Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: мяне беззаконна пасадзілі і цяпер так жа беззаконна выпусьцілі


Алесь Міхалевіч, першае фота на радзіме
Алесь Міхалевіч, першае фота на радзіме

Алесь Міхалевіч адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды пасьля вызваленьня з пастарунку.

— Што з вамі адбывалася пасьля зьняцьця зь цягніка?

— Сёньня я прыехаў цягніком зь Вільні ў Гудагай, менскім цягніком, мяне высадзілі ў Гудагаі. Некалькі гадзін я знаходзіўся на памежнай заставе ў памежнікаў. Пасьля памежнікі перадалі мяне ў Астравецкі райаддзел міліцыі. Я праседзеў гадзін пяць у Астравецкім райаддзеле міліцыі, будучы афіцыйна ў статусе затрыманага. Пасьля чаго мне паведамілі, што па мне было прынята рашэньне аб зьмене меры стрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе. То бок я застаюся абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках. Але замест утрыманьня пад вартай будзе падпіска аб нявыезьдзе. Пасьля гэтага я адмовіўся падпісаць гэтую так званую падпіску аб нявыезьдзе. Яны выклікалі двух панятых, падпісалі гэтых панятых і сказалі, што я свабодны. Цяпер я знаходжуся ў Астраўцы і спрабую выехаць у бок Менску.

— Якія будуць вашы далейшыя дзеяньні?

— Буду спрабаваць атрымаць свой пашпарт, буду спрабаваць дамагчыся спыненьня маёй крымінальнай справы. Вельмі шмат чаго мяне чакае, шмат розных дзеяньняў.

— А што з пашпартам, дзе ён?

— Мой пашпарт знаходзіцца ў КДБ. Ня ведаю, ці ён у матэрыялах сьледзтва, ці ён проста ў КДБ. Але на дадзены момант я бяз пашпарта. Я прыехаў, паказаўшы беларускі вайсковы білет.

— Раней вы спрабавалі вярнуць пашпарт?

— Я пісаў хадайніцтвы аб спыненьні крымінальнай справы. Мне заўсёды адмаўлялі і казалі, каб я зьявіўся ў Менск для правядзеньня сьледчых дзеяньняў, і тады будзе прынятае далейшае рашэньне. Але пра пашпарт я ні разу не запытваўся.

— У пастарунку вам сказалі, што будуць рабіць далей з вамі? Вам трэба некуды зьявіцца? Можа, позву далі?

— Нічога мне не далі, проста ад мяне пазбавіліся. Мне далі копію пастановы аб зьмене меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, і ўсё. І сказалі, што я вольны.

— Як вы ставіцеся да такой сустрэчы на радзіме?

— Я думаю, што мяне беззаконна пасадзілі і цяпер гэтак жа беззаконна выпусьцілі. Любы юрыст разумее, што падпіска аб нявыезьдзе прадугледжвае, што чалавек павінен добраахвотна падпісаць абавязаньні нікуды не выяжджаць. Я такога абавязаньня не падпісваў і не лічу сябе скаваным якімі-небудзь абавязаньнямі.

Алесь Міхалевіч: Я зьбіраўся вяртацца заўсёды
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG