Менская студыя KAVA Architects прэзэнтавала праект «лятучага гораду-сеткі» на міжнародным конкурсе амэрыканскай кампаніі eVolo, дзе вітаюцца радыкальныя рашэньні «жыцьця ў вэртыкальным кірунку». Аўтары кажуць пра праект як пра «альтэрнатыўны гарадзкі ляндшафт».
«Ідэя ў тым, што ў любога гораду ёсьць праблемы дысбалянсу, — тлумачыць Свабодзе заснавальнік KAVA Architects Сяргей Пагарэлаў. — Нейкай тэрыторыі можа не хапаць зеляніны, недзе будзе бракаваць машынамесцаў, недзе мала жытла і недзе зашмат гандлю. Адпаведна, можна празь нескладаныя вылічэньні знайсьці аптымальны балянс для кожнай тэрыторыі.
Але прыйсьці да гэтага балянсу практычна немагчыма, калі мы абмежаваныя фрагмэнтам тэрыторыі. Прынятае аднойчы рашэньне ў архітэктуры потым крайне цяжка зьмяніць. Калі горад ужо склаўся, яго нельга проста ўзяць і пераструктураваць. Трэба шукаць больш гнуткія і менш відавочныя рашэньні.
Калі была б магчымасьць зьмяніць плошчу тэрыторыі, як гэта неабходна, — гэта было б радыкальнае, простае і эфэктыўнае рашэньне. Чаму б ня ўзяць існы ляндшафт і ня выцягнуць яго па вэртыкалі, не ўтварыць альтэрнатыўны горад над горадам? Так можна захаваць існае і дадаць неабходнае».
Падобныя ідэі «гораду над горадам» можна нярэдка пабачыць у навуковай фантастыцы: унізе бедны стары горад, над ім новы багаты. І Пагарэлаў кажа, што ў канцэпце якраз хацелі не дапусьціць гэткай сэгрэгацыі. «Лятучы» горад ня мусіць быць аўтаномным і самадастатковым, а мусіць быць пераплеценым зь ніжнім. Стаць дапаўненьнем, дзе трэба, а не заменай.
«Горад-сетка» ў праекце — саманясучая канструкцыя, у нечым падобная да купалу. Аўтары мяркуюць, што патэнцыйна падобныя канструкцыі можна рэалізаваць ужо зь сёньняшнімі тэхналёгіямі і матэрыяламі. «Сетка» ўзвышаецца над горадам, злучаецца зь ім «транспартнымі» слупамі, а будынкі з паркамі на дахах «растуць уніз» жылой часткай:
«Мы зразумелі, што найлепшае рашэньне — перакуліць будынкі дагары нагамі, каб падмуркi будынкаў дасталіся расьлінам. Каб там быў лес, які стане другімі лёгкімі горада, зьбіраючы вуглякіслы газ, што падымаецца зьнізу, і спускаючы ўніз выпрацаваны кісларод. А частку будынкаў ніжэй людзі ўжо выкарыстоўвалі б пад жытло і працу. Горад над горадам атрымліваецца адлюстраваньнем».
Насельніцтва гарадоў няспынна расьце, кажа Пагарэлаў, і ўжо ў 2020 годзе давядзецца пачынаць радыкальна мяняць структуру гарадоў, бо існыя прынцыпы ня будуць задавальняць колькасьці гараджан. І цяпер зьяўляюцца кардынальна новыя тэхналёгіі ў разуменьні структуры гораду:
«Апошнія год 10 у тэорыю горадабудаўніцтва ўкараняюцца тэхнікі вылічальнага дызайну і парамэтрычнага праектаваньня. Гэта значыць, можна мадэляваць сыстэмы і прагназаваць вынікі праз аналіз мадэлі з улікам вялізнай колькасьці фактараў. На кампутарах архітэктары цяпер могуць ня толькі рабіць рысункі, але і ствараць альгарытмы і знаходзіць прынцыповыя рашэньні».
Хоць ідэя «лятучага гораду-сеткі» падыдзе і для рашэньня праблемаў Менску, Пагарэлаў прызнае: дастатковых тэхналёгіяў для яе поўнай рэалізацыі сёньня няма. Час менавіта такога рашэньня для Менску наўрад ці надыдзе ў бліжэйшыя 10, 20, 30, а то і 1000 гадоў:
«Такое рашэньне ня дасьць таннага жытла, яно вельмi дарагое. Транспартныя праблемы можна рашаць іначай, нават болей эфэктыўна. Асноўны інтарэс да такога рашэньня ў тым, што гэта ўтопія, якая дазваляе ў тэорыі вырашыць адразу ўсе праблемы неадкладна і пэрманэнтна. Што, мы цудоўна разумеем, немагчыма ў нашым недасканалым сьвеце».
Але і конкурс eVolo разьлічваецца на прынцыповыя ідэі, а ня ставіць задачу стварэньня гатовых рашэньняў. Нейкі складнік фантастычнага праекту можа атрымаць разьвіцьцё — і ажыцьцявіцца, упэўнены Пагарэлаў. Такія ідэі можна разьвіваць, увасабляць асобныя элемэнты ў сапраўдных праектах, але мо і ўвасабляць цэлы праект, калі дазволяць тэхналёгіі.
«Найперш гэта магчымасьць сысьці ад штодзённай рутыны, — кажа ён пра ўдзел у мiжнародных конкурсах. — І магчымасьць паставіць перад камандай задачу, якая дазволіць узьняць плянку. Удзел у такіх конкурсах — гэта самая простая магчымасьць расьці прафэсiйна, сустрэцца з новымі праблемамі ў вельмі сьціслыя тэрміны. Гэта той стрэс, які неабходны, каб захоўваць рост. Нарэшце, гэта вельмі захапляльна і цікава».
Так, «лятучы горад-сетка» дае праблему ценю: зьверху будзе дастаткова сонца, а зьнізу? Гэта прапануецца вырашыць праз сонечныя калектары ў сетцы, якія архітэктар называе «даволі рэальнымі» ўжо пры сёньняшніх тэхналёгіях. Калектары будуць зьбіраць сонечнае сьвятло зьверху і расьсейваць яго ўніз празь нешта падобнае да сучаснага оптавалакна. Перакіроўваць сьвятло можна з улікам таго, куды падае цень ад верхняга гораду ў дадзены момант.
Звычайна ж KAVA Architects робіць больш рэалістычныя праекты: асноўны прыбытак даюць інтэрʼеры i праекты прыватных жылых дамоў. Але кампанія намагаецца займацца архітэктурнымі рашэньнямі з элемэнтамі вылічальнага дызайну, прыносіць новыя тэхналёгіі ў канкрэтныя ўтылітарныя задачы архітэктуры. Пагарэлаў прыводзіць прыклад: у сваёй асьпіранцкай рабоце ён стварыў сыстэму, якая генэруе пляніроўку аднапавярховага жылога дому, абіраючы па зададзеных парамэтрах аптымальную камбінацыю з соцень тысячаў магчымых.