У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адмовіліся праводзіць слуханьні па праблемах лячэбна-працоўных прафілякторыяў (ЛПП), якія дзейнічаюць у Беларусі ўжо колькі гадоў.
Правесьці такія слуханьні сябрам Палаты прапаноўваў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. Ён занепакоены тым, што ў ЛПП трапляе ўсё больш ягоных землякоў, пры гэтым іх знаходжаньне ў прафілякторыях часта не прыводзіць да вызваленьня ад шкоднай звычкі. Таксама Леанід Сьвецік мяркуе, што правы людзей, якіх прымусова накіравалі ў ЛПП, шмат у чым парушаюцца. У прыватнасьці, іх выкарыстоўваюць як танную працоўную сілу і трымаюць у ізаляцыі, хоць гэтыя людзі не зрабілі ніякіх злачынстваў.
Паводле закону на лячэньне ў ЛПП накіроўвае суд. Леанід Сьвецік згадаў, як прысутнічаў на такім судовым паседжаньні. Праходзіла яно, як лічыць праваабаронца, вельмі фармальна.
«Я быў на судзе, на якім было вырашана накіраваць у ЛПП трох чалавек. Гэта было зроблена ўсяго за паўгадзінкі. Па вялікім рахунку, ні ў чым не разьбіраліся. Міліцыя прадставіла ў справах па некалькі адміністрацыйных парушэньняў на кожнага, і суд палічыў, што яны вартыя прымусовага лячэньня. А цяпер, як нам вядома, у міліцыі прапаноўваюць павялічыць тэрмін лячэньня да 2 гадоў. Кажуць пра рэцыдыў у 20%, што кожны пяты праз год-два туды вяртаецца — дык, маўляў, давайце лячыць ня год, а два».
Можа, праблема ня ў тэрмінах лячэньня, а ў ягонай якасьці? — ставіць пытаньне праваабаронца.
Нарколяг зь Віцебску Ігар Пасноў ужо тры гады працуе з тымі, хто злоўжывае алькаголем. Паводле Ігара Паснова, «алькагалізм — гэта такая ж хвароба, як, прыкладам, язва страўніка, і яе немагчыма вылечыць, калі хворы не прымае пэўных лекаў і вядзе антысацыяльны лад жыцьця». Між тым у цяперашніх беларускіх ЛПП, кажа Ігар Пасноў, стаўка зробленая толькі на тое, каб паўплываць на другі фактар — выправіць лад жыцьця, а лячэньнем ніхто не займаецца.
«Ізаляцыі і працоўнай тэрапіі недастаткова, хоць для некаторых гэта таксама карысна, найперш для іхніх сем’яў. Але цяпер пайшла кампанейшчына, калі міліцыя цэлымі аўтобусамі прыводзіць гэтых людзей на камісію на ЛПП. Міліцыянты па кампутары знаходзяць, што ў чалавека ёсьць тры адміністрацыйныя прыводы, — і ўсё, ён для іх ужо кандыдат у ЛПП. А тое, што чалавек паўгода не выпівае, для іх ня важна. Яго вязуць на першую камісію, потым на другую, а там ужо суд, які ніколі не адмовіць, і ўсё — ЛПП. Мяркую, трэба мяняць сыстэму працы гэтак, каб міліцыянты працавалі зь людзьмі, а не з паперамі, ня дзеля лічбавых паказчыкаў, а каб дапамагчы пэўнаму чалавеку. А то забіраюць з працы, з дому і вязуць на камісію каго трэба і ня трэба».
Лекар Ігар Пасноў сам уваходзіць у склад мэдычнай камісіі пры шпіталі, якая вырашае, ці варта чалавеку прайсьці прымусовае лячэньне. Часам лекару даводзіцца спрачацца зь міліцыянтамі.
Забіраюць з працы, з дому і вязуць на камісію каго трэба і ня трэба
«Якраз учора была такая спрэчка. Хлопец тры разы трапіў у міліцыю з-за п’янкі, але ён не алькаголік, а проста перапіў лішняга. А для іх гэта ўжо падстава адправіць чалавека ў ЛПП. Хіба яго там выправяць? Наўрад ці», — мяркуе Ігар Пасноў.
Усяго ў Беларусі 9 лячэбна-працоўных прафілякторыяў, пераважна ў вялікіх гарадах. Утрымліваюць там больш за 8 тысяч чалавек. Каб даць працу ўсім гэтым людзям, магутнасьцяў прадпрыемстваў не хапае, і таму людзей часта возяць працаваць у вясковыя гаспадаркі, дзе заробкі вельмі нізкія. Журналіст Кастусь Мардзьвінцаў, які вывучаў праблему дэталёва, сустракаўся з чалавекам, які выйшаў з ЛПП усяго з 40 тысячамі рублёў заробку за год, бо «астатнія грошы вылічылі за харчаваньне і ўтрыманьне».
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што ЛПП не дае таго выніку, дзеля якога ў Беларусі аднаўлялі гэтую савецкую практыку.
«У нас у Віцебску два ЛПП — мужчынскі і жаночы. Калі размаўляеш з жанчынамі, якія там лечацца, то высьвятляецца, што ў іх амаль ва ўсіх узьнікла праблема зь дзецьмі — іх альбо пазбавілі, альбо хутка пазбавяць мацярынскіх правоў. Таму ў іх апатыя, яны ўжо нічога ня хочуць, у тым ліку пазбаўляцца ад алькагольнай залежнасьці. У мужчын таксама такое ёсьць. Мне распавядаў адзін чалавек, які лячыўся, што як толькі выйшаў, выпіў адразу палову бутэлькі гарэлкі, а другую палову выпіў у цягніку, якім ехаў дамоў. А там усё пачаў зноўку. А пра лячэньне сказаў, што яго зусім і не было».
Павал Левінаў мяркуе, што змагацца з алькагалізмам трэба рэальна, а не на словах, і прыводзіць у прыклад скандынаўскія краіны, дзе сьпіртныя напоі можна набыць толькі дорага і толькі ў спэцыялізаваных крамах, якія працуюць абмежаваны час. На думку ягонага калегі праваабаронцы Леаніда Свеціка, у існаваньні беларускіх ЛПП зацікаўленыя найперш міліцыянты, якая атрымалі магчымасьць маніпуляваць таннай працоўнай сілай у сваіх інтарэсах.
У траўні 2014 году ў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча журналісты спыталі пра магчымасьць скарачэньня колькасьці ЛПП. «Сёньня сытуацыя, якая склалася, не дазваляе казаць пра тое, што ў будучыні мы скароцім колькасьць ЛПП, як гэта адбылося з папраўчымі ўстановамі адкрытага тыпу», — адказаў Ігар Шуневіч.
Цяпер пра «немэтазгоднасьць» правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў аб праблемах ЛПП заявіў у лісьце да праваабаронцы Леаніда Сьвеціка старшыня камісіі Парлямэнцкага сходу па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч. Дэпутат спаслаўся на тое, што сёлета ў траўні прайшоў навучальны сэмінар, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС і дэпутаты.