Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-кармазынава-белы, або Якая чырвань на сьцягу?


Герб Пагоня на Вострай Браме. Вільня, 2007
Герб Пагоня на Вострай Браме. Вільня, 2007

А мо бел-кармінава- ці бел-шкарлатна-белы? Як называюцца адценьні чырвані, адкуль само слова „чырвоны“ і чаму немагчыма перакласьці на беларускую расейскі прыметнік „алый“.

Сьцісла:

  • 8 траўня 1918 году камісія пры Народным сакратарыяце БНР ухваліла бел-чырвона-белы сьцяг як „дзяржаўны сьцяг Рэспублікі“.
  • Але адценьне чырвані не названа. А дзяржаўны стандарт на сьцяг 1991 году дае для яе 12 розных колеравых кодаў.
  • Слова чырвоны ад чарвяца Porphyrophora Polonica, фарбу зь якога ў нас здабывалі для сябе і на экспарт. Чарвец даў назву і чэрвеню.​
  • Цяпер чырвоны — назва для чырвані наагул у славянскіх мовах, акрамя расейскай.
  • Таму зноў спатрэбліася назваць адценьне той фарбы. Пазычылі з італьянскай: кармазын, кармазынавы — ад індыйскага слова для дубовага чарвяца.
  • Шляхотны цёмна-чырвоны кармазынавы колер у ВКЛ сьведчыў пра статус яго носьбіта, выкарыстоўваўся ў сымболіцы.
  • Пазьнейшы тэрмін кармін абазначаў фарбу з мэксыканскага чарвяца, але ўжываўся і як сынонім кармазыну.
  • Аўтары эталёнаў сьцяга і „Пагоні“ 1991 году называюць адценьне чырвані на іх кармінавым у процівагу „савецкай“ чырвані: „алый“, „кумач“.
  • Расейскі прыметнік „алый“ не перакладаецца дакладна на беларускую мову, як і „кумач“.
  • У. Дубоўка заклікаў адраджаць даўнейшыя прыметнікі колеру, асабліва кармазынавы. Прапанова — называць чырвань на сьцягу кармазынам.

Дзень дзяржаўнага сьцяга БНР

Знойдзены ў тэатры імя Янкі Купалы артэфакт, як мяркуецца, з Усебеларускага зьезду 1917 г.
Знойдзены ў тэатры імя Янкі Купалы артэфакт, як мяркуецца, з Усебеларускага зьезду 1917 г.

Дата 8 траўня насычана памяцьцю пра эпахальную падзею 1945 году. Але памятайма таксама, што ў гэты дзень 1918 году, як піша Ўладзімер Ляхоўскі, адмысловай камісіяй па ўвядзеньні эмблем і вонкавых знакаў пры Народным сакратарыяце БНР бел-чырвона-белы сьцяг быў канчаткова ўхвалены як «дзяржаўны сьцяг Рэспублікі».

Вось жа маем Дзень дзяржаўнага сьцяга БНР.​

Каторыя тут чырвоныя?

Але каторы чырвоны колер мае быць на беларускім нацыянальным і дзяржаўным сьцягу? У дакумэнтах БНР няма ўдакладненьня, можна меркаваць толькі ўскосна.

Як тэхнічна падабраць адценьне — клопат колеразнаўцаў, мастакоў, праграмістаў. А мы застанемся ў межах моўнага пытаньня — як яго назваць? На жаль, дэталёвае апісаньне колераў часта рэч суб’ектыўная. У межах аднае мовы ў розны час ды ў розных людзей адзін і той самы прыметнік можа абазначаць розныя адценьні і нават розныя асноўныя колеры.

Кожнаму, хто бярэцца за тэму, у дапамогу выдатная праца „Колер Беларусі“ — можна сказаць, кніга жыцьця Міхала Анемпадыстава. Ён аглядае фармаваньне колеравай сьвядомасьці беларусаў творчым вокам мастака.

Міхал слушна заўважыў, што адно пэўнае слова для абазначэньня менавіта чырвонага колеру зьявілася ў нас у параўнаньні зь іншымі позна. Бо старажытны, праіндаэўрапейскі корань руд- (параўнай літ. raudon-as і ням. rot ‘чырвоны’) стаў абазначаць крыху іншы колер — сынонім рыжага, адценьняў бурага ці цынамонавага. А для чырвані як назвы базавага колеру знайшлося іншае слова.

Носьбіт цывілізацыі — чарвец

Прыметнік чырвоны — свой, спрадвечнабеларускі. І ён нясе ў сабе ўнікальную гістарычную памяць.

Міхал Анемпадыстаў рамантычна хацеў быў лічыць пачатнаю для адпаведнае фарбы назву „кроў сьвятога Яна“ ці прынамсі адрадзіць яе. Бо акурат у чэрвені, у купальскія і сьвятаянскія дні, для яе здабывалі сыравіну. Гэта наш тутэйшы чарвец Porphyrophora polonica L. („польская кашаніль“), малая паўцьвердакрылая хобатная кузурка, што жыве на каранях расьлін менавіта ў нашым рэгіёне Эўропы. Дакладней, лялечкі самак чарвяца, якіх сушаць і таўкуць.

Чарвец Porphyrophora polonica L. У: Joannis Philippi Breynii: Historia naturalis Cocci Radicum Tincttorii quod Polonicum vulgo audit, 1731
Чарвец Porphyrophora polonica L. У: Joannis Philippi Breynii: Historia naturalis Cocci Radicum Tincttorii quod Polonicum vulgo audit, 1731

Паводле клясычнага дасьледаваньня Б. Бэрліна і П. Кея, менавіта чырвоны ў бальшыні моваў сьвету быў трэцім базавым колерам, які пасьля белага і чорнага атрымаў асобнае імя. І слова чырвоны як назва базавага колеру ў славянскіх мовах (акрамя расейскай) — ад таго самага чарвяца. Міхал Анемпадыстаў зьвяртае ўвагу менавіта на культурна-цывілізацыйнае значэньне колеравага прарыву:

…Гэта была адна зь першых тэхналёгіяў беларусаў. ...Гэта настолькі вялікі цывілізацыйны крок, што месяцу даецца назва «чэрвень», а колер атрымоўвае назву «чырвоны». Наш «Perfect Red» выдатны чырвоны, які мы самі здабылі і які застаўся ўва ўсіх славянскіх культурах“.

А прыметнік чырвоны перш быў дзеепрыметнікам ад „чарвіць“ — фарбаваць чарвяцом. Быў час, калі нашымі фарбамі надавалі тканінам колер ува ўсёй сярэднявечнай Эўропе.

Пашыранасьць чарвяца Porphyrophora polonica ў гаспадарча значных колькасьцях. Паводле Paul Mushak, 1988
Пашыранасьць чарвяца Porphyrophora polonica ў гаспадарча значных колькасьцях. Паводле Paul Mushak, 1988

Porphyrophora дала назву і шостаму месяцу году: бел. чэрвень, укр. червень, польск. czerwiеc, чэск. červen; адна з старых літоўскіх назваў — kirmėlių mėnuo (‘месяц чарвяцоў’, так у Канстантына Сірвіда). Менавіта чарвец (чэрвец, чырвец) — шосты месяц у старабеларускай мове.

Чаму б не стварыць навукова-адукацыйна-турыстычны асяродак, аднавіць цыкль вырабу тае фарбы — ад збору чарвяца да фарбаваньня шляхотнае тканіны? Але, на жаль, заслужаную для беларускай і эўрапейскай культуры кузурку ў нас не дасьледуюць. Чарвяца ўключылі ў Чырвоную (названую ў яго ж гонар!) кнігу Беларусі ў 1993 годзе, але потым выключылі, бо нават невядома, наколькі ён цяпер тут пашыраны.

Каляронімы каля колераў

Выяўлены ў каляронімах (назвах колераў) вобраз сьвету не супадае ў розных мовах. Палоску цёмных колераў, якія плаўна пераходзяць адзін у адзін, ангельская мова апіша як green — blue — grey — brown, а валійская толькі трыма словамі: gwyrdd — glas — llwyd. Прычым каляронімам glas валіец назаве ня толькі сіні/блакітны, але і бліжэйшыя да яго адценьні колераў green і gray, а прыметнік llwyd будзе азначаць шэра-брунатны колер. Гэта клясычнае псыхалінгвістычнае дасьледаваньне дацкага мовазнаўцы Л. Ельмсьлева.

Пераклад назваў колераў рэдка бывае дакладным, часам немагчыма знайсьці ідэальны адпаведнік чужому каляроніму.

„Алый“ — не „пунсовы“

Прыклад — праблема перакладу на беларускую расейскага „алый“.

Там гэта цюркізм, вельмі даўні. „Алые“ былі ярлыкі (граматы), якія ардынскія ханы давалі маскоўскім васалам. Al азначаў у крымскіх татараў сьветла-ружовы колер, а ў паўночных цюркаў — зырка-чырвоны; відаць, сэмантыка расейскага слова ад апошніх. У. Даль апісвае „алый“ як свѣтло-, ярко-красный; самаго густаго цвѣта розы, яркой (не золотистой) зари; багряный, багрецовый (не багровый)’. У слоўніках ХХ стагодзьдзя гэта сьветла-чырвоны, ярка-чырвоны колер.

„Піянэрскі парк“ аднавілі ў Ялце пасьля расейскай анэксіі. Крым, Украіна. 2020
„Піянэрскі парк“ аднавілі ў Ялце пасьля расейскай анэксіі. Крым, Украіна. 2020

У расейскай прыметнік „алый“ ужываецца часта. Ім апісваюць не без эмацыйнасьці (у слоўніках пазнака „трад.-поэт.“) сымбалічныя артэфакты — сьцягі, гальштукі, зьвязаныя з камуністычнай эпохай. Кожны савецкі школьнік абавязаны быў ведаць песьню „юных піянэраў“:

Мы поднимаем алое знамя.
Дети рабочих, смело за нами!

У 1924 годзе колер дзяржаўнага сьцяга СССР быў на пэўны час заканадаўча замацаваны як „красный (или алый)“.

У беларускай мове зь перакладам прыметніка „алый“ праблема. Укладальнікі клясычных слоўнікаў перадавалі яго проста „чырвоным“, дадавалі і кантэкставы варыянт „румяны“:

румяны, чырвоны (браты Гарэцкія, 1920)
чырвоны (Байкоў, М. Гарэцкі, 1926)
чырвоны, румяны (Некрашэвіч, Байкоў, 1928; там жа алостьчырвань, алетьчырванець)

Толькі Вацлаў Ластоўскі (1924) атаясаміў рас. „алый“ зь бел. пунсовы: „сьветла-, ярка-чырвоны; пунсовы; пунсавець, станавіцца ярка чырвоным; пунсалікі — чырвонааблічны, чырвонатвары. Пучкі ружы ўжо пунсавеюць. Пунсавее дакуль маладзее“.

Думаю, выбітны моватворца не адчуў звужэньня сэмантыкі расейскага слова пасьля Даля. Па-расейску „алые“ і „пунцовые“ шчокі кажуць пра гаспадара рознае: „алые“ — румяныя, здаровага колеру, „пунцовые“ — чырвоныя ад сораму ці хваляваньня. Па-беларуску пачырванелы ад сораму ці нездароўя твар натуральна назваць пунсовым. Але проста скура здаровага колеру не пунсовая.

У кожным разе камуністычныя сьцягі, піянэрскія гальштукі ў БССР 1920-х гадоў зваліся проста чырвонымі.

Макдональдс — Нanes red, мак-відук — пунсовы

Іншы расейскі „чырвонім“ — „пунцовый“ — ідэалягічна ня так афарбаваны. Лічыцца, што ён, як і беларускі пунсовы, ад польскага ponsowy (pąsowy), а той у сваю чаргу ад францускага ponceau ‘Papaver rhoeas; відук, мак-самасейка’. Колер у расейскай шкале выразна цямнейшы за „алый“ (‘ярко-, густо- или темно-алый, темно-багряный, багровый’ у Даля, ‘ярко-красный; багровый у слоўніках сучаснай расейскай літаратурнай мовы).

Відук (мак-самасейка) Papaver rhoeas. Köhler's Medizinal-Pflanzen
Відук (мак-самасейка) Papaver rhoeas. Köhler's Medizinal-Pflanzen

Калі беларускі прыметнік пунсовы, з аднаго боку, зьвязаны з колерам кветак відуку, а з другога — ня надта розьніцца значэньнем ад расейскага „пунцовый“, то пераклад рас. „алый“ як „пунсовы“ прынамсі недакладны.

Пралетарская кітайка

У расейскай мове яшчэ ёсьць каляронім для чырвонага — „кумач“. Таксама цюркізм. На пачатак ХХ стагодзьдзя азначаў у расейскай мове баваўняную тканіну простага перапляценьня і „алого“ (у Даля) ці зырка-чырвонага (у пазьнейшых слоўніках) колеру.

Савецкія паштоўкі пра „кастрычніцкую рэвалюцыю“
Савецкія паштоўкі пра „кастрычніцкую рэвалюцыю“

У камуністычнай Расеі слова „кумач“ стала сынонімам чырвоных сьцягоў, лёзунгаў, абрусоў для партыйных сходаў, наагул ідэйна правільнай чырвані. Але ў беларускай мове савецкае Беларусі 1920-х яно было рэдкім. Лексыкографы перакладалі яго словам „кітайка“, бо на пачатак ХХ стагодзьдзя абодва словы абазначалі простую тканіну чырвонага колеру. Але ў прапагандысцкім кантэксьце замена расейскага „кумача пролетарских знамён“ на „кітайку“ была немагчымая.

Тым часам расло ідэалягічнае напружаньне вакол моўных пытаньняў, асабліва перадачы па-беларуску камуністычных тэрмінаў і прапагандысцкіх штампаў. Ужо ў сумнавядомым слоўніку 1937 году Андрэй Александровіч перакладае рас. „кумач“, нядоўга думаючы, як „кумач“, а „алый“ — як „пунсовы“ (хоць Вацлаў Ластоўскі, аўтар прапановы, ужо быў рэпрэсаваны як буржуазны нацыяналіст). Нарэшце зьяўлялася поўная міжмоўная адпаведнасьць ідэалягічна правільных каляронімаў.

У несавецкай Беларусі „кумач“ ужывалі як экзатызм:

Дзякуй бальшавіком, што яны паміж іншымі рэчамі зьніштожылі й чарвоны кумач, а то-бы ў нас прававерныя ад маскоўскага соцыялізму насілі-б маскоўскія чарвоныя рубашкі, —

кпіў пра савецкі дэфіцыт тавараў у 1923 годзе Янка Станкевіч.

Бáгра — ня барва

Шкада, што ў нас адкладзены ў далёкую шуфляду сакавіты каляронім бáгра. Слоўнікі яго тлумачаць як ‘густа-чырвоны, пурпуровы колер’ (ТСБМ), ‘пурпур’ (Байкоў і Некрашэвіч), вочны пігмэнт „зрительный пурпур“ слоўнікі Інстытуту беларускае культуры называлі зрокавая багра. Гэта у беларускай мове сваё слова, а не царкоўнаславянізм, адрозна ад словаў у расейскай і ўкраінскай.

Багра ёсьць у гаворках: у Івана Насовіча гэта ‘пурпуровая фарба’, а багравізна — ‘пляма ад удару на целе’. У Коласа: Зь яго твару, афарбаванага баграю агнёў, ня сходзіць усьмешка — у густа-чырвоным, пурпуровым колеры ёсьць агністая нота.

Але ў ХХ стагодзьдзі гэтае колеравае значэньне пераняў іншы прыметнік — барвовы (і аднакаранёвыя барвяны, барвісты, барвяністы ).

Аднак у старабеларускай мове барва абазначала колер наагул: Барва яго чорна“; „Тканы з усіх чатырох барваў. Гэта германізм, з XV ст., ад сярэдневерхненямецкага varwe. (Адтуль жа і фарба, але слова пазычана ў іншы час.)

Другое значэньне „барвы“ — ‘вопратка з каштоўнай тканіны; шата, плашч; уніформа’: „Маскалём, што на плытах прыехалі вадою, барву правадзілі да палкоў, купілі хлеба“ (1710) — г. зн. прыплылых з усходу вайсковых забясьпечылі і ўніформай, і правіянтам (што ім, відаць, спадабалася, і ўрэшце яны засталіся назаўсёды).

Барваю называлі і кутро (ворсу) на дарагой фарбаванай тканіне. У даўніну барвовы, барвяны — гэта і ‘каляровы’, і ‘кутрысты/варсісты’):

чуга сукна люнскага блакітнага ізь пятліцамі барвяная (1582) — значыць каптан лёнданскага сукна, варсісты.

І ў ХХ стагодзьдзі слова барвісты ў клясыкаў — Міхася Зарэцкага, Максіма Гарэцкага — азначае ‘насычаны колерам’. У аповесьці Гарэцкага „Дзьве душы“ барвісты кляновы лісьцік, які Іра падаравала Абдзіраловічу, быў жоўты!

Паводле „Беларуска-расейскага слоўніка“ Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1925 год), бел. барвісты адпавядае расейскаму „ярко окрашеный“. А беларускае барвяны перакладаецца на расейскую як „румяный“, г. зн. яно толькі пра колер твару.

Аднак ужо ў 1928 годзе тыя ж Некрашэвіч-Байкоў перакладаюць рас. „багровый“ беларускімі цёмначырвоны, барвісты, барвяны. Хоць расейскія „румяный“ і „багровый“ азначаюць зусім розны колер твару і стан чалавека.

У пасьляваенную пару слова барва і вытворныя канчаткова зьвязаліся з густа-чырвоным. Караткевіч любіў прыметнікі з барвай, якую лічыў чырваньню, у яго і апавяданьне пра „Барвяны шчыт“ — колеру крыві.

Як значэньне магло так зрушыцца? Відаць, выраз „барва на скуры, на твары“ (параўн. рас. „краска бросилась в лицо“) успрымаўся як апісаньне канкрэтнага колеру. Падобна тлумачыцца зьмена значэньня слова красный у расейскай прыблізна ў XVI ст.: ад ‘прыгожы, здаровы’ (напр., колер твару) да ‘чырвоны’.

І мо шукалі адпаведнік расейскаму гнязду назваў колераў — багровый, багряный. Нішу запоўніла слова барвовы — з новым значэньнем. А старыя назвы шляхотных чырвоных, якія збліжаюць беларускую мову зь іншымі эўрапейскімі, былі адсунутыя на пэрыфэрыю мовы.

Кузурка свая, а колер экзатычны — кармазынавы

Слова чырвоны стала ўнівэрсальнаю назваю колеравай катэгорыі. Але адценьне фарбы таго самага чарвяца трэба было называць дакладна. І нашыя продкі пазычылі новае слова.

Абазначала яно бізнэс-канкурэнта нашай кузуркі — дубовага чарвяца зь Міжземнамор’я, Паўднёвага Каўказу і Пэрсіі. Бо на вялікай прасторы Эўропы і Азіі чырвоную фарбу выраблялі з чарвяца некалькіх відаў.

Станіслаў Антоні Шчука ў кармазынавым кунтушы. Невядомы мастак, каля 1735–1740. Зборы музэю-палацу ў Вілянаве
Станіслаў Антоні Шчука ў кармазынавым кунтушы. Невядомы мастак, каля 1735–1740. Зборы музэю-палацу ў Вілянаве

Этымалягічна слова таго самага кораня. Санскрыцкае kr̥mi-jā — ‘з чарвяца здабытая’ фарба, (параўн. літоўскае kirmis ‘чарвяк’), арабскае qirmizī, якое далей пазычылі цюрскія мовы (напр. крымскатат. qırmızı ‘чырвоны’) і раманскія: у сярэднявечнай лаціне cremesinus, у італьянскай carmisino. Адтуль яно і прыйшло ў іншыя эўрапейскія мовы, у тым ліку ў ангельскую (crimson). Наша ж фарба вярнулася да нас на італьянскіх тканінах, а зь імі прыйшло слова кармазын ‘тонкае сукно цёмна-чырвонага колеру’, прыметнік кармазыновы.

На пісьме словы ў нас фіксуюцца з XVI стагодзьдзя:

Жупан чырвоны адамашкавы, кармазыноваю бурнатнаю кітайкаю падшыты (1582).

Але, відавочна, іх ўжывалі і раней — таксама як сынонімы статусу і заможнасьці: кармазыновая шляхта. Гэтае ж адценьне чырвані — на даўніх харугвах.

Харугва паспалітага рушаньня Слонімскага павету. 1747
Харугва паспалітага рушаньня Слонімскага павету. 1747

(У расейскай мове фарба — „кошениль“, з францускай, а там ад лацінскага coccus ‘ягада, зернетка’, таксама лялечка дубовага чарвяца. Даль у артыкуле пра „кошениль“ не прамінуў нагоды ўбрыкнуць нашу кузурку — „плохой видъ червца, польскій, собирается у насъ, в южн. зап. — г. зн. ва Ўкраіне і Беларусі).

Кармазын, сынонім — кармін

Слова кармін у старабеларускай мове не было, яно і ў заходніх мовах замацавалася даволі позна, калі сыравіну для фарбы зь мясцовага чарвяца выціснула заморская — з Dactylopius coccus, мэксыканскай кактусавай кузуркі. Францускае carmin таго ж паходжаньня, што і carmesin. У бальшыні кантэкстаў кармазынавы і кармінавы выступаюць як сынонімы.

Але я добра разумею Ўладзімера Дубоўку, чалавека неабыякавага да моўнага колерапісу, які моцна хацеў адрадзіць да новага жыцьця менавіта прыметнік кармазынавы.

У праграмным артыкуле „Пра нашу літаратурную мову“ (Узвышша, № 2, 1927) Дубоўка, заклікаючы ўзбагачаць яе словамі з гаворак, старабеларускай мовы і прафэсійных арго, як прыклад прыводзіць акурат каляронімы:

„Прыгледзьцеся, падумайце, — колькі пашыраных слоў маем мы? — Чырвоны, сіні, жоўты, блакітны, зялёны, шэры, белы: восем колераў. У апошнія часы пайшлі ў ход: пурпуровы, лілёвы, пунсовы, рэдка — ірдзелевы і кармазынавы. Да чаго гэта вядзе? А да таго, што ў вершах і неба сіняе і вочы сінія, і туга сіняя і журба сіняя і… нямаведама што яшчэ сіняе… Або яшчэ які колер. А вось адценьняў і няма, у той час, калі ў народнай мове гэтыя адценьні ёсьць“.

Уладзімер Дубоўка ў 1920-х гг. Фота: ЦНБ НАН Беларусі
Уладзімер Дубоўка ў 1920-х гг. Фота: ЦНБ НАН Беларусі

Пяць з названых Дубоўкам колераў адносяцца да групы чырвонага. І мушу сказаць, што і аўтар закліку, і ягоныя сучасьнікі сёе-то зрабілі для іх адраджэньня ў паэтычным слоўніку:

Ведаеш добра: ты вельмi прыгожая,
вусны твае кармазынам асмужаны
.
Вочы нянацкам жыцьцё устрывожылi
i агарнулi сукрыстас
ьцю кужалю...
(У. Дубоўка. „Кармазынам асмужаны...“)

А ў душы кармазынавы росквіт, як сьцежкі, зарой
апавіты
... (П. Трус. „Ой, ня яснага сокала крыльле“)

У Насовіча, у Некрашэвіча і Байкова яшчэ кармазыновы. Але літаратурная практыка, пачынаючы з 1920-х гадоў, аддала перавагу варыянту кармазы́навы.

Заклік У. Дубоўкі паўтарае дасьледнік яго мовазнаўчай спадчыны лінгвіст Уладзімер Куліковіч: Думаецца, і сёньня слоўка кармазынавы з посьпехам можна выкарыстоўваць для называньня адценьняў чырвонага колеру.

„Чырвонімы“ на запас

Да Дубоўкавага пераліку трэба дадаць старабеларускія абазначэньні чырвонай гамы: чырвонабарвяны, бураковы, макавы, для конскай масьці — ня проста гнеды, а збурагнеды...

Запамінальны прыметнік шкарлатны (або шкарлятны), колер цёмна-чырвонай тканіны, блізкі да таго, які цяпер прынята называць пурпурам. Ян Станкевіч так і перакладае на расейскую: шкарлат — „пурпур“. Назва хваробы шкарлятына таго ж кораню, ад лац. febris scarlatina (‘шкарлятная гарачка’), апісвае колер языка. Этымалягічна роднасны шкарлату ангельскі прыметнік scarlet, але ён азначае ярка-чырвоны (ясна-чырвоны) колер.

Кармазынавы рэгіён

Тры суседнія народы, якія разам з намі ўваходзілі ў балта-чарнаморскую прастору ВКЛ і Рэчы Паспалітай, маюць чырвань на сьцягах.

На дзяржаўным сьцягу незалежнай Польшчы ў 1921 годзе яе апісалі як karmazyn, але ў 1927 годзе памянялі на сьвятлейшы cynober (па-беларуску цынобра або кінавар). Так і было да 1980 году, калі вярнулі цямнейшую чырвань.

Адценьні колераў дзяржаўнага сьцяга Літвы зафіксавалі толькі пры яго аднаўленьні ў 1989 годзе: „...чырвоны, блізкі да пурпуровага (raudona, artima purpurinei)“.

Сьцяг Латвіі. Рыга, 2015
Сьцяг Латвіі. Рыга, 2015

Асноўны колер сьцяга Латвіі апісаны ўва ўрадавым дакумэнце 1922 году: tumši sarkana (karmin)“ = цёмна-чырвоны (кармін).

Як бачым, усе гэтыя адценьні — густой чырвані.

Чырвань на нашым сьцягу

Ініцыятары вяртаньня Пагоні і нацыянальнага сьцяга на ролю дзяржаўных сымбаляў у 1991 годзе, і я ў тым ліку, адценьне чырвані грунтоўна абмяркоўвалі. Пагаджаліся, што трэба адмежавацца ад савецкай чырвані, ад „алых галстуков“ і „кумача“, а браць за ўзор уласную традыцыю.

Бел-чырвона-белы сьцяг, які ў залю ВС унесла Галіна Сямдзянава, на фоне сьцяга БССР. 24 жніўня 1991 г.
Бел-чырвона-белы сьцяг, які ў залю ВС унесла Галіна Сямдзянава, на фоне сьцяга БССР. 24 жніўня 1991 г.

Таму выбіралі сярод густых чырвоных адценьняў. Колер паласы на сьцягу мае быць ідэнтычны колеру шчыта Пагоні. Зьвярнуцца да гістарычных эталёнаў было складана: апісаньні колераў прыблізныя, колеры тэкстыльных і друкарскіх фарбаў з часам зьмяняюцца. Тым ня менш змаглі.

Пра назву колеру паласы на сьцягу я перапытаў дваіх аўтараў эталёнаў дзяржаўных сымбаляў узору 1991 году (Яўгена Куліка, на жаль, ужо няма сярод нас).

Мастакі Ўладзімер Крукоўскі і Мікола Купава адназначна называюць кармінавы. Сп. Крукоўскі кажа пра „насычаны“, „энэргічны“ кармін, а сп. Купава — пра „аблегчаны“ кармін. У іншым інтэрвію М. Купава ўспамінае: Мы нават запрашалі спэцыялістаў суконнага заводу, каб яны вырабілі тканіну менавіта такога колеру, які быў неабходны. А ён быў не аранжавы, не ружовы, як можна ўбачыць цяпер, а менавіта сьветла-бурачны“.

Фота эталёнаў герба „Пагоня“ і бел-чырвона-белага сьцяга, распрацаваных Я. Куліком, У. Крукоўскім, М. Купавам, перададзеныя ў выдавецтва „Беларусь“. 1991
Фота эталёнаў герба „Пагоня“ і бел-чырвона-белага сьцяга, распрацаваных Я. Куліком, У. Крукоўскім, М. Купавам, перададзеныя ў выдавецтва „Беларусь“. 1991

Здавалася б, гама варыянтаў вызначана даволі дакладна. Але вось Стандарт Рэспублікі Беларусі „Сьцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь. Агульныя тэхнічныя ўмовы АКП 815 773“, РСТ Беларусі 911–91, меў дзейнічаць з 1 красавіка 1992 г. па 1 красавіка 1997 г. Пункт 1.2.9:

„Чырвоная паласа сцяга павінна быць аднаго з наступных колераў: 110506, 110607, 110608, 120506, 120507, 120606, 120608, 130506, 12070, 130606, 130607, 130708 згодна з Атласам колераў УІАлегпрома ад 1986 г.“.

Загадкавы „УІАлегпрома“ — гэта „Всесоюзный центр развития ассортимента товаров лёгкой промышленности, моды и культуры одежды“, які даўно сышоў у нябыт разам зь іншым „всесоюзным“ дабром. І нават адшукаўшы той атляс, ня мецьмем гарантыі ад скажэньня колераў у ім. А пералічаныя на выбар ажно 12 даўно забытых кодаў абазначаюць вельмі розныя колеры — і „агністы“, і „чырвоны мак“, і „крывавы“... Гэта, вядома, не спрыяла аднастайнасьці выгляду дзяржаўнага сьцяга.

Што ж, насьпела патрэба спрычыненым да вырабу тых эталёнаў сабрацца — разам з кампутарнымі гуру і з вытворцамі тэкстыльных вырабаў — каб удакладніць некалі выбраны колер (ці дастаткова вузкі дыяпазон колераў), вызначыць яго месца ў сучасных калярымэтрычных сыстэмах. І назваць. Мая прапанова — кармазынавым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG