«Словы, якія спачатку пісаліся крывёю сэрца, пераставалі што-небудзь значыць» – так некалі Альбэр Камю маркоціўся з свайго часу («Чума»).
У нас тое здарылася гадоў дзесяць таму, пасьля ўскладаньня кветак невядома каму, чаму і зь якой нагоды. Але эпоха словаў тады толькі пачалася. Словаў, якія нічога ня значаць.
Тым часам ніколі не дэвальвуюцца, не перастаюць значыць учынкі. І заўсёды выклікае захапленьне, калі чалавек, гатовы цалкам зьмяніць свой лёс, а нават і ахвяраваць жыцьцём, робячы крок у кірунку, куды кліча яго сэрца.
У свой час Алесь Міхалевіч зрабіў учынак, варты павагі – калі публічна расказаў пра катаваньні, што ўжываліся супраць удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі 2010 супрацоўнікамі аховы прэзыдэнта. Сёньняшняе вяртаньне Міхалевіча на Радзіму лёгка ацаніць таму, хто, жывучы на Захадзе, разумее, што самае дарагое ў ягоным жыцьці засталося там, за мяжой Бацькаўшчыны.
Увогуле імпануюць людзі, якія вяртаюцца, нягледзячы ні на што. Але ў выпадку з Міхалевічам сытуацыя абвостраная да краю: вярнуцца ў пекла, бо там пад пеклам – Радзіма, а гэта значыць, што яе лёс і вызваленьне з-пад гэтага пекла – справа твайго жыцьця, і не ў кабінэце, а, як кажуць журналісты, у полі.
За часы прэзыдэнцтва зь Беларусі зьехалі сотні тысяч людзей, у большасьці сваёй – жывых, разумных і неабыякавых. Магчыма, большасьць іх ня вернецца ніколі. Гэта справа прыватнага выбару і здольнасьці жыць па-за Радзімай. Таму кожнае вяртаньне – важная падзея для Беларусі, незалежна ад таго, ці скажуць пра гэта ў навінах.
Вяртаньне Міхалевіча тыпалягічна не такое, як вядомыя гучныя вяртаньні савецкіх дысыдэнтаў. Яно – не давяршэньне колішніх спраў, а пачатак нечага зусім новага. І толькі падмацоўвае адчуваньне, што дэмакратычны працэс у Беларусі адгортвае новую старонку сваёй гісторыі.
Сваім учынкам Алесь Міхалевіч падаў суайчыньнікам добры знак: абрыдлая ўсім стагнацыя ў грамадзянскай супольнасьці сканчаецца. Новая гісторыя будзе пісацца ўчынкамі, а ня словамі, якія перасталі што-небудзь значыць.