Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
«Вельмі верагодна, што ён будзе перададзены памежнымі службамі праваахоўным органам Беларусі, і таксама верагодна, што ён будзе ўзяты пад варту. Паколькі крымінальная справа ў дачыненьні да Міхалевіча ня спыненая, абраная для яго мера стрыманьня ня зьмененая, таму, фармальна кажучы, яго павінны ўзяць пад варту», — кажа праваабаронца.
«Гэта, я нагадаю, апошні фігурант па справе „19 сьнежня“, у дачыненьні да якога ня спыненая справа, таму што Статкевіч, які быў асуджаны па падзеях 19 сьнежня паводле артыкулу аб масавых беспарадках, быў толькі што памілаваны і вызвалены. Міхалевіча абвінавачваюць паводле таго ж артыкулу аб масавых беспарадках, і я баюся, што, калі мера стрыманьня ня будзе яму зьмененая, яго, паводле КПК, павіннны будуць узяць пад варту і накіраваць у Сьледчы ізалятар КДБ ці МУС. У такім разе Праваабарончы цэнтар „Вясна“, безумоўна, будзе лічыць яго палітычным зьняволеным і патрабаваць яго неадкладнага вызваленьня, паколькі Міхалевіч не зьдзяйсьняў ніякіх крымінальных злачынстваў, ён рэалізоўваў сваё права на свабоду мірных сходаў», — паведаміў ён.
Стэфановіч падкрэсьліў, што падчас судовых працэсаў па падзеях 19 сьнежня не было прадастаўлена ніякіх доказаў удзелу Алеся Міхалевіча ў біцьці шкла ці нейкіх іншых супрацьпраўных дзеяньнях.