Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4G зьявіцца ў Берасьці, Гомелі і Магілёве цягам 2017 году


Беларускі інфраструктурны апэратар beCloud паведаміў пра заключэньне пагадненьня з харвацкім аддзяленьнем Ericsson Nikola Tesla на пастаўку абсталяваньня і разьвіцьцё сеткі LTE ў Гомельскім, Берасьцейскім і Магілёўскім рэгіёнах. Праект мае быць рэалізаваны да 2017 году.

Таксама да канца 2017 году плянуецца пакрыць LTE-сеткай Віцебск і Горадню, а да канца 2018-га — усе гарады з насельніцтвам звыш 50 тысяч чалавек.

Мабільная сувязь праз LTE-сеткі дае ня толькі на парадак хутчэйшы доступ да інтэрнэту, але і лепшую якасьць злучэньня ў руху на высокіх хуткасьцях (напрыклад у машыне) альбо ў людных месцах, а пры добрым пакрыцьці менш саджаюць батарэю тэлефона.

beCloud сьцьвярджае, што ў Беларусі LTE карыстаюцца 100 тысяч абанэнтаў (усяго абанэнтаў больш як 11,5 мільёна, бо шмат хто мае болей за адну SIM-карту).

На момант публікацыі беларуская LTE-сетка дзейнічае толькі ў Менску. Толькі два з трох мабільных апэратараў Беларусі прапануюць такое злучэньне: МТС запусьціў LTE ў сьнежні 2015 году, life:) — летам 2016-га, velcom пакуль не прапануе LTE і не абвяшчае плянаў падключэньня да сеткі.

У адрозьненьне ад 2G і 3G, сетку 4G у Беларусі будуюць не мабільныя апэратары, а напаўдзяржаўная кампанія beCloud, якая затым прадае паслугі апэратарам. Самім апэратарам дзяржава не дала частотаў для 4G.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG