На Дзяды ваш пакорны слуга выправіўся ў навуковую вандроўку, якую арганізаваў Беларускі калегіюм. Тэма — вера Беларусі. Маршрут — вёскі Вялейшчыны. І гэтае падарожжа было адным з найцікавейшых за апошнія гады.
Я, здаецца, ня першы год у тэме беларускай гісторыі. Не адну кніжку прачытаў. Не адну перадачу паслухаў. І пры гэтым ад пачатку вандроўкі да канца адчуваў сябе нэафітам, якому адкрываецца таямніца. Нават вядомыя факты пра Унію ці пра паўстаньне Каліноўскага ўспрымаліся мною абсалютна па-новаму. І справа тут — у асобе правадніка. Культуроляг Ірына Дубянецкая.
Ніякага мэнтарства ў аповедзе. Гэта была ня лекцыя з выездам да помнікаў, а запрашэньне да супольнага дасьледаваньня. І высновы з гэтага падарожжа кожны быў вольны рабіць сам. За дзень група ў паўсотню чалавек наведала дзьве крыніцы, два магільнікі, два каменныя крыжы, два касьцёлы, дзьве царквы і тры камяні. Апісаць усю вандроўку нерэальна. Але сім-тым цікавым падзялюся. Напрыклад, я ня ведаў, што ў царкве ў вёсцы Касута, звычайнай, на першы погляд, мураўёўцы, — самы багаты ў Беларусі збор абразоў часоў царкоўнай Уніі.
І гледзячы на такіх жывых «сьвятых», адчуваеш сябе зусім ня ў нашым часе.
Для мяне было нечаканым, што пані Ірына лічыць «мураўёўкі» фактам беларускай культуры. Бо такога больш нідзе няма.
Дубянецкая: «У мяне ёсьць дзьве любімыя „мураўёўкі“. „Мураўёўку“ робіць прыгожай тое, калі яна не тынкаваная. Калі велізарныя камяні ўкладаюцца ў такі „кветкавы“ малюнак і абкладаюцца дробнымі чорнымі каменьчыкамі-разынкамі. Самая прыгожая кладка — гэта ў Лоску. А самая мая любімая мураўёўка — у Касуце. Калі вы яе сфатаграфуеце з боку апсіды, без мураўёўскіх атрыбутаў, то вы нават не здагадаецеся, што гэта „мураўёўка“. І менавіта там мы можам пабачыць, што такое беларускае культавае мастацтва».
Сапраўдным адкрыцьцём быў велізарны камень у вёсцы Камена, на беразе Вяльлі. Агромністы гранітны валун з загадкавымі выбітымі літарамі і крыжам. Навукоўцы датуюць гэтыя надпісы 11-м стагодзьдзем.
— Відаць, гэта самы старажытны помнік беларускага пісьменства. Гэта дакладна не Барысаў камень. Зусім іншы крыж, зусім іншы тэкст. Надпіс «Варацішын хрэст». Астатняе зьбіта. Гэтыя літаркі яшчэ можна пабачыць.
Але адыдзем да нашай кампаніі і зазірнем у саму вёску. Гаварыць пра магічныя камяні зь вясковымі старымі — адна асалода. Якая мова! Якія легенды! Паслухаем Леаніду Сяржант, дабрадушную, усьмешлівую гаспадыню.
— Казалі, што пад гэтым каменем закапаная залатая карэта. Тут даўна былі два браты, і яны гэта капалі, хацелі дастаць тую карэту. Капалі, капалі. Ды дзе ж хто дастане! Былі яшчэ нейкія экспэдытары, хацелі гэты камень скрануць і зьвезьці. Але пайшла пагалоска, што калі гэты камень вырваць, дык пад ім вада і нас усіх затопе. Там струмень вады небясьпечны. І болей ніхто не чапаў. Прыяжджаюць, глядзяць. Ён падаўся ўніз. Раней дзеці не маглі залазіць. А ўжо нашы ўнукі з разгону — і пайшлі наверх. А пасьля ж...мі ўніз. Усе штаны рваныя. А нехта кажа, што там залаты алень закапаны, а не карэта. Гэта ўсё даўнейшыя багатыры там рабілі. А як яно было насамрэч?..
Во якая небясьпечная зброя ў руках беларусаў. Страшнейшая за любую бомбу. Затычка ад сусьветнага патопу. Можаце сьмяяцца, але я ў гэта веру. Навукоўцы ўжо спрабавалі зрушыць гэты камень, каб перавезьці яго ў сталічны музэй валуноў. Але толькі канца таму валуну няма. Вось што кажа пра яго іншая жыхарка Камена, Альбіна. Таксама, дарэчы, з прозьвішчам Сяржант.
Альбіна: «Гэта ішла нейкая вайна. І разьбілі іх тут. І ўсіх іх тут пахавалі. А што за вайна? І ніяк не дадуць рады яго падняць. Яго і абкопвалі, хацелі зрушыць яго. І нічога».
Дубянецкая: «Бачыце, тут вам і алень, і Напалеон, і затычка сусьветная. Ніводзін камень столькі ня мае, колькі „Вараціша“».
Людзі, якія выправіліся ў падарожжа, — самыя розныя. І па ўзросьце, і па прафэсіі. Некаторыя прыехалі зь іншых гарадоў. Але аб’ядноўвае іх ня толькі замілаванасьць гісторыяй. Але і здольнасьць гэтую замілаванасьць выславіць. Вось, напрыклад, мэдсястра па імені Марыя.
— Я са сваім сынам — зь першай вандроўкі. Тут насычаны, складаны матэрыял. Але, як ні дзіўна, зразумелы і яму, і мне. Напэўна, на нейкім генэтычным узроўні. Адчуваньне, што мне распавядаюць пра мяне.
А вось паэт Аляксей Чубат.
— У першую чаргу гэта пошук. Я асабіста адчуваю патрэбу знайсьці сваю гісторыю, культуру, якую цяжка ўбачыць у кнігах, у артыкулах. Я спрабую рабіць гэта з дапамогаю гэтых вандровак. Такія паездкі, з такімі спэцыялістамі, як Ірына Дубянецкая, дапамагаюць лепш зразумець сябе. Знайсьці тую Беларусь, якую мы згубілі.
Не згубілі. Яе зьнішчылі. Гэта востра адчуваеш на нешматлікіх месцах пахаваньняў паўстанцаў 1863-га году. Ад многіх зь іх не засталося і знаку. Мы стаім каля безыменнага помніка паўстанцам у мястэчку Куранец.
Дубянецкая: «Гэта тая памяць аб паўстанцах, якая мэтадычна вынішчалася. Напрыклад, у мястэчку Ільля паставілі на сродкі нашчадкаў паўстанцаў дваццацімэтровую белую капліцу, большую за той касьцёл, з мармуровымі шыльдамі з імёнамі, пазьбіралі ўсе імёны. І калі Саветы прыйшлі, яна стаяла. І ў 60-я гады там зрабілі прызыўны пункт і разьнесьлі так, што нават падмурку не засталося. У іншых мястэчках Вілейшчыны, дзе былі пастаўленыя помнікі, Саветы прыходзілі і тыя помнікі зносілі. Зьніклі імёны, і мы іх ужо ніколі не адновім. І тое, што тут ёсьць, — тут напісана „18 паўстанцаў“, — гэта ўсё. Усё, што мы маем».
А вось у далейшым пункце нашай вандроўкі, у вёсцы Касьцяневічы, мінулая гісторыя да сёньняшняга дня адгукаецца ў дні сёньняшнім. Але пра гэта наступным разам.