Кніга прысьвечаная 7 беларускім мастакам: Казіміру Малевічу, Марку Шагалу, Алесi Пасьлядовiч, Уладзімеру Цэсьлеру, Генадзю Хацкевічу, Людміле Русавай і Руслану Вашкевічу. На творчасьць кожнага зь іх наклала свой адбітак сусьветна вядомая «Віцебская школа».
Пад вокладкай выданьня сабраныя ілюстрацыі, біяграфіі, казкі, вершы і гульні. У якасьці аўтараў у праекце ўзялі ўдзел Адам Глобус (галоўны рэдактар і аўтар казак), Лявон Вольскі (аўтар вершаў), Валянцін Акудовіч (аўтар казак), Андрэй Хадановіч (стыльрэдактар і аўтар вершаў), Ганна Кісьліцына (аўтар казак).
Арганізатары і аўтары праекту — каманда «Дзіцячых творчых майстэрняў» Галерэі «Ў», якія працуюць ужо чатыры гады.
Адзін з аўтараў кнігі, музыка і мастак Лявон Вольскі напісаў верш пра свайго любімага творцу «Віцебскай школы» Казіміра Малевіча:
Мастак Малевіч Казімір Увесь мастацкі сьвет зьмяніў. Заклаў пачатак новай школы І маляваў квадраты, колы. Ужо стагодзьдзе людзі рады Глядзець на гэтыя квадраты.
Лявон Вольскі кажа, што творчасьць Малевіча не такая простая, як пра яе мяркуюць некаторыя людзі, і раіць дзеткам вывучыць на памяць вершы, напісаныя пра мастакоў, каб дакладна запомніць імёны і прозьвішчы беларускіх жывапісцаў:
«Па адукацыі я мастак, таму мне гэтая задача была вельмі прыемная і абсалютна па кайфу. Таму што аднаго з мастакоў, якога мне трэба было апісаць у вершы, я зьяўляюся фанам. Гэта Казімір Малевіч. І часта бывае, што ў нейкай кампаніі людзей, зьвязаных зь бізнэсам, ты чуеш словы: „Што тут такога, і я магу такое намаляваць. Гэта ж чорны квадрат, гэта ж так проста“. Насамрэч гэта зусім ня проста. За гэтым стаіць вялікае мастацкае жыцьцё, і Малевіч, безумоўна, геніяльны мастак.
І мне было ня толькі прыемна пра яго пісаць, я адчуваў нейкае сьвяшчэннае трымценьне. Таму што ў кароткім вершыку для дзяцей трэба было зьмясьціць тое, што ён быў наватар, што гэта была зусім новая школа. Будзем спадзявацца, што ў мяне атрымалася. Яшчэ я напісаў вершы пра Ўладзімера Цэсьлера і Генадзя Хацкевіча. Дзеткі, глядзіце карціны, шануйце жывапіс і чытайце мае вершы пра гэтыя карціны. Завучыце вершы на памяць, і вы запомніце імёны і прозьвішчы гэтых мастакоў».
Увесь разьдзел пра Казіміра Малевіча выглядае так.
Галоўны рэдактар і аўтар казак Адам Глобус лічыць, што дзеці павінны знаёміцца з творамі мастацтва ня толькі ў музэях, але і падчас сустрэч з жывымі сучаснымі мастакамі:
«Для мяне самае асноўнае тут было — прымірыць сучаснасьць з нашым вялікім мінулым. Таму што ў мінулым у нас быў Малевіч, быў Шагал. А хто цяпер?
Для мяне асноўная функцыя гэтай кнігі — выбудова шэрагу мастакоў, якія б паказвалі стагодзьдзе беларускага сучаснага мастацтва. І было ясна, што Малевіч і Шагал — гэта вялікія мастакі. Але мае сябры Русава і Хацкевіч — таксама мастакі цудоўныя. Можа, яны не такія прызнаныя, але больш актуальныя і сучасныя, чым тыя хрэстаматыйныя.
Таму я радуюся, што ў кнігу ўвайшлі Цэсьлер і Вашкевіч — мастакі жывыя. Дзеці павінны ня толькі ў музэі сустракацца з кананічным мастацтвам, але і з жывымі мастакамі, а таксама з жывымі паэтамі, якія напісалі вершы пра гэтых мастакоў, з жывымі казачнікамі, якія напісалі казкі паводле твораў мастацтва».
Як расказала Свабодзе PR-мэнэджэр «Дзіцячых творчых майстэрань» Вольга Мжэльская, ідэя кнігі зьявілася зь перакананьня, што беларускія дзеці, дый іхнія бацькі, вельмі мала ведаюць пра беларускае мастацтва.
«Гэта спроба зрабіць так, каб адначасова зацікавіць і дзяцей, і дарослых. Кніга — вельмі добры спосаб для гэтага. Празь яе дзеці разам з бацькамі могуць нешта вывучаць разам. Мы хацелі зрабіць адну кнігу, якая магла б быць зь дзіцем на працягу даволі доўгага часу. Так і атрымалася. Калі жывапіс дзіця пачынае разумець з гадоў 5–6, то казкі і вершы можна чытаць яму ўжо ў 3–4 гады. У той жа час, калі дарослыя чытаюць сваім дзецям, разам разглядаюць карціны, то яны таксама адукоўваюцца».
Вольга Мжэльская адзначыла, што каманда праекту мае намер не спыняцца на выданьні пра мастакоў Віцебскай школы:
«Хочам зрабіць сэрыю кніг пра беларускіх мастакоў. Вырашылі пачаць зь Віцебскай школы, таму што яе прадстаўнікі найбольш вядомыя і больш зразумелыя шырокай аўдыторыі».
За 22 дні праект назьбіраў больш за 60% ад сумы, неабходнай на выданьне мінімальнага накладу. Каб атрымаць асобнік, неабходна зрабіць перадзамову да канца сьнежня на Ulej.by. Кнігі выйдуць з друку на пачатку 2017 году.