Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба, каб тысяча беларусаў дала па 1 рублю — «Мова Нанова» зьбірае грошы


Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» абвясьцілі збор ахвяраваньняў на плятформе talaka.by. Грошы прапаноўваецца пераводзіць па сыстэме «падпіскі» — ахвярадаўца выбірае суму (1, 5, 10, 20, 50 ці 100) і дакляруе, што будзе пераводзіць яе на рахунак «Мова Нанова» штомесяц цягам году.

Адзін зь вядоўцаў курсаў Глеб Лабадзенка кажа, што сабраныя сродкі пойдуць на арэнду памяшканьняў і тэхнічнае абсталяваньне:

«Каб адкрываць курсы ў новых гарадах, мы павінны мець рэсурсы, прычым на сталай аснове. Грошы трэба на арэнду памяшканьняў, далёка не паўсюль іх даюць бясплатна і далёка не паўсюль ставяцца са спагадай, каб хаця б даць нам зьніжку. Зь дзесяці рэгіянальных гарадоў у чатырох мы плоцім арэнду. І гэта вельмі адчувальныя сумы. Кожны новы горад, апроч памяшканьня, вымагае праектар, экран для праектара, паперу і прынтар для раздруковак. Апроч таго, пры наяўнасьці сродкаў мы зможам шырэй рэклямаваць курсы і наш сайт, на якім сабрана ўжо 130 бясплатных урокаў беларускай мовы. Але людзі, якія ня ведаюць пра сайт, могуць ніколі пра яго і не даведацца. А рэкляма ў інтэрнэце таксама вымагае сродкаў. Разам з тым нашы выкладчыкі не атрымліваюць узнагароды за тое, што вядуць курсы».

Глеб Лабадзенка дадаў, што раней курсы атрымлівалі ахвяраваньні, але не на сталай аснове. А такі стан рэчаў не дазваляе плянаваць пашырэньне геаграфіі курсаў:

«Мы маем ахвяраваньні на наш рахунак. Але збольшага яны не рэгулярныя. Нам дапамог сайт menu.by — аддаў свой прыз у 3000 даляраў за перамогу ў конкурсе „Адметныя“, а таксама дакляраваў, што будзе далей падтрымліваць нас цягам 2017 году. Вялікі ім дзякуй. Але, на жаль, і гэтых сродкаў недастаткова, каб аплаціць нават цяперашнюю арэнду, ня кажучы ўжо пра адкрыцьцё новых курсаў».

Калі тое, што мы робім, — вартае, то тады людзі адшкадуюць рубель

Тое, ці зьбярэ «Мова Нанова» сродкі на сваё існаваньне, будзе ацэнкай дзейнасьці курсаў, кажа Лабадзенка:

«Я думаю, што гэта паслужыць іспытам для нас. Калі тое, што мы робім, — вартае, то тады людзі адшкадуюць рубель. А гаворка менавіта і вядзецца пра сумы ад 1 рубля ў месяц. Я спадзяюся, што набярэцца тысяча беларусаў, якія дадуць па рублю на курсы «Мова Нанова».

Глеб Лабадзенка дадаў, што ахвяраваць заклікаюць ня толькі студэнтаў «Мова Нанова», а ўсіх беларусаў, якія зацікаўленыя ў распаўсюдзе беларускай мовы і культуры.

«Разавы ўнёсак магчымы для разавых акцыяў. Але „Мова Нанова“ — гэта ня разавая акцыя. Тры гады штотыдзень у 11 гарадах адбываюцца бясплатныя заняткі беларускай мовы. Фармат нашай дзейнасьці вымагае рэгулярнага фінансаваньня, і добра, што такую форму ахвяраваньняў цяпер прапанавала плятформа talaka.by. Добра, што ня трэба абвяшчаць збор грошай кожны дзень, што, зразумела, стамляе людзей. Такая форма ахвяраваньняў, калі чалавек дакляруе, што цягам году гатовы плаціць пэўную суму, існуе ў шматлікіх краінах, так фінансуюцца як грамадзкія ініцыятывы, так і СМІ. І гэта ня плата за курсы. Мы не чакаем, што ахвяраваць будуць выключна нашы студэнты. Гэта дабрачыннасьць. Чалавек плаціць за тое, каб іншыя маглі вучыць беларускую мову, за тое, каб курсы існавалі, каб беларушчына распаўсюджвалася. Такі фармат дасьць курсам устойлівасьць».

«Мова Нанова» функцыянуе ў 11 гарадах Беларусі. Студэнцкі білет атрымалі 2100 чалавек. Штотыдзень курсы наведвае каля 600 чалавек па ўсёй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG