядныя сьпевы ў супольным музычным праекце «Сьвяты вечар-2000», яго голас гучыць у песьнях «Ціхая ноч», «Новая радасьць», «2000 год», «Званочкі», «Калядны марш» і «Глёрыя».
Таксама Вольскі пацьвердзіў, што мае ўзяць удзел у выступе праекту «Народны альбом» у Менску, ды зьбіраецца адкладаць рэпэтыцыі да апошняга на выпадак, калі імпрэзу забароняць. Пасьля выступу з «Народным альбомам» у Беластоку ў верасьні музыкам хопіць дзьвюх-трох рэпэтыцыяў, упэўнены музыка.
На пытаньне аб тым, ці ідзе ў Беларусі нейкая «адліга» (на стадыёнах не адбіраюць бел-чырвона-белыя сьцягі, папулярызуюць мову, носяць вышымайкі…) Вольскі пацьвердзіў наяўнасьць такіх трэндаў:
«Думаю, усё ўзрушылася таму, што ўлады спалохаліся „русского мира“, — мяркуе музыка. — Але генэральных зьменаў чакаць ня трэба. Пакуль ля стырна застаюцца гэтыя людзі, яны будуць забараняць незалежную творчасьць. Мяняецца толькі інтэнсіўнасьць: то адліга, то ізноў закручваюць гайкі. Таму што ўжо ўвайшлі ў смак. Ёсьць людзі, якім падабаецца гэтым займацца. Менавіта так: яны забараняюць не таму, што гэта іх праца, а таму, што гэта прыносіць ім задавальненьне».