Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова беларускай турмы. Расказваюць былыя вязьні


Ілюстрацыйнае фота. Вязьні папраўчай калёніі № 3 у Віцебску на прагулцы
Ілюстрацыйнае фота. Вязьні папраўчай калёніі № 3 у Віцебску на прагулцы

Афіцыйнай мовай беларускай турмы лічыцца расейская. Наколькі часта гучыць за кратамі першая дзяржаўная мова краіны — беларуская? Ці бясьпечна ў няволі размаўляць па-беларуску і якія шанцы авалодаць матчынай мовай у турэмнай установе?

На гэтыя пытаньні Свабода папрасіла адказаць колішніх вязьняў беларускіх калёніяў ды турмаў.

1. Васіль, журналіст: «Беларускай мовы за кратамі ня чуў, а ў якасьці расейскай там гучаў моўны мікст»

Васіль Сямашка
Васіль Сямашка

​Журналіст Васіль Сямашка беларускай мовай валодае пасіўна, у штодзённым жыцьці карыстаецца расейскай. У другой палове 1990-х, калі ў краіне назіраўся ўсплёск нацыянальнага адраджэньня, быў асуджаны за хуліганства. Сядзеў на Акрэсьціна, «Валадарцы», у былой менскай калёніі на Кальварыйскай. У 2000-я наведаў беларускія папраўчыя ўстановы ўжо як карэспандэнт незалежных СМІ. Кажа, што ў 1990-я за кратамі беларускай мовы ня чуў. Таксама ня чуў, каб хто размаўляў на ёй і ў 2000-я, калі ў вязьніцах сядзела нямала палітвязьняў:

— Пры мне ўсе, як зэкі, так і турэмнікі, размаўлялі на так званай расейскай. Або моўным міксьце з савецкай турэмнай тэрміналёгіі (кшталту таго ж слова „зэк“ — „З/К“ — „Заключенный Контингент"), мату, блатных выразаў („феня“) ды невялікай колькасьці нэўтральнай, а калі размова ішла пра крымінальныя справы — юрыдычнай расейскай лексыкі. Па сутнасьці, у турме гучыць такая ж мова, што і на волі, з тым жа беларускім акцэнтам.

— Калі б хто зь вязьняў пачаў раптам гаварыць па-беларуску, як бы да гэтага паставіліся?

— Цалкам літаратурнай тая б мова быць не магла. Яе носьбіту так ці інакш у мэтах паразуменьня прыйшлося б выкарыстоўваць тэрміны з турэмнага арго: «прымыльнік» (рукамыйнік), «прадол» (турэмны калідор), многае іншае. Напэўна, калі б сярод вязьняў знайшоўся чалавек, які б пачаў размаўляць на добрай беларускай мове, зэкі паставіліся б да яго як да дзівака. Калі б так чалавек зьвярнуўся па-беларуску да кантралёра, то, думаю, той адрэагаваў бы на гэта спакойна і адказаў бы, зразумела, па-расейску. Калі б зьняволены пачаў патрабаваць, каб турэмнікі размаўлялі зь ім па-беларуску, то, мяркую, што ў 99% гэта было б успрынята як зьдзек з боку ЗК з рознымі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.

2. Вадзім, праграміст: «Каб пакончыць з турэмным мінулым, пільнуй культуру мовы»

Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

​26-гадовы Вадзім працуе лінгвістам-праграмістам. За краты трапіў пасьля чатырох курсаў унівэрсытэту. Выйшаў на волю летась пасьля пяцігадовай адседкі. Падчас зьняволеньня на дадатак да базавай ангельскай самастойна вывучыў беларускую, польскую ды партугальскую мовы. Усе іх выкарыстоўвае ў працы і лічыць, што менавіта моўныя заняткі, а таксама пільнасьць што да культуры мовы дапамаглі яму рэсацыялізавацца і не выдаваць сваё турэмнае мінулае.

«Культура мовы — як своеасаблівы гігіенічны фактар для жыцьцёвага посьпеху. Яго наяўнасьць ня надта моцна павышае верагоднасьць посьпеху, але ж калі моўнай культуры няма, такая верагоднасьць рэзка зьніжаецца».

Так званую «расейскую» мову беларускай турмы Вадзім называе проста жахлівай:

«Турэмныя насельнікі — гэта збольшага маладыя людзі ад 18 да 30–35 гадоў, пераважна з глыбінкі, зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй. Дэградацыя адбывалася на вачах. Калі на пачатку тэрміну яны размаўлялі на трасянцы, у якой адчуваўся добры беларускі калярыт, то зь цягам часу, абсьмяяныя больш дасьведчанымі крымінальнікамі ды турэмнікамі, яны пачыналі саромецца сваіх беларускіх словаў ды выразаў, і ў той жа час як губка ўбіралі ў сябе рознае моўнае сьмецьце, якое гучала ў тым асяродзьдзі. Расейская мова ў выніку станавілася яшчэ больш прымітыўнай, аднак беларуская фанэтыка пры вымаўленьні як была, так і застаецца. Пра пісьмовую расейскую ўвогуле маўчу. Тут памылкі ледзь ня ў кожным слове».

Ілюстрацыйнае фота. Урывак са скаргі вязьня
Ілюстрацыйнае фота. Урывак са скаргі вязьня

Паводле Вадзіма, калі б нешта залежала ад ягонай волі, ён паспрабаваў бы ўвесьці за кратамі выкладаньне беларускай мовы, хаця б на факультатыўнай аснове:

«Упэўнены, што пры добрым выкладаньні навучаньне беларускай далося б той моладзі значна лягчэй, чым расейскай. Гэтыя людзі зь дзяцінства валодаюць аўтэнтычным беларускім вымаўленьнем, маюць дастатковы слоўнікавы запас, хоць з часам гэта ўсё больш асядае на самым дне іх памяці».

Былы асуджаны ўзгадвае, што на просьбу сулягернікаў ён пакінуў у калёніі некаторыя кнігі на беларускай мове, што яму перадавалі з волі. Сярод іх кніжка з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — «Турма і здароўе» лекара і палітвязьня Юрыя Бандажэўскага, выдатныя пераклады з ангельскай твораў Артура Конан Дойля ды іншае. Пазьней адзін са знаёмых сядзельцаў напісаў Вадзіму, што ягоную беларускамоўную літаратуру зачыталі ня толькі зэкі, але і ахоўнікі, ды прасіў даслаць за краты яшчэ што-небудзь такое, бо выбар у мясцовай бібліятэцы ня надта разнастайны.

3. Мікола, анархіст: «Цікаўныя да беларускай за кратамі знайшліся б»

Мікола Дзядок
Мікола Дзядок

Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок на волі ўжо два гады. З 2010 па 2015 утрымліваўся ў розных беларускіх калёніях ды турмах. Падчас зьняволеньня размаўляў па-беларуску зь беларускамоўнымі вязьнямі, аднак такіх за ўвесь час ягонага зьняволеньня былі адзінкі. Актыўна карыстацца беларускай мовай пачаў пасьля вызваленьня.

Мікола Дзядок ня памятае, каб за кратамі здараліся якія канфлікты з прычыны таго, што нехта зь вязьняў раптам пачаў бы гаварыць па-беларуску. У любым выпадку, праяваў дыскрымінацыі ў сувязі з мовай ён ня памятае. Адзінае, чаго можна чакаць як з боку сядзельцаў, так і з боку кантралёраў, — дык гэта неразуменьня, але ня больш за тое.

«Калі б за кратамі пачалі выкладаць мову, то, думаю, знайшліся б цікаўныя, хаця б таму, што няма чаго рабіць, — кажа Мікола Дзядок. — Напрыклад, беларускамоўныя газэты, што мне прыходзілі, чытала нашмат больш за дзясятак людзей, у тым ліку зь іншых атрадаў. Падыходзілі самі, прасілі. Напачатку многія сапраўды скардзіліся, што „цяжка чытаць па-беларуску“, але ўсе роўна бралі і чыталі. Галоўнае — зьмест таго, што чытаеш, і тады ўсё пачнеш разумець, а беларуская мова стане нечым неабходным».

4. Зьміцер, эмігрант: «Усё гэта ідзе ад таго, як ставяцца да падобных пытаньняў ва ўладзе»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зьміцер Вольны за кратамі правёў гадоў дваццаць з сваіх сарака, збольшага на строгім і нават на асаблівым рэжыме. Кажа, што матчынай мовы там ня чуў ніколі. Пасьля апошняга вызваленьня зьехаў далёка за межы краіны. Сацыялізаваўся. У той краіне, дзе цяпер жыве, турэмны слэнг, які ён засвоіў у вязьніцах, нікому не патрэбны. А вось беларуская мова ў яго вельмі актыўная — на ёй размаўляе нямала яго сяброў-эмігрантаў. Грунтоўна вучыць матчыну мову Зьміцер пачаў толькі на чужыне.

«Калі ўзяць мову сучасных беларускіх зьняволеных, то, пагаджуся, гэта збольшага мова неадукаванага чалавека з малым слоўнікавым запасам, Вельмі сумна, што ў нашых турмах бракуе гуманітарнай адукацыі, ня вучаць мовам, у тым ліку і матчынай, а таксама гісторыі, традыцыям, культуры роднага народу. Такія веды вельмі працуюць на самаацэнку асобы. Ведаю нямала хлопцаў, якія за кратамі разумелі, як ім бракуе базавых школьных ведаў, ішлі ў школы пры калёніях. Аднак узровень выкладаньня там традыцыйна невысокі. Зразумела, усё гэта ідзе ад таго, як ставяцца да падобных пытаньняў ва ўладзе», — кажа Зьміцер Вольны.

Ён мяркуе, што калі б у Беларусі на тым жа строгім рэжыме нейкі асуджаны пачаў размаўляць па-беларуску, то «зэкі, калі б убачылі ў ім чалавека шчырага, паставіліся б да гэтага вельмі нармальна»:

«Магчыма, і ня ўсе, але бальшыня дакладна. А вось наконт мянтоў ня ўпэўнены. Нават на адрас тых, з чыіх вуснаў гучалі асобныя сакавітыя выразы на беларускай, ад аховы можна было пачуць: „Разгаварывай на нармальнам языке“ ды іншыя абразьлівыя заўвагі. Такое дазвалялі сабе, вядома, ня ўсе, але бальшыня дакладна. Лічу, што вязень павінен быць вельмі ідэйным чалавекам і, безумоўна, асобай, каб размаўляць у вязьніцы па-беларуску. Калі гэта такі вязень, то нават у тых умовах ён ня будзе саромецца сваёй матчынай мовы, а будзе ўдасканальваць яе».

5. Мікола, бізнэсовец: «Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб зразумець, хто ты ёсьць»

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

Двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч пачаў грунтоўна займацца беларускай мовай падчас сваіх адседак, хоць у дзяцінстве і размаўляў па-беларуску. Кожнае лета ён праводзіў у вёсцы ў бабулі, а потым дома яшчэ доўга паўсюль карыстаўся матычнай мовай. Але зь яго ўсе сьмяяліся і абзывалі калгасьнікам. Так ставіліся да кожнага, хто гаварыў не як абсалютная большасьць. Зразумела, людзі саромеліся ды пачыналі размаўляць «нармальна».

