Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякай працы няма, заробкі мізэрныя, многім нават на хлеб не хапае...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Больш як 400 тысяч беларускіх грамадзян улады залічылі ў «дармаеды» і абавязалі іх заплаціць так званы «збор» за сацыяльнае ўтрыманства — 360 рублёў з кожнага. 20 лютага сканчаецца тэрмін, калі гэты збор павінен быць сплачаны. Нягледзячы на суворыя пакараньні, якімі пагражаюць тым, хто аслухаецца, большасьць «дармаедаў» плаціць пакуль што не жадае. А многія ўвогуле ўзяліся ладзіць пратэсты супраць чарговага пабору.

На тэму рэальных і ўяўных «дармаедаў» выказваюцца ў сваіх лістах і слухачы Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш слухач Сямён Пышко са Слоніма піша:

«Не разумею, навошта ўладзе было заварваць гэтую кашу з падаткамі на „дармаедзтва“. Людзі цяпер і так злыя: у вёсках і райцэнтрах ніякай працы няма, заробкі мізэрныя, многім нават на хлеб не хапае. І тут яшчэ атрымлівае чалавек паперу з падатковай інспэкцыі: невядома за што заплаці дзяржаве 360 рублёў. А гэта ж для многіх — месячны заробак!

Слухаў Лукашэнку: ён кажа, што для дзяржавы гэтыя грошы нібыта нязначныя і што насамрэч мэта гэтага дэкрэту — стымуляваць людзей шукаць працу, а тых, хто працуе — трымацца за працоўнае месца. Ну, дапусьцім, так. Але вось вам канкрэтная сытуацыя. Мой сваяк (яму 55 гадоў) усё жыцьцё працаваў у Райсельгасхіміі, жыве ў невялікім пасёлку. Райсельгасхімія тая практычна развалілася, працы няма. Яму зараз прыслалі паперу на аплату „дармаедзкіх“. І як гэта можа яго стымуляваць, калі працы ў пасёлку няма ня тое што па ягонай спэцыяльнасьці сьлесара, а ўвогуле ніякай — ні дворніка, ні качагара, ні паштальёна? Дык яму што, у ягоным перадпэнсійным веку ўлада прапануе ехаць на расейскія будоўлі, каб зарабіць на выплату падатку? Вось якое ў чалавека пасьля гэтага будзе стаўленьне да гэтай улады? А ён, між іншым, раней заўсёды падтрымліваў Лукашэнку....».

Ня надта верыцца ў словы Лукашэнкі, што справа тут нібыта ня ў грошах. Увесь чыноўніцкі апарат цяпер нацэлены практычна толькі на тое, каб любым коштам, дзе толькі магчыма выпампоўваць сродкі на ўратаваньне бюджэту, які трашчыць па швах.

360 рублёў з кожнага «дармаеда» — гэта на сёньня 190 даляраў. У маштабах краіны — 85 мільёнаў даляраў, даволі значная для сёньняшняй Беларусі лічба. І гэта — на роўным месцы, без усялякіх укладаньняў, толькі за кошт рассылкі паперак.

Разьлік быў на тое, што беларусы моўчкі праглынуць крыўду. Праглынулі ж, калі беспрацоўных пакрыўдзілі першы раз — мізэрнай дапамогай па беспрацоўі, атрыманьне якой да таго ж абумовілі неабходнасьцю абавязковых грамадзкіх працаў. Але абкладаньне беспрацоўных падаткамі — гэта ўжо, здаецца, перабор нават для цярплівых беларусаў.

Аўтар наступнага ліста на Свабоду Валеры Старыкаў з Баранавічаў таксама закранае тэму маральнасьці тых рашэньняў, якія прымае ўлада:

«Глядзеў я так званую „Вялікую размову з прэзыдэнтам“ і думаў: ой, які далёкі Лукашэнка ад беларускага народу. Нічога для нас пры ім ня зьменіцца. Для яго расейцы бліжэй, чым мы, ён іх больш паважае. Зноў жа: неўзабаве давядзецца ехаць на паклон да Пуціна, выпрошваць грошы, каб вяртаць даўгі. Грошай катастрафічна нестае. Таму ня выключана, што сёлета ўлада прыдумае яшчэ некалькі пабораў для простага люду, каб садраць з нас апошняе. Народ вытрымае.

Думаю, такога чалавека людзі добрым словам ня ўспомняць, калі ён адыдзе ад улады.

Увогуле, што гэта за сыстэма створана ў нас? Ні міністры, ні іхныя намесьнікі, ні дэпутаты нічога не вырашаюць. Яны ніхто, і клічуць іх ніяк. Толькі крэслы займаюць ды грошы атрымліваюць.

Трэба нам самім брацца за справу і разьлічваць толькі на сябе. Колькі можна азірацца на тую Маскву! Ёсьць жа іншыя прыклады: Польшча, Літва. Так, шлях у іх няпросты, але ж вынікі бачныя ўсім, і яны нашмат лепшыя, чым у нас.

А СНД, ЭўрАзЭС — гэта ўсё лухта. Там ля стырна стаяць вялікія хітруны, і кожны цягне коўдру на сябе. Між імі няма і ніколі ня будзе згоды. Толькі па вушах людзям езьдзяць!

Ужо больш як 22 гады беларусам махлююць ды абяцаюць, што хутка ўсё стане добра. Нашаму прэзыдэнту пара спусьціцца зь нябёсаў на зямлю ды добра прыгледзецца, як жывуць простыя беларусы. А не душыць нас усё новымі падаткамі. Да дабра гэта не прывядзе: народ і так на ўзводзе. Нельга так рабіць. Трэба быць дабрэйшым да свайго народу і паважаць яго».

Папрокі на адрас улады нібыта і справядлівыя, але пры чытаньні не пакідае ўражаньне недасказанасьці. Так, палітычная сыстэма, створаная ў Беларусі, грунтуецца на непадзельнай уладзе аднаго чалавека, усе іншыя інстытуты, апроч прэзыдэнта — толькі дэкарацыя альбо шасьцерні мэханізму, які прыводзіцца ў дзеяньне аўтарытарным лідэрам. Але хто дазволіў стварыць гэтую сыстэму? Ці ня тыя людзі, якія спачатку прывялі Лукашэнку да ўлады ў 1994-м, а потым дазволілі яму перапісаць пад сябе Канстытуцыю ў 1996-м? Апраўданьні кшталту «А мы ж ня ведалі, што так атрымаецца» — для наіўных прасьцячкоў. Хто хацеў — той ведаў, разумеў і ўсьведамляў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG