Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На помнік Цішку Гартнаму ў Магілёве будуць зьбіраць сродкі грамадой


Памятны знак на сымбалічнай магіле Цішкі Гартнага
Памятны знак на сымбалічнай магіле Цішкі Гартнага

Магілёўскі гарвыканкам ня супраць усталяваньня помніка Цішку Гартнаму. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які з Магілёўскага гарвыканкаму прыйшоў намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігару Барысаву. Партыец зьвяртаўся да чыноўнікаў, каб высьветліць, якую пазыцыю яны маюць наконт увекавечваньня памяці пра дзяржаўнага дзеяча і літаратара Цішку Гартнага (Зьмітра Жылуновіча). Актывіст у сваім звароце казаў, што сродкі на помнік будзе зьбіраць грамадзкасьць талакою.

Ігару Барысаву адпісалі, што ягоная ініцыятыва была разгледжана на пасяджэньні камісіі па тапаніміцы і ўвекавечваньні гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва.

«Чальцы камісіі вырашылі: па-першае, імя Цішкі Гартнага ўвекавечана і ягонае імя носіць вуліца ў Магілёве. Называць сквэр у цэнтры гораду імем Цішкі Гартнага немэтазгодна. Па-другое, падтрымаць ініцыятыву па ўсталяваньні помніка», — гаворыцца ў адказе партыйцу.

Ігара Барысава паінфармавалі, што месца ўстаноўкі і эскіз помніка павінны прайсьці разгляд і ўзгадненьне на пасяджэньні архітэктурна-горадабудаўнічай рады.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Партыец задаволены пазыцыяй чыноўнікаў. Кажа, што зь імі ўдалося знайсьці паразуменьне ў важным для гісторыі гораду пытаньні.

«Магілёў абдзелены помнікамі нацыянальным дзеячам і выхадцам з нашага гораду. Калі мы давядзём гэтую справу да канца, то ў Магілёве зьявіцца помнік дзяржаўнаму дзеячу Цішку Гартнаму. На помнік трэба зьбіраць сродкі грамадой, як гэта было з шыльдай Валянціну Ермаловічу», — камэнтуе адказ чыноўнікаў Ігар Барысаў.

Надпіс на вуліцы імя Цішкі Гартнага. Псэўданім Зьмітра Жылуновіча па-расейску чытаецца пацешна
Надпіс на вуліцы імя Цішкі Гартнага. Псэўданім Зьмітра Жылуновіча па-расейску чытаецца пацешна

«Я разумею, што ў дзяржавы казна пустая і няма за што паставіць помнік Цішку Гартнаму. Але дзякуй гарвыканкаму, што хоць дазваляе, — дадае партыец. — Сытуацыя, зразумела, не нармальная. Бо калі мы кажам пра дзеячаў такога ўзроўню, як Жылуновіч, то дзяржава найперш павінна клапаціцца пра помнікі ім. А гэтага няма. Пагатоў гэтага чалавека давялі да самагубства ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Адзінае, што можа зрабіць цяпер грамадзтва, — гэта ўшанаваць ягоную памяць помнікам».

Вуліца імя Цішкі Гартнага на ўскрайку гораду — у адным са спальных раёнаў. Таблічкі з назвай вуліцы — на расейскай мове. Інфармацыйнай дошкі са зьвесткамі пра дзеяча савецкай Беларусі няма. Вуліца імя Цішкі Гартнага зьявілася ў Магілёве неўзабаве пасьля звароту Ігара Барысава.

Адзін з ацалелых карпусоў вар’ятні. У ім, магчыма, і загінуў Зьміцер Жылуновіч
Адзін з ацалелых карпусоў вар’ятні. У ім, магчыма, і загінуў Зьміцер Жылуновіч

Дакладнае месца пахаваньня Зьмітра Жылуновіча невядомае. На ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў 1989 годзе сябры мясцовай філіі «Мартыралёг Беларусі» ўсталявалі памятны знак літаратару і палітыку. Гэтая мясьціна і лічыцца сымбалічнай магілай Цішкі Гартнага. Непадалёк ад яе — вар’ятня, дзе ў 1937 годзе загінуў Зьміцер Жылуновіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG