Пра выпадак паведаміла ў сваім фэйсбуку Ніка Мазуркевіч.
«Пра цэнтар друку „Аловак“ („Карандаш“), што на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Замовіла там друк запрашэньняў на цырымонію ўручэньня сёлетняй прэміі „За свабоду думкі“ імя Васіля Быкава (дарэчы, 20.06 у Бычках, на малой радзіме пісьменьніка, пройдзе імпрэза).
Сыгнальны асобнік вывелі яны, а мы нават грошы заплацілі. І тут — стоп: „Пачакайце!“. Прыйшоў „галоўны“ і згарнуў працэс.
Маўляў, трэба 30 дзён на разгляд заяўкі на замову! Гэта пры тым, што рух „За свабоду“ — зарэгістраваная арганізацыя, імпрэза дазволеная ўладамі, Быкаў — народны пісьменьнік, а зьмест запрашэньня — выключна запрашальны».
Радыё Свабода зьвярнулася ў «Карандаш» па камэнтар. Мэнэджэр па імені Аксана спачатку паспрабавала распавесьці, што прадпрыемства працуе згодна з пэўнымі правіламі, і калі ў апэратара ўзьнікае нейкі сумнеў, ён можа ўзяць заяўку на разгляд. Спадарыня Аксана паабяцала разабрацца, хто прымаў замову і зь якой прычыны адмовіў, і паведаміць пра гэта Радыё Свабода.
Гэта ня першы выпадак, калі «Карандаш» адмаўляўся друкаваць тыя ці іншыя матэрыялы. Два гады таму, напярэдадні Дзядоў, Радыё Свабода падрыхтавала мапу Ўсходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менавіта «Карандаш», што на плошчы Незалежнасьці, палічыў яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовіўся браць замову.
На этапе падрыхтоўкі да друку пытаньняў ня ўзьнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. У дзень, калі меліся друкаваць мапу, адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а Радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтар адмаўляецца іх друкаваць.