Апошні з вызваленых у «справе патрыётаў» расказаў, што зь ім адбывалася з раніцы і чаму журналісты яго не змаглі сустрэць каля «Валадаркі».
«Што хутка вызваляць, яшчэ раніцай ня ведаў. Спачатку павезьлі з „Валадаркі“ ў Сьледчы камітэт, там вярталі рэчы, складалі пратаколы. Таму затрымаліся. Да дому прывезьлі ў іх аўтамабілі».
Пра далейшае сьледзтва
«Пра сьледзтва ня ведаю, з матэрыяламі справы мяне не знаёмілі». Міраслаў Лазоўскі сказаў, што ён застаецца ў статусе абвінавачанага пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Пра судовыя пэрспэктывы «справы патрыётаў»
«Нават калі справа дойдзе да суду, мяркую, яна скончыцца аптымістычна. Але пра саму справу вы ўсё ж больш ведаеце, чым я. Тая інфармацыя, якой я валодаю, гэта дробязі».
Пра нібыта доказы стварэньня ўзброенага фармаваньня
«Калі б былі такія доказы, нават ня тое што доказы, а хаця б дробная ўпэўненасьць, я б тут на волі перад вамі не стаяў».
Падрабязьней «справу патрыётаў» Міраслаў Лазоўскі ня стаў камэнтаваць, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі.
Пра зьвесткі ў дзяржаўных СМІ наконт сьмяротніка, якога нібыта рыхтавалі для выбуху ў натоўпе
Расьсьмяяўся: «Цалкам верагодна, што „СБ“, якая пра гэта напісала, стане флягманам у жанры нон-фікшн. Гэта ўсё сьмешна».
Пра доступ да СМІ
Паведаміў, што ў камэры зь недзяржаўных газэт чытаў «Народную волю», «Беларускую газэту», «Літаратуру і мастацтва».
Пра ўмовы ў «амэрыканцы» і на «Валадарцы»
«Умовы былі розныя. У „амэрыканцы“ спачатку сядзеў у адзіночнай камэры, потым у камэры на 3 чалавек. А на „Валадарцы“ трапіў у камэру, дзе было 28 вязьняў. Калярытная кампанія была».
Расказаў, што ў вязьніцах працягваў займацца фізычнымі практыкаваньнямі, каб падтрымліваць добры стан здароўя.
Пра пляны на будучыню
«Зьбіраюся сустрэцца зь нявестай, Сьвятланай, яна зараз сюды прыедзе. Наконт працы ў выдавецтве — трэба спачатку пагаварыць з дырэктарам. Калі ён ня супраць, буду працягваць працаваць, чаму не».
Некалькі разоў падчас размовы з журналістамі Міраслаў Лазоўскі дзякаваў людзям за падтрымку. Ён сказаў, што ад сваякоў, сяброў і незнаёмых людзей атрымліваў шмат лістоў, якія яму вельмі дапамагалі.