Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавыя пакуты Беларусі


Цэны на нафту працягваюць зьніжацца, набліжаючыся да ўзроўню пачатку «нулявых». Барэль заходнетэхаскай нафты і гатунак Brent практычна выраўняліся ў межах 36 даляраў плюс-мінус 20 цэнтаў — чарговы адкат здарыўся пасьля зьяўленьня дадзеных пра падзеньне збыту нафты ў індустрыяльных краінах і зьніжэньне попыту на нафтапрадукты ў Эўропе.

Паводле дадзеных Арганізацыі краінаў-экспартэраў нафты АПЭК, цяпер прапанова нафты перавышае попыт на 2 мільёны барэляў нафты на дзень, што прымушае многіх аналітыкаў прагназаваць далейшае патаненьне нафты. А ці магла сытуацыя разьвівацца па іншым сцэнары? Пры якім раскладзе абвал коштаў мог быць не такім істотным, як цягам апошняга году? Галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаній British Petroleum па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў лічыць, што да хваляваньняў на нафтавым рынку спрычынілася новая геапалітычная сытуацыя: далучэньне ў шэраг экспартэраў «чорнага золата» Злучаных Штатаў, вяртаньне пасьля працяглай «дыскваліфікацыі» на нафтавы рынак Ірану, таксама прынцыповая пазыцыя Саудаўскай Арабіі:

Уладзімер Драбянцоў
Уладзімер Драбянцоў

«Ці абавязкова цана на нафту павінна была ўпасьці? У прынцыпе — не. Да лістапада 2014 году частка аналітыкаў меркавала, што Саудаўская Арабія і АПЭК у цэлым будуць працягваць палітыку, якую яны праводзілі дзесяцігодзьдзі, а менавіта — рэгуляваньне прапановы нафты на рынку за кошт скарачэньня здабычы ў краінах, якія ўваходзяць у картэль. Такое разьвіцьцё падзеяў цалкам магло мець месца, бо зусім нядаўна саудаўцы ўжо рабілі такія крокі. Увесну 2012-га цана на нафту ўпала прыкладна на 30 даляраў за барэль. І тады бязь зьмены квотаў картэлю ў другой палове 2012-га Саудаўская Арабія ў аднабаковым парадку скараціла ўласную здабычу на 1 мільён барэляў на суткі. Гэта дазволіла збалянсаваць рынак і стабілізаваць цэны на нафту. То бок, тэарэтычна такая ж магчымасьць была, але Эль-Рыяд выбраў іншы шлях — не падтрыманьня цаны, а захаваньня сваёй нішы на рынку. Зь лістападу мінулага году Саудаўская Арабія ня толькі не скараціла сваю здабычу, а наадварот павялічыла — ад таго часу краіны АПЭК сталі здабываць яшчэ на 1 мільён барэляў больш».

Найбольш пэсымістычна настроеныя трэйдары чакаюць у агляднай будучыні падзеньня цэнаў заходнетэхаскай нафты больш чым на 10% — да 32 даляраў 50 цэнтаў. Пасьля нядаўняга рашэньня Кангрэсу ЗША, які адмяніў забарону на экспарт амэрыканскай нафты, нафта маркі Brent упершыню за многія гады каштуе менш за заходнетэхаскую. Такая структура цэнаў, як лічаць экспэрты, захаваецца на бліжэйшую пэрспэктыву.

Абвал цэнаў на нафту адбіваецца на бюджэтах ня толькі нафтаздабытчыкаў, але і краінаў, якія атрымліваюць дывідэнды зь перапрацоўкі і экспарту нафтапрадуктаў. У гэтым пераліку і Беларусь, якая загружае расейскай нафтай магутнасьці нафтаперапрацоўчых заводаў і рэалізуе аўтамабільнае паліва ў шэрагу краінаў Эўропы. Зьніжэньне цэнаў на канчатковы прадукт істотна карэктуе паступленьні ў дзяржаўную казну, што падрывае плацёжны балянс.

Пра недахоп сродкаў заяўляюць і профільныя прадпрыемствы.

Так, Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу неабходна зьнешняе фінансаваньне для рэалізацыі інвэстпраекту на ўзьвядзеньне комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Інфармацыя пра гэта зьмешчана на сайце прадпрыемства. Мазырскі НПЗ ад мінулага году рэалізуе праект, інвэстыцыйны кошт якога дасягае 1,5 мільярда даляраў, зь якіх капітальныя выдаткі — 1,2 мільярда даляраў. Гэта самы маштабны праект у гісторыі заводу. На гэты момант існуе патрэба ў прыцягненьні фінансаваньня ў суме 563 мільёна даляраў для набыцьця тэхналягічнага абсталяваньня. Кіраўніцтва прадпрыемства гатовае разгледзець любыя формы супрацоўніцтва, у тым ліку зьвязаныя з крэдытаваньнем.

Аднак экспэрты слаба вераць, што ёсьць ахвотныя ўкладаць у Беларусь. У мінулыя гады перадусім расейскія кампаніі выяўлялі цікавасьць да беларускай нафтагазавай галіны, але карэнная зьмена сытуацыі на сыравінным рынку і абясцэньваньне расейскага рубля прымушаюць тамтэйшых бізнэсоўцаў замарожваць нават ужо заплянаваныя праекты.

У сваю чаргу, разьлічваць на прыход сур’ёзных усясьветных кампаній не даводзіцца з-за непрадказальнасьці беларускай эканомікі.

У гэтым перакананы некалькі гадоў таму пазбаўлены бізнэсу ў Беларусі амэрыканскі камэрсант, колішні стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Спартак» і «Камунарка» Марат Новікаў. На яго перакананьне, нават адзін ягоны прыклад астудзіў дзелавых людзей, якія яшчэ цешыліся ілюзіямі наконт жаданьня атрымаць дывідэнды ў Беларусі:

Марат Новікаў
Марат Новікаў

«Калі з часам пра Беларусь забываюцца, і нехта, магчыма, жадае па няведаньні рызыкнуць, то ў глябальным маштабе яна нікому не цікавая. Паверце мне. Сёньня не прываблівае інвэстараў ні ў якім аспэкце. Я ня толькі пра амэрыканцаў кажу. У Нямеччыне жыве і працуе сябра, зь якім мы разам вырасьлі, а ў 1980-м ён ад’ехаў туды. Крыху займаецца палітыкай — ня зьнешняй, натуральна, унутранай. Я яму тэлефаную, запытваю: што ваш бізнэс кажа пра Беларусь? Ён перарывае на паўслове — Марат, што ты нясеш? Ніхто ні пра якую Беларусь ня ведае і думаць ня думае. Нікому яна не цікавая і не патрэбная. Можа, у самой Беларусі наіўна спадзяюцца, што яна нечага вартая, але насамрэч гэта дробная кропка на мапе Эўропы, якая ні на што не ўплывае. Вось Расея — так, сур’ёзная дзяржава з сур’ёзным ваенным патэнцыялам, з нарошчваньнем амбіцый. Як кажа сябра, многія нарэшце задумаліся. Раней, прабачце, задніцы часалі, цяпер пачалі і галовы — у сьвеце зьявілася небясьпечная балячка, язва, зь якой трэба нешта рабіць, бо яна кожны дзень разрастаецца. А Беларусь — ну, на якія працэсы яна ўплывае? У бізнэсе асабліва».

Тым часам беларускія ўлады намагаюцца дамагчыся ад Масквы зьніжак на сыравіну. Сёлета Беларусь імпартуе расейскую нафту з улікам так званага «падатковага манэўру» ў нафтавай галіне Расейскай Фэдэрацыі і рэзкага падзеньня цэнаў на нафту. Калі ў 2014-м цана нафты для беларускіх НПЗ была 340 даляраў за тону, то пасьля ўчыненых Крамлём «манэўраў» яна складае 220 даляраў. А паколькі ўсясьветныя кошты ў параўнаньні зь мінулым годам зьнізіліся ледзь не ўтрая, датычна да Беларусі, наадварот, адбылося фактычнае падвышэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG