Экспэрты нафтавага рынку прадказваюць далейшае падзеньне цэнаў на нафту: некаторыя не выключаюць, што ў 2016 годзе кошт сыравіны абваліцца да 20 ці нават 15 даляраў за барэль.
Панічныя настроі ў краінах-здабытчыках грунтуюцца на заяве арганізацыі экспартэраў нафты АПЭК аб тым, што квота на здабычу не будзе зьніжаная. Пры гэтым на сыравінны рынак пасьля працяглай «дыскваліфікацыі» вернецца такі магутны гулец як Іран.
Такія акалічнасьці даюць падставу прагназаваць, што лішак запасаў нафты захаваецца і ў наступным годзе. А гэта азначае, што існуе рызыка падзеньня цаны ажно да 20 даляраў за барэль. Некаторыя прагназуюць абвал яшчэ больш радыкальны — да 15 даляраў. Гэта пры тым, што яшчэ нядаўна лічба вагалася ў межах 50 даляраў, а пад канец 2015-га зафіксавалася на ўзроўні 36 даляраў за барэль.
Што спрычынілася да такой рэзкай зьмены на міжнародным нафтавым рынку? Колішні старэйшы эканаміст Усясьветнага банку, а цяпер галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаній British Petroleum па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў прычыну называе без ваганьняў: прапановы істотна перавышаюць магчымасьці спажыўцоў:
«Што ж адбылося? Для гэтага трэба зірнуць на пэрыяд перад мінулым годам, перад тым штормам, які абрынуўся на нафтавы рынак у 2014-м. На працягу некалькіх гадоў, нягледзячы на імклівы рост здабычы ў ЗША, на кошт нафты было глядзець досыць дзіўна — прынамсі з пазыцыі людзей, якія займаюцца аналізам рынку. Ня толькі цана была адносна стабільнай, але і валацільнасьць, зьменлівасьць коштаў у 2013-м трымалася на рэкордна нізкім узроўні за многія дзесяцігодзьдзі. Эканамісты BP называлі гэта зацішшам перад штормам і, па вялікім рахунку, такая характарыстыка выявілася правільнай. Чаму назіралася такая стабільная сытуацыя, і што зьмянілася летась? У 2014-м балянс парушыўся. Здабыча нафты ў ЗША працягвала расьці — гэта адзіная краіна ў сьвеце, якая змагла нарошчваць здабычу больш чым на 1 мільён барэляў на суткі цягам трох гадоў запар. Такога не ўдавалася нікому. Гэты рост працягнуўся ў 2014-м, і здабыча вырасла аж на 1,6 мільёна барэляў на суткі. У той жа час спынілася выпадзеньне паставак нафты з краінаў Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, стабілізаваўшыся на ўзроўні 3 мільёна барэляў на суткі. Гэта, уласна кажучы, і прывяло да ўзьнікненьня дысбалянсу на рынку нафты. Па-мойму, гэта абсалютна відавочна».
Для шараговых спажыўцоў падзеньне цаны на нафту мае станоўчы эфэкт: таньнее аўтамабільнае паліва, адпаведна, не растуць транспартныя выдаткі. Зрэшты, гэта ня тычыцца краінаў, эканомікі якіх наўпрост завязаныя на нафтаздабычу і экспарт сыравіны. Прыкладам, суседняя Расея да нядаўняга часу спаўна карысталася прыроднай рэнтай, але імклівы абвал нафтавых каціровак цягне за сабой абясцэньваньне нацыянальнай валюты.
Аўтаматычна церпіць ад хваляваньняў на нафтавым рынку і Беларусь. Вышэйшае кіраўніцтва за два дзясяткі гадоў так і ня здолела ажыцьцявіць абяцаную дывэрсыфікацыю паставак энэргарэсурсаў, вынікам чаго — наўпроставая залежнасьць ад Расеі. Нафтаперапрацоўчыя заводы скардзяцца на адсутнасьць маржы ў пастаўках нафтапрадуктаў на заходнеэўрапейскі рынак: паліва таньнее, а нафту згодна з кантрактнымі пагадненьнямі даводзіцца набываць па фіксаваных цэнах. Чым пагражае эканоміцы Беларусі расклад, пры якім нафта і надалей будзе страчваць пазыцыі? Меркаваньне выказвае экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка:
«Калі такі сцэнар рэалізуецца, у першую чаргу неабходна чакаць скарачэньня даходаў па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — у прыватнасьці, ад зьнешняга гандлю Беларусі нафтапрадуктамі. Што, у сваю чаргу, пацягне за сабой скарачэньне прыбыткаў у бюджэт па гэтай катэгорыі. Хоць менавіта ў 2015 годзе тыя пошліны, якія заставаліся ў беларускім бюджэце ад экспарту нафты, а таксама падаткі на энэргетычныя тавары, фактычна перакрылі даходы, якія выпадалі па квотах прыбытку ды іншых артыкулах. У першую чаргу гэта зьвязана зь нізкай эфэктыўнасьцю і фінансавым станам нашага рэальнага сэктару. Тое ж самае ў 2016 годзе: калі працягнецца далейшае зьніжэньне даходаў ад нафтаперапрацоўкі, давядзецца проста „рэзаць“ бюджэт, карэляваць яго, зьніжаць расходы. А так, як яно пачне ўплываць на гандлёвы балянс і рахунак бягучых апэрацый, адначасова з гэтым курс беларускага рубля, хутчэй за ўсё, будзе слабець. Калі пры гэтым ня будзе павелічэньня зьнешніх запазычанасьцяў, курс можа апусьціцца сур’ёзна. Як і ў Расейскай Фэдэрацыі».
Спробы ўрадавых чыноўнікаў дамагчыся зьніжкі ў Крамля, як і выбіць чарговы крэдыт на стабілізацыю эканамічнай сытуацыі, плёну пакуль ня маюць. Якія шанцы на тое, каб задобрыць расейскае кіраўніцтва? Эканаміст Антон Болтачка вялікага аптымізму наконт гэтага ня мае.
Каб не адпускаць, скажам так, на бясьпечную адлегласьць павадок, Масква, хутчэй за ўсё, ня будзе ісьці на істотныя саступкі Менску
«Гэта досыць складанае пытаньне — пытаньне, хутчэй, кулюарных размоваў і дамоўленасьцяў паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам. Але на сёньняшні дзень мы бачым, што і ў Расеі ня самыя лепшыя часы, хоць зразумела, што Беларусь не такая ўжо вялікая крыніца ня то інвэстыцыяў, ня то субсыдыяў з боку Расеі. Тым ня менш, дзеля таго, каб не адпускаць, скажам так, на бясьпечную адлегласьць павадок, Масква, хутчэй за ўсё, ня будзе ісьці на істотныя саступкі Менску. Хіба што толькі крыху зьнізіць цану — якраз на тле тых кан’юнктурных зьменаў, якія маюць месца. Але нейкіх глябальных зрухаў па кошце асабіста я не чакаў бы».
Дарэчы, у пацьверджаньне словаў экспэрта — першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў днямі заявіў, што нічога ня ведае пра нібыта абяцаны Беларусі крэдыт памерам 2 мільярды даляраў ад Эўразійскага эканамічнага саюзу. Таксама няма ніякіх зьвестак пра тое, каб абмяркоўвалася пытаньне пра нафтавыя зьніжкі для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.