Экспэрт кіеўскага цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік падзяліўся са Свабодай меркаваньнем наконт шанцаў на тое, ці ўдасца хутка расьсьледаваць забойства журналіста Паўла Шарамета:
— Гэтае забойства здарылася на тле шэрагу трагічных падзей ва Ўкраіне і за яе межамі. Гэта неардынарная падзея, ва ўсякім разе для Ўкраіны, Беларусі, але сюды трэба далучаць і Расею.
У камэнтарах наконт гэтага забойства шмат хто зьвяртае ўвагу на сымбалізм, нават сакральнасьць гэтай ахвяры. Справа ў тым, што Павал Шарамет як журналіст ва Ўкраіне ня вызначыўся нейкімі скандальнымі выкрываньнямі.
Гэта адразу адзначалася, калі прыйшла навіна пра яго забойства. І ў гэтым дадатковы трагізм падзеі, бо выходзіць, што яго абралі як сакральную ахвяру. Каб запалохаць, даць вельмі моцны сыгнал шматлікім людзям — гэткі клясычны тэракт. Безумоўна, зьвязаны зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю, але ня з тым, што ён непасрэдна рабіў, што ён пісаў і казаў.
Што ж да пэрспэктываў сьледзтва, дык таксама варта зьвярнуць увагу на вядомыя праблемы нашай праваахоўнай сыстэмы. Найперш традыцыйныя і тыя, якія зьвязаныя зь цяперашнім этапам рэфармаваньня праваахоўнай сыстэмы. Але што дае надзею, — гэта тое, што фактычна зь першых хвілін расьсьледаваньня, як я разумею, былі і запыты, і прапановы ад ФБР. Надзея ў тым, што гэта будзе незалежны ўдзельнік расьсьледаваньня, які забясьпечыць як дапамогу, гэтак і кантроль за тым, што будуць рабіць нашы праваахоўнікі.
Карэспандэнт: Як паставіліся ва Ўкраіне да таго факту, што відэа закладаньня бомбы трапіла ў мэдыі?
— Ацэнку гэтаму ўжо далі нашы афіцыйныя асобы. Ёсьць вэрсіі проста пра некампэтэнтнасьць, жаданьне паганяцца за сэнсацыяй, ёсьць вэрсія пра матэрыяльную зацікаўленасьць і нават пра тое, што гэтак паспрабавалі дапамагчы падазроным уцячы. Але галоўнае, што такая рэакцыя наступіла адразу — гэта сьведчыць пра наяўнасьць людзей, якія на вышэйшым узроўні дэманструюць свой інтарэс у раскрыцьці злачынства.
Карэспандэнт: Калі гаворка пра сакральнае злачынства, значыць, вы дапускаеце, што забойцаў могуць увогуле не знайсьці, як часта бывае?
— Адмыслоўцы кажуць, што такія злачынствы або расьсьледуюць па гарачых сьлядах даволі хутка, або расьсьледаваньне цягнецца досыць доўгі тэрмін.
Тут трэба яшчэ ўлічваць, на каго было скіраванае гэта злачынства, гэты тэракт. Мяркую, ня столькі на ўсё ўкраінскае грамадзтва, колькі на тых расіянаў, якія прыехалі ва Ўкраіну, хаваючыся ад Пуціна.
Апошнім часам Украіна стала шмат для каго месцам прытулку: для расейскіх журналістаў, апазыцыянэраў, актывістаў. Бо тут яны маглі ня толькі схавацца ад пуцінскага рэжыму, але і рэалізаваць сябе як прафэсіяналы. Ім тут не чужое моўнае асяродзьдзе, тэматыка, якая іх хвалюе.
І, на маю думку, гэты тэракт найперш быў скіраваны на гэтую катэгорыю людзей — на тых, хто можа быць тут расейскай рэвалюцыйнай эміграцыяй. Ня ведаю, колькі іх тут, але толькі журналістаў могуць быць дзясяткі.
Што да беларускага сьледу, дык падзяляю думку, што гэта ілжывы кірунак — разглядаць беларускія спэцслужбы як выканаўцаў. Гэта наўрад ці было б гэтак жа цікава для Лукашэнкі, як для пуцінскага рэжыму.
Карэспандэнт: Такім чынам, вы не чакаеце хуткіх вынікаў расьсьледаваньня?
— Ва Ўкраіне за гэтыя пяць дзён ужо было напісана шмат самых розных меркаваньняў. Але ёсьць ацэнкі, у якіх меркаваньні ў асноўным супадаюць. Гэта тое, што не праглядаецца ніякага інтарэсу ў гэтым забойстве з боку ўкраінскай улады ці бізнэсу.
Другі момант — гэта форма, у якой гэта было зроблена. Ёсьць жа маса спосабаў, як забіць чалавека. Але быў абраны гэты — дэманстрацыйны. Плюс выкананьне было дастаткова прафэсійнае, не такое, як пры забойстве Алега Бузіны. Таму, мяркую, — улічваючы гэтыя сур’ёзныя фактары, разьлічваць на тое, што расьсьледаваньне будзе простым, не выпадае.