Імаверную зьмену меры стрыманьня для бізнэсоўца, заснавальніка кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа, які ад сакавіка быў у сьледчым ізалятары КДБ, а 14 верасьня нібыта пераведзены пад хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе, для Свабоды пракамэнтаваў ягоны ранейшы бізнэс-партнэр Уладзімер Япрынцаў.
Япрынцаў сам нядаўна выйшаў на волю пасьля таго, як колішні сябра «здаў» яго органам, і цяпер папраўляе здароўе ў санаторыі:
— Уладзімер Генадзевіч, з розных крыніцаў паступаюць зьвесткі, што Юры Чыж адпушчаны з ізалятара КДБ і днямі нават рыхтуецца вярнуцца на працу...
— Я не цікавіўся, выйшаў ён ці не... Шчыра кажучы, на гэтую тэму не хачу нават ні гаварыць, ні думаць. Я цяпер у санаторыі, заняты зусім іншымі праблемамі. Думак пра яго дакладна няма...
— Літаральна днямі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Чыж вінен бюджэту 12–13 мільёнаў даляраў, якія мусіць вярнуць...
— Ня ведаю пра гэта, таму не магу камэнтаваць. У мяне сваё жыцьцё. А колькі каму вінен ён — паняцьця ня маю... Я ягоных дзяцей і сямʼю люблю, а пра ўсё астатняе гаварыць няма сэнсу.
— З улікам таго, што адбывалася падчас нядаўняга судовага паседжаньня, гаворка пра аднаўленьне супрацоўніцтва малаверагодная, так разумею?
— Вы задаяце пытаньне і самі абсалютна правільна на яго адказваеце. Тым больш Радыё Свабода. Карэннае тут слова — якраз свабода. Ну, а калі самі падчас суду ўсё бачылі... Прабачце, мне на гэтую тэму насамрэч ня вельмі прыемна гаварыць, таму, калі можна, я скончу, ладна?..