Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што адмоўна ставіцца да рашэньня Юрыя Рубцова пачаць палітычную галадоўку пратэсту і хацеў яго пераканаць гэтага не рабіць. Але Юры не паслухаўся.
Напярэдадні Юры Рубцоў патэлефанаваў Уладзімеру Мацкевічу і папрасіў яго быць перамоўнікам з уладамі па яго патрабаваньнях. А патрабаваньні такія: даць працу з заробкам 600 даляраў (сярэднім па краіне, як кажа афіцыйная статыстыка) і даць апазыцыі штодзённы эфір на дзяржаўных тэлеканалах.
Уладзімер Мацкевіч лічыць, што галадоўка з такімі патрабаваньнямі ня мае пэрспэктывы. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў пра два магчымыя фіналы: «альбо зьнясіленьне, спыненьне галадоўкі, то бок паражэньне; альбо сьмерць, гэта значыць паражэньне ў барацьбе, але са сьмяротным зыходам».
Уладзімер Мацкевіч заклікаў сваіх сяброў па Фэйсбуку дапамагчы знайсьці аргумэнты, каб адгаварыць Рубцова ад галадоўкі.
Пра сваё стаўленьне да галадоўкі Юрыя Рубцова Ўладзімер Мацкевіч кажа гэтак:
«Я маю пэўны досьвед таго, як гэтыя галадоўкі ладзяцца, і ўяўляю сабе што і як трэба рабіць дзеля таго, каб яны былі пасьпяховымі ці пераможнымі. У гэтым выпадку, на жаль, Юры пра гэта ня вельмі паклапаціўся. І наагул не захацеў гэта неяк абмяркоўваць, плянаваць і так далей. Гэта, хутчэй, эмацыйны імпульс мужнага, неабыякавага чалавека, які ня столькі дбае пра сваё здароўе, жыцьцё і так далей, колькі пра тыя прынцыпы, каштоўнасьці, дзеля якіх ён гэта робіць. Ён, хутчэй, хоча засьведчыць для грамадзянскай супольнасьці, для беларускіх грамадзянаў гэтыя праблемы, чымсьці спадзяецца на перамогу.
Я і пагадзіўся б нават на пэўныя перамовы, каб жа была магчымасьць проста прымусіць уладу да гэтых перамоваў. Баюся, што далей за гэтую ўстанову, дзе ён цяпер знаходзіцца, гэта ня выйдзе. І ўсе праблемы прыйдзецца вырашаць на месцы. А тыя патрабаваньні, якія высоўвае Юры, выходзяць за межы кампэтэнцыі тых, з кім ён будзе вымушаны весьці гэтыя перамовы без усялякага пасярэдніцтва».
Паводле Ўладзімера Мацкевіча, ведаючы характар Юрыя Рубцова і яго ўпартасьць, можна чакаць, што ён будзе ісьці да канца.
«Ён досыць апантаны чалавек. То бок калі ён нешта ўбіў сабе ў галаву,то ён гэтага і будзе трымацца. І таму маё хваляваньне было зьвязана з галадоўкай менавіта таму, што гэты чалавек здольны ісьці да пэўнай рысы. Гэта ня тое, што бываюць сымулятыўныя жэсты адчаю ў некаторых людзей у некаторых выпадках. Пра якія заранёў можна сказаць, што людзі трохі пабавяцца, пагаладаюць і потым спыняць гэтую галадоўку. Гэта, я баюся, ня той выпадак».