Шмат пазьней, трапіўшы ў няволю, Мікола ў сваіх лістах сябрам пісаў: «Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб зразумець, хто ты ёсьць... Мы беларусы, мы нарадзіліся не ў 1917 годзе. Нам не патрэбна гісторыя камуністаў... Мы ўжо ведаем пра сваіх продкаў...». Ён адзначаў, што ў знак павагі да іх трэба «вярнуць сваю мову, культуру ды традыцыі».

Паводле палітвязьня, усё гэта ён адкрыў для сябе менавіта ў вязьніцы, а гады, праведзеныя ў турме, сталі для яго парою «запойнага чытаньня».

Ілюстрацыйнае фота. Ліст Мікалая Аўтуховіча на волю да сябра Зьмітра
Ілюстрацыйнае фота. Ліст Мікалая Аўтуховіча на волю да сябра Зьмітра

Беларускамоўных за кратамі Аўтуховічу давялося сустракаць надзвычай рэдка. Разьвіцьцё моўных навыкаў, лічыць ён, залежыць ад таго, як шмат чалавек за кратамі чытае і наколькі ён можа займацца самастойна. Паводле палітвязьня, які падчас другой адседкі ўтрымліваўся ня толькі ў калёніі, але і на турэмным рэжыме ў Горадні, «у турме не атупець цяжэй, чым у калёніі, бо вязень знаходзіцца ў чатырох сьценах. Аднак калі ўсё добра з галавой, чалавек сам сабе вызначыць нейкі плян жыцьця ў камэры».

Паводле спадара Міколы, у гарадзенскай турме ён «налёг» на беларускую клясыку. Грунтоўнае вывучэньне мовы пачалося з твораў Караткевіча. Першымі кнігамі гэтага аўтара сталі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ды «Каласы пад сярпом тваім». Напачатку чыталася вельмі цяжка. Шмат было незнаёмых слоў, даводзілася неаднойчы перачытваць, каб зразумець. Палітвязень нават склаў уласны слоўнік да твораў Караткевіча.

«Чытаў і нават адчуваў, што бачу там сябе вось у тыя гады. І вельмі б хацелася ў тым часе пажыць. Праз тыя кнігі і прыйшоў да мовы».

6. Зьміцер, палітык, цясьляр: «Корань нацыянальнага нігілізму— у нас саміх»

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Двойчы палітвязень Зьміцер Дашкевіч размаўляў па-беларуску за кратамі ўвесь час, з усімі без выключэньня вязьнямі ды турэмнікамі. Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі таксама пісаў толькі на беларускай мове. Тычыліся яны ў тым ліку і ягонай моўнай дыскрымінацыі ў Жодзінскім СІЗА. Зьдзекі ды абразы ў гэтай сувязі ён сустракаў ня раз як ад турэмнікаў, так і ад сядзельцаў. У лепшым выпадку гэта былі прапановы-папярэджаньні: «Я цябе разумею, але гавары на нармальнай мове». У сваім турэмным апавяданьні «Гумовы тапак» ён расказаў пра выпадак, які здарыўся зь ім на пачатку 2011 году ў адной з камэраў «Валадаркі». Размаўляючы з сукамэрнікам Валодзем па-беларуску, а не на «нармальнай мове», ён атрымаў ад яго моцны ўдар па твары.

Зьміцер Дашкевіч задаецца пытаньнем: «Дык дзе ж, дзе корань нацыянальнага нігілізму?» — і адказвае: «Корань — у нас саміх!.. Перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц толькі ў гэтай камэры сядзелі тры барацьбіты за новае жыцьцё (уключна з кандыдатам на прэзыдэнта — рэд.), і ні ад кога — ні ад кога зь іх! — не пачуў Валодзя беларускага слова!

Дык а чаго мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэньня Бацькаўшчыны, тады як для адраджэньня Бацькаўшчыны ня трэба нічога — ні законы, ні Канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэньня Бацькаўшчыны трэба толькі адно — каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць... Аднак якой можна трызьніць беларусізацыяй, калі самыя пасьвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG