Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрылансэра Кастуся Жукоўскага аштрафавалі на 1150 рублёў


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота
Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Руслан Царук прызнаў гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» і пакараў яго штрафам у памеры 50 базавых велічыняў, што складае 1150 рублёў.

«Гэта мэтанакіраваны перасьлед за маю фрылансэрскую дзейнасьць, — лічыць Кастусь Жукоўскі. — Бо ў відэасюжэце „Белсату“ пра будаўніцтва кітайцамі заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску выкарыстаныя ня толькі мае відэаздымкі, але і трох іншых агенцтваў. Тым ня менш судзілі толькі мяне аднаго».

У міліцэйскім пратаколе, які склаў старшы ўчастковы інспэктар Крук, гаворыцца, што відэасюжэт «173 дні да пуску цэлюлёзнага камбінату ў Сьветлагорску. Жыхары супраць» на польскім спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» пра будаўніцтва новага хімічнага прадпрыемства ў Сьветлагорску выяўлены падчас маніторынгу СМІ. Супольнае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасьці сульфатна-беленай цэлюлёзы адносіцца да першай клясы небясьпекі: у працэсе адбельваньня цэлюлёзы хлёрам утвараюцца атрутныя хімічныя злучэньні. Гэта выклікае занепакоенасьць і трывогу мясцовых жыхароў і эколягаў.

На фрылансэра Жукоўскага за відэасюжэты сёлета склалі звыш дзясятка пратаколаў — па артыкуле аб «незаконным вырабе і распаўсюджваньні прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». Ён адзін з 45 незалежных беларускіх журналістаў, якія трапілі пад перасьлед міліцыі за прафэсійную дзейнасьць.

Толькі з пачатку 2017 году за працу без акрэдытацыі было аштрафавана 24 беларускія журналісты на агульную суму 17 618 рублёў.

У сакавіку-красавіку Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 96 выпадкаў затрыманьня штатных і няштатных супрацоўнікаў мэдыяў, зь іх шасьцёра пацярпелі ад фізычнага гвалту з боку міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